Перайсьці да зьместу

Абхаская чыгунка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Станцыя Бзыпта
Вакзал станцыі Сухумі

Абхаская чыгунка (Аҧсны Аиҳаамюа) — дзяржаўная транспартная кампанія, якая займаецца абслугоўваньнем і эксплюатацыяй чыгунак Рэспублікі Абхазія. Даўжыня 221 км. Уяўляе сабою чыгуначную магістраль, якая працягнулася праз усю краіну ад ст. Псоў (абхаска-расейская мяжа) да ст. Інгур (абхаска-грузінская мяжа) па ўзьбярэжжы Чорнага мора, а таксама галіна АчамчыраТкварчал. Дарога аднапутная, двухпутных участкаў няма. У 1950—1960-х гадах усе ўчасткі чыгункі былі электрыфікаваныя, у цяперашні час электрыфікацыя захавалася толькі на ўчастку ПсоўСухумі. Участак АчамчыраСухумі цалкам дээлектрыфікаваны ў 2007 годзе. Пасажырскі рух у цяперашні час зьдзяйсьняецца ад ст. Псоў да ст. Сухумі. Чыгуначнае палатно ў Гальскім раёне і на галінцы АчамчыраТкварчал разабранае ад ст. Ачыгуара да ст. Інгіры (Грузія).

Увесь рухомы састаў знаходзіцца ў моцна зношаным стане і патрабуе сьпісаньня альбо капітальнага рамонту. На дадзены момант на дарозе курсуе прыгарадны цягнік Сухумі — Гудаута. Раней курсавалі прыгарадныя цягнікі Сухумі — Псоў, Сухумі — Сочы, якія былі адмененыя пасьля аварыі на цягавай падстанцыі ў пас. Цандрыпш.

Таксама ходзяць бесьперасадкавыя вагоны МаскваСухумі разам зь цягніком №76/75 АдлерМасква фармаваньня Паўночна-Каўкаскай чыгункі.

п. п. Псырцха

Да 1991 году чыгункі на тэрыторыі Абхазіі ўваходзілі ў склад Закаўкаскай чыгункі. Абхаскі ўчастак абслугоўвала Сухумскае аддзяленьне Закаўкаскай чыгункі, а затым Грузінскай чыгункі. У Сухумі знаходзілася пасажырскае вагоннае дэпо ЛВЧД-1, маторвагоннае і лякаматыўнае дэпо. Пасажырскія і грузавыя цягнікі абслугоўваліся лякаматывамі ТЧ Сухумі і ТЧ Самтрэдыа (Грузія).

Пасьля распаду СССР ЗКВЧ таксама падзялілася на Грузінскую, Армянскую, і частка адышла да Азэрбайджанскай чыгункі. Грузінскія ўлады сталі пераназываць станцыі, замяняючы расейскія і абхаскія назвы на грузінскія. Так, Грэбяшок ператварыўся ў Тхемі, Звандрыпш — у Шавцхела, Арсаул — у Санапіра, Адзюбжа — у Цкургелі. Пасьля 1993 году некаторыя станцыі ізноў перайменавалі.

У 1992 годзе прычынай уваходу войскаў Дзяржсавету Грузіі на тэрыторыю Абхазіі была названая менавіта неабходнасьць аховы чыгункі. У самым пачатку баявых дзеяньняў быў падарваны чыгуначны мост праз раку Інгуры (які пасьля не рамантаваўся), і скразны рух праз Абхазію быў спынены. У момант уварваньня ў дарозе знаходзіўся цягнік Сочы — Ерэван, пасажыры якога сваім ходам змушаныя былі дабірацца ў Расею, а сам цягнік быў кінуты і спалены падчас баявых дзеяньняў.

У ходзе вайны чыгуначнае палатно было моцна пашкоджанае, аднак пасьля было часткова адноўленае і выкарыстоўвалася для перавозкі войскаў міратворчага кантынгенту. Быў адчынены рух прыгарадных цягнікоў з Сухумі да Псова, Ачамчыры і Ткуарчала. У сувязі зь недахопам сродкаў чыгунка знаходзілася ў аварыйным стане і паступова руйнавалася. У 2002 годхе з рэек сышоў цягнік з расейскімі міратворцамі.

25 сьнежня 2002 году ўпершыню з пачатку вайны быў адкрыты рух з Абхазіі ў Расею (прыгарадны цягнік Сухумі — Сочы). У 2004 годзе сіламі Расеі быў выраблены капітальны рамонт участку шляху Псоў — Сухумі і 25 верасьня 2004 году адкрыты рух бесьперасадкавых вагонаў па маршруце Масква — Сухумі. Вагоны адпраўляюцца з Курскага вакзалу зь цягніком № 75/75 Масква — Адлер. Затым склад зь некалькіх вагонаў Масква — Сухумі ідзе да памежнай станцыі Вясёлае. На станцыі Адлер група прычапных вагонаў становіцца цягніком № 627/628 і ідзе да Сухумі. На тэрыторыі Абхазіі цягнік мае прыпынкі Псоў (тэхнічны), Цандрыпш, Гагра, Гудаута, Новы Афон.

Вакзалы на ўсіх станцыях Абхаскай чыгункі закінутыя і руйнуюцца.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]