Інгуры
Інгуры (па-грузінску: ენგური, па-абхаску: Егры, Egry) — рака на Заходнім Каўказе, цячэ ў асноўным у Заходняй Грузіі, у ніжнім цячэньні працякае па грузіна-абхаскай мяжы. Даўжыня 213 км, плошча басэйну 4060 км². Жыўленьне ледніковае і дажджавое. Сярэдні гадавы расход вады зблізку вусьця складае 170 м³/сэк. Паводка з сакавіка па верасень. Сплаў лесу. Воды абмежавана выкарыстоўваюцца для арашэньня. Рака адыгрывае вялікую ролю для эканомікі Грузіі. На Інгуры разьмешчаная Інгурская ГЭС магутнасьцю 1300 МВт. Яна была ўведзеная ў эксплюатацыю ў 1987 годзе і забясьпечвае каля 40% патрэб Грузіі ў электраэнэргіі.
Бярэ пачатак некалькімі вытокамі зь ледавікоў Галоўнага, або Водападзельнага, хрыбта Вялікага Каўказу, асноўны выток знаходзіцца на паўднёвым схіле гары Шхара, ля аднайменнага ледавіка, іншыя — у сьнежніках на схілах Эльбрусу і Ўшбы. У вярхоўях цячэ па Сванецкай катлавіне, ніжэй — у глыбокай і вузкай цясьніне, затым у даліне, якая паступова пашыраецца; ля гораду Джаўры выходзіць на Калхідзкую нізіну. Упадае ў Чорнае мора.
Пасьля пачатку грузіна-абхаскага канфлікту абодва бакі трымаюць узброеныя сілы на берагах ракі. Таксама там разьмяшчаюцца міратворчыя сілы Расеі. Адзіным легальным пунктам пераходу зьяўляецца Інгурскі мост даўжынёй 870 мэтраў, пабудаваны ваеннапалоннымі немцамі ў 1944—1948 гадах. Таксама цераз раку пракладзена некалькі нелегальных пераправаў.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ингури // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.