Перайсьці да зьместу

Адраджэньне габрэйскай мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Адраджэньне габрэйскай мовы — ператварэньне габрэйскай мовы ў Эўропе ды Ізраілі цягам XIX—XX стагодзьдзяў з мовы набажэнстваў у паўсядзённую, гутарковую ды пісьмовую мову. Ставілася ў якасьці адной з задачаў сіянісцкага руху ды Дзяржавы Ізраіль ад заснаваньня ў 1948 годзе. Суправаджалася перайманьнямі з жыдоўскай мовы.

Існаваньне габрэйскай мовы пацьвярджаецца з X стагодзьдзя да н. э. да I стагодзьдзя н. э. Надалей да 1880-х гадоў яна ўжывалася толькі ў якасьці малітоўнай, пісьмовай ды службовай мовы[1]. У Сярэднявеччы захоўвалася праз ужытак у набажэнствах кнігаў Старога Запавету (Пяцікніжжа, кнігі прарокаў, Найвышэйшая песьня Саламонава, кніга Рут, Плач Ераміі, кніга Прапаведніка, кніга Эстэр і Псальмы) ды Мішны. Працягвала ўжывацца юдэйскімі сьвятарамі пры напісаньні меркаваньняў аб Талмудзе. Габрэйскае вымаўленьне галосных і зычных гукаў захоўвалася дзякуючы прамаўленьню ў юдэйскіх храмах.

Адраджэньне пісьменства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Саламон Абрамовіч (псэўд. Мэндэль Сфорым, нар. у Капылі)

Першыя дзесяцігодзьдзі адраджэньня мовы габрэйскае пісьменства ўзнаўлялася ў гарадах Эўропы. Жыдоўскія асьветнікі XVIII—XIX стагодзьдзяў ужывалі ў сваіх творах выключна слоўнік Старога Запавету ды дзеля большай шанаванасьці надавалі перавагу квяцістым выразам з найрадзей ужыванымі словамі. У 1886 годзе Саламон Абрамовіч (псэўд. Мэндэль Сфорым; 1836—1917, нар. у мястэчку Капылі, Слуцкі павет, Менская губэрня) пачаў ужываць і слоўнік юдэйскіх сьвятароў Сярэднявечча разам з сынтаксісам эўрапейскіх моваў. Ад гэтага часу па-габрэйску выдаваліся навуковыя кнігі, газэты й часопісы ды вяліся пасяджэньні сіянісцкіх згуртаваньняў. У 1900-я гады ў выніку перасяленьня габрэйскае пісьменства пачало пашырацца ў Палестыне.

Адраджэньне гутарковай мовы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Першая габрэйскамоўная школа ў Рышон Леціёне (Цэнтральная акруга Ізраіля)

Пашырэньне габрэйскай мовы ў якасьці паўсядзённай, гутарковай пачалося ў Палестыне з адкрыцьця габрэйскамоўных школаў у паселішчах перасяленцаў першай хвалі прасоўваньня 1881—1903 гадоў. Першая такая школа адчынілася ў 1886 годзе ў Рышон Леціёне (12 км на поўдзень ад Тэль-Авіва). На сходзе ў 1903 годзе 60 настаўнікаў габрэйскай мовы ўтварылі зьвяз. У час другой хвалі прасоўваньня 1904—1914 гадоў габрэйская мова стала ўжывацца на сходах замкнёных грамадаў маладых перасяленцаў. У 1909 годзе яны заснавалі габрэйскі горад Тэль-Авіў, дзе габрэйская сталася гутарковай, як і мовай кіраўніцтва гораду, вулічных знакаў ды грамадзкіх абвестак. Цягам гэтага адцінку Сусьветны сіянісцкі зьезд зрабіў габрэйскую сваёй службовай мовай, настаўнікі для адзінства правапісу ды маўленьня ўзнавілі Раду габрэйскай мовы (пазьней Акадэмія), пачалося выданьне габрэйскамоўных падручнікаў. У 1912 годзе ў Хайфе заснавалі Ізраільскі тэхналягічны інстытут. У 1915—1948 гадох брытанскага кіраваньня габрэйская сталася адной з моваў справаводзтва ў Палестыне, што прывяло да заснаваньня Жыдоўскага легіёну (1917), Габрэйскага ўнівэрсытэту (1918, Ерусалім) ды Агульнага зьвязу працаўнікоў Ізраілю (1920).

  1. ^ Хаім Рабін Кароткая гісторыя габрэйскай мовы = па-ангельску: A Short History of the Hebrew Language / Ада Земах. — Ерусалім: Jewish Agency and Alpha Press, 1973. — 86 с.