Лізавета Аўстрыйская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Альжбэта Габсбург»)
Лізавета Аўстрыйская
Альжбэта Габсбурская
Каралева польская, вялікая княгіня літоўская
Партрэт Альжбэты Аўстрыйскай пяра Люкаса Кранаха Малодшага
Каралева польская
Вялікая княгіня літоўская
6 траўня 1543 — 15 чэрвеня 1545
Каранацыя 8 траўня 1543
Папярэднік Бона Сфорца
Наступнік Барбара Радзівіл
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 9 ліпеня 1526, Лінц
Памерла 15 чэрвеня 1545 (18 гадоў), Вільня
Пахаваная Катэдральны касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава (Вільня)
Дынастыя Габсбургі
Муж Жыгімонт II Аўгуст
Бацька Фэрдынанд I Габсбург
Маці Ганна Ягелонка

Альжбэ́та Га́бсбург або Лізаве́та Аўстры́йская (9 ліпеня 1526, Лінц — 15 чэрвеня 1545, Вільня) — каралева польская і вялікая княгіня літоўская.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партрэт 4-гадовай каралевы Альжбэты, 1530

Была найстарэйшай зь 15 дзяцей імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Фэрдынанда I Габсбурга і Ганны Ягелонкі, дачкі Ўладыслава II Ягелончыка. Ад калыскі яе рыхтавалі да шлюбу з Жыгімонтам Аўгустам.

Ужо ў 1527 бацька пачаў перамовы з Польшчай наконт шлюбу. Польскай мовай, тым ня меней, Альжбэта не авалодала: праўдападобна, з мэтай мець у якасьці перакладніка пры кракаўскім двары яшчэ аднаго шпіёна Габсбургаў.

Паколькі Альжбэта і Жыгімонт II былі стрыечнымі сваякамі (Казімер IV Ягелончык быў прадзядулем Альжбэты і дзядулем Жыгімонта), 24 жніўня 1531 року дазвол на шлюб(en) выдаў папа Клімэнт VII. Шлюб 17-гадовай Альжбэты з 23-гадовым Жыгімонтам адбыўся 6 траўня 1543 року на Вавэлі. Бона Сфорца была нязгодная з гэтым шлюбам, паколькі намагалася супрацьстаяць нарастаючаму ўплыву Габсбургаў.

Шлюб быў нешчасьлівы. Недасьведчаная, нясьмелая маладая Альжбэта не прываблівала караля. Сытуацыю пагаршала невылечная хвароба каралеўны, эпілепсія, якая канчаткова адштурхнула ад яе мужа. На працягу ўсяго шлюбу Жыгімонт Аўгуст здраджваў жонцы, у тым ліку з Барбарай Радзівіл. Адначасна Бона Сфорца выказвала каралеўне сваё адмоўнае стаўленьне. Адзінай асобай, якая ставілася да Альжбэты з сымпатыяй, быў кароль Жыгімонт Стары.

Чаканага ў Вене і Кракаве ў сувязі з гэтым шлюбам збліжэньня паміж дзяржавамі Габсбургаў і Ягайлавічаў не адбылося. Стаўленьне да аўстрыйскай прынцэсы пры польскім двары было выключна непрыязным. Увосені 1544 Альжбэта разам з мужам выехала на Літву. Сужэнцы замешкалі ў Вільні. Пэўны час кароль паказваў выгляд наладжваньня стасункаў з жонкай. У рэальнасьці ён ужо моцна быў заангажаваны ў стасункі з Радзівілавай.

Увесну 1545 року стан здароўя Альжбэты пагоршыўся, усё часьцей яе мучылі прыступы эпілепсіі. На пачатку чэрвеня 1545 Жыгімонт Аўгуст выехаў у Кракаў атрымаць Альжбэцін пасаг, пакінуўшы яе ў Вільні. 15 чэрвеня маладая каралева памерла, змучаная шэрагам прыступаў хваробы, не дажыўшы да 19 гадоў. Пахаваная 24 жніўня 1545 у віленскай катэдры побач са стрыем свайго мужа, Аляксандрам Ягелончыкам, які прыходзіўся ёй братам ейнага дзядулі.

Дзяцей у шлюбе не было. Трэцяй жонкай Жыгімонта Аўгуста ў 1553—1572 роках была Альжбэціна сястра Кацярына Аўстрыйская.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Генэалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Філіп I
Прыгожы

22.VI.1478—
25.IX.1506
Хуана
Вар’ятка

6.XI.1479—
12.IV.1555
Уладыслаў II
Ягелончык

1.III.1456—
13.III.1516
Ганна
дэ Фуа

пасьля 1469—
26.VII.1506
         
     
  Фэрдынанд I
Габсбург

10.III.1503—
25.VII.1564
Ганна
Ягелонка

23.VII.1503—
27.I.1547
     
   

Жыгімонт II
Аўгуст

1.VIII.1520—
7.VII.1572
OO  5.V.1543
Альжбэта
Аўстрыйская

9.VII.1526—
15.VI.1545

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е Deutsche Nationalbibliothek Record #129883514 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Duczmal M. Jagiellonowie. Leksykon biograficzny. — Poznań-Kraków: 1996. — С. 215—222. — ISBN 83-08-02577-3
Папярэднік
Бона Сфорца
Каралевы польскія
1543—1545
Наступнік
Барбара Радзівіл