Іван Вазаў
Іван Вазаў | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 9 ліпеня 1850[1]
|
Памёр | 22 верасьня 1921[3][4][5][…] (71 год) |
Пахаваны | |
Бацькі | Мінча Вазаў[d] Саба Вазава[d] |
Сужэнец | Аціна Балярская[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, навэліст, пісьменьнік, драматург, судзьдзя, перакладнік, палітык, празаік, крытык |
Жанр | эпас і лірыка |
Мова | баўгарская[7] |
Узнагароды | |
Іван Мі́нчаў Ва́заў (па-баўгарску: Иван Вазов; 9 ліпеня 1850, Сопат, Асманская імпэрыя, сучасная Баўгарыя — 22 верасьня 1921) — баўгарскі пісьменьнік, клясык баўгарскай літаратуры.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і гандляра. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай школе. У 15-гадовым веку выпраўляецца вучыцца ў Калофер. Праз год Вазаў вучань гімназіі ў Плоўдзіве, захапляўся паэзіяй. У 1868 г. бацька ненадоўга адклікае сына дадому, але хутка пасылае яго ў Румынію да свайго брата — на стажыроўку ў гандлярстве. Тут Іван Вазаў піша вершы, якія друкуе ў эмігранцкай баўгарскай пэрыёдыцы, а гандлем зусім не цікавіцца. Урэшце ён перабіраецца ў горад Браіл, дзе трапляе ў асяродзьдзе баўгарскіх рэвалюцыянэраў-эмігрантаў і пераймаецца іх патрыятычнымі настроямі, ідэяй узброенай барацьбы за вызваленьне Баўгарыі з асманскага ярма. У Браіле, а затым у Галацы Вазаў сустракаецца з Хрыстам Боцевым, а таксама зь іншымі баўгарскімі пісьменьнікамі-рэвалюцыянэрамі. У 1872 г. Вазаў вяртаецца ў Баўгарыю, нейкі час працуе на поўдні краю настаўнікам, затым каля двух гадоў перакладчыкам у францускіх і нямецкіх інжынэраў на будаўніцтве чыгункі Сафія — Кюстандзіл. У 1875 г. перабіраецца ў Сопат і ўступае ў адноўлены мясцовы рэвалюцыйны камітэт. Баўгарыя рыхтуецца да ўзброенага паўстаньня. У гэты час акрэсьлілася творчае крэда Вазава як паэта-грамадзяніна, рэвалюцыянэра й патрыёта. Паўстаньне было падрыхтавана слаба, пачалося заўчасна (у красавіку 1876) і было разгромлена. Баючыся арышту, Вазаў выехаў у Румынію, дзе выдаў — пад псэўданімам Пейчын — першую кнігу вершаў «Сьцяг і гусла» (1876). Праз год — пад уласным імем — зборнік паэзіі «Пакуты Баўгарыі», яшчэ праз год — зборнік «Вызваленьне», прысьвечаны расейска-турэцкай вайне, у якой удзельнічалі й баўгарскія апалчэнцы. Зьвязваючы надзеі на вызваленьне з Расеяй, Вазаў вітае прыход расейскага войска вершам «Здраствуйце, братушкі!». Ён працуе пісарам пры губэрнатары ў Сьвіштове, пасьля каля году пражыў у горадзе Русе, а вясной 1879 стаў старшынём акруговага суда ў Бярковіцы. Увосень наступнага году знаходзіць прыстанішча й працу ў Плоўдзіве. Разам з Канстанцінам Валічкавым на працягу пяці гадоў выдае газэту «Народны голас», выступае як публіцыст і крытык, удзельнічае ў грамадзкім і культурным жыцьці маладой Баўгарскай дзяржавы. 3 1886 рэдагуе навукова-літаратурны часопіс «Навука».
У Плоўдзіве Вазаў стварае «Эпапею забытых» — цыкль патэтычных одаў у гонар выдатных герояў нацыянальна-вызваленчай барацьбы. З-пад яго пяра выходзяць і клясычныя ўзоры баўгарскай грамадзянскай лірыкі: «Свабодзе», «Новыя могілкі над Сьліўніцай», «Не гасі тое, што не гасьне», «Баўгарская мова». На плоўдзіўскі пэрыяд жыцьця прыпадае пачатак працы Вазава-празаіка. За прозу ён бярэцца, змушаны цяжкімі матэрыяльнымі абставінамі. Але ўжо першая аповесьць «Мітрафан» (1881, пазьней названа «Мітрафан і Дармідольскі»), у аснове якой — успаміны з жыцьця ў гарадку Бярковіцы, засьведчыла наяўнасьць бэлетрыстычнага таленту. Асабліва гэта пацьвердзілі дзьве наступныя аповесьці: «Беспрытульныя» — пра жыцьцё баўгарскіх рэвалюцыянэраў-эмігрантаў у Румыніі, і «Дзядзькі» — пра дзяцінства пісьменьніка ў Сопаце ў акружэньні па-народнаму калярытных чалавечых характараў і тыпаў.
Увосень 1886 г. Іван Вазаў быў вымушаны пакінуць радзіму. Прычына — рэзкае ўзмацненьне антырасейскіх настрояў у афіцыйных колах Баўгарыі й небясьпека быць арыштаваным. Колькі месяцаў ён жыве ў Стамбуле, пасьля апынаецца ў Адэсе, дзе ў якасьці палітычнага эмігранта жыве са студзеня 1887 да сакавіка 1889. 3 Адэсы ён робіць паездкі ў Кіеў, Пецярбург, Маскву, глыбей знаёміцца з жыцьцём Расеі й з расейскай літаратурай.
У Адэсе Вазаў піша раман «У ярме». Вярнуўшыся ў 1889 годзе на радзіму, друкуе яго ў сэрыйным выданьні міністэрства народнай асьветы «Зборнік для народнай творчасьці, навукі й літаратуры» (1889-90). Пад загалоўкам кнігі аўтар пазначыў: «Раман у трох частках з жыцьця баўгар напярэдадні Вызваленьня». Гэта раман пра падрыхтоўку, пачатак і разгром Красавіцкага паўстаньня, нарастаньне рэвалюцыйнай сытуацыі ў краіне, пра тое, як простыя людзі — рамесьнікі й сяляне, настаўнікі й урачы — пранікаліся ўсьведамленьнем нацыянальна-вызваленчай барацьбы, высьпявалі да ідэі паўстаньня і ўліваліся ў баявыя аддзелы. Падзеі ў рамане адбываюцца на працягу году — ад вясны 1875 да вясны 1876, калі паўстаньне было задушана. У цэнтры ўвагі — лёс, учынкі, клопаты й думы маладога баўгарына Бойчы Агнянава; ён прафэсійны рэвалюцыянэр, змагар і бунтаўнік па натуры, сьвядомы й перакананы вораг асманскай дэспатыі. 3 цеплынёй і любасьцю абмаляваны вобразы яго паплечнікаў. У процівагу ім выразна пададзены ў рамане вобразы тых, каго доўгая няволя й падачкі чужынцаў-заваёўнікаў зрабілі халуямі й здраднікамі. У невысокай палітычнай і маральнай сьвядомасьці многіх суайчыньнікаў бачыць Вазаў адну з прычын няўдачы паўстаньня. У рамане маляўніча апісаны народны побыт баўгараў, іх гаспадарчы ўклад, звычаі й традыцыі, фальклёр, а перад усім — непаўторна-калярытныя народныя характары. Па-майстэрску абмаляваны гарадзкія й сельскія дамы й падворкі, манастыры й цэрквы, заезныя дамы, корчмы, кавярні, цырульні, горы й цясьніны, лясы й дубровы. Мова рамана жывая, эмацыйная, лексычна й фразэалягічна свабодная, зь пераходамі ад строгага й дакладнага рэалістычнага пісьма да фальклёрна-бытавой вуснамоўнай стыхіі й да адкрытай публіцыстычнасьці[8].
3 1889 г. Вазаў пастаянна жыве ў Сафіі. Плённа працуе ў паэзіі (кнігі «Песьні вандроўніка», 1899, «Пад нашым небам», 1900, «Пад гром перамогі», 1914, «Запахнуў мой бэз», 1917, «Новыя водгукі», 1917, «Не загіне!», 1920, і інш.). У вершах, напісаных на сумежжы стагодзьдзяў, востра праяўляецца крытычна-выкрываўчы патас. Пасьля рамана «Ў ярме» напісаны раманы з сучаснага жыцьця баўгар «Новая зямля» (1896) і «Казаларская царыца» (1903), гістарычны раман з эпохі канца XIII стагодзьдзя «Сьвятаслаў Тэрцер» (1907), аповесьці «Іван Аляксандар» (1907), «Нора» (1908), кнігі апавяданьняў «Драпіны й плямы» (1895, у 2-х т.), «Бачанае й чутае» (1901), «Стракаты сьвет» (1902) і інш. Названыя раманы й аповесьці ня сталі новым мастацкім дасягненьнем, затое апавяданьні, асабліва кароткія, вызначаюцца высокім рэалістычным майстэрствам. У гэты ж пэрыяд з-пад пяра Вазава выходзіць каля дзясятка п’ес, найбольш вядомыя сярод якіх — гістарычныя драмы «Да краю бездані» (1908), «Барыслаў» (1909), «Івайла» (1911), камэдыі з сучаснага жыцьця «Кандыдаты славы» (1901), «Шукальнікі цёплага месьцейка» (1903).
Быў момант, калі пад ударамі крытыкі Вазаў быў гатовы схіліцца да таго, каб адмовіцца ад літаратурнай працы. Менавіта тады (1897) ён даў згоду стаць міністрам народнай асьветы, праўда, цягнулася гэта дзяржаўная служба толькі паўтара году.
У 1920 годзе Івану Вазаву было прысвоена ганаровае званьне «народнага паэта».
Беларускія пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- У ярме: Раман / Пер. У. Аніскевіча; Прадм. Н. Гілевіча. — Мн: Маст. літ. 1991. — (Скарбы сусветнай літаратуры).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Vazov, Ivan Minčov, 1850-1921 // Olomouc City Library regional database (чэс.)
- ^ http://www.virtualtourist.com/travel/Europe/Bulgaria/Oblast_Grad_Sofiya/Sofia-379460/Things_To_Do-Sofia-Aleksander_Nevski_Cathedral-BR-2.html
- ^ http://www.britannica.com/EBchecked/topic/624238/Ivan-Vazov
- ^ Ivan Vazov // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ Iwan Mintschow Wasow // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ http://www.lonelyplanet.com/travel-tips-and-articles/76194
- ^ Vazov, Ivan // CONOR.SI
- ^ Н. Гілевіч 1991
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Іван Вазаў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў