Перайсьці да зьместу

Эстонскае нацыянальнае абуджэньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Эсто́нскае нацыяна́льнае абуджэ́ньне (па-эстонску: Ärkamisaeg) — тэрмін, якім пазначаюць працэс усьведамленьня эстонцамі сябе як нацыі, што мае права на самавызначэньне. Гэты працэс распачаўся прыблізна ў 1850-ых, калі просты люд атрымаў большыя правы, і цягнуўся да абвяшчэньня незалежнасьці Эстоніі ў 1918 року. Нацыянальным абуджэньнем часам называюць таксама падзеі 1987—1988 рокаў у Савецкай Эстоніі[1].

Карл Робэрт Якабсан

Хоць нацыянальная сьвядомасьць эстонцаў набыла моц у XIX ст.[2], пэўныя адзнакі ўсьведамленьня сваёй этнічнай асаблівасьці назіраліся й раней[3]. Напрыканцы XVIII ст. саманазва eestlane пашырылася ў Эстоніі нароўні са старою назваю maarahvas[4]. На той час Эстонія належала Расейскай імпэрыі. Эстонскі пераклад Бібліі пабачыў сьвет у 1739 року, а колькасьць брашураў па-эстонску вырасла ад 18 у 1750-ых да 54 у 1790-ых. Да канца стагодзьдзя большая палова дарослых эстонскіх сялянаў умела чытаць. Сярод першых людзей з унівэрсытэцкаю асьветаю, што ідэнтыфікавалі сябе эстонцамі, былі Фрыдрых Робэрт Фэльман (1798—1850), Крыстыян Яак Пэтэрсан (1801—1822) ды Фрыдрых Райнгальд Кройцвальд (1803—1882). Уладная эліта заставалася збольшага нямецкаю па мове й культуры. Балтыйскі нямецкі пісьменьнік Гарліб Мэркель (1769—1850) быў адным зь першых эстафілаў і ставіўся да эстонцаў як да народу, роўнага зь іншымі. Ён стаў натхняльнікам эстонскага нацыянальнага руху, які да сярэдзіны XIX ст. ставіў сабе за ўзор культурны сьвет балтыйскіх немцаў. Аднак зь сярэдзіны стагодзьдзя такія эстонскія лідэры, як Карл Робэрт Якабсан (1841—1882), Якаб Гурт ды Ёган Вальдэмар Янсэн (1819—1890), сталі амбітнейшымі й пацягнуліся ў напрамку фінаў, нацыянальны рух якіх на той час быў надта пасьпяховым, а таксама да пэўнай меры да суседзяў латышоў ды іхняга руху моладалатышоў.

Значнымі культурнымі дасягненьнямі сталі публікацыя 1862 року «Калевіпаэгу» ды арганізацыя ў 1869 першага сьпеўнага фэсту. Да канца 1860-ых эстонцы ўжо не жадалі мірыцца зь нямецкаю культурнаю й палітычнаю гегемоніяй. Да спробы русіфікацыі ў 1880-ых і 1890-ых іхняе стаўленьне да Расейскай імпэрыі было пазытыўным[3].

Фрыдрых Кройцвальд чытае рукапіс «Калевіпаэгу». Карціна Ёгана Кёлера

У 1881 року сямнаццаць эстонскіх таварыстваў зьвярнуліся з мэмарандумам да расейскага цара Аляксандра III, заклікаючы яго да ўвядзеньня ў Эстоніі інстытуту земстваў, якія ўжо існавалі ў іншых частках імпэрыі, да роўнага прадстаўніцтва ў земствах эстонцаў і балтыйскіх немцаў і да адміністрацыйнай уніфікацыі этнічных эстонскіх абласьцей. Натхняльнікам мэмарандуму быў Карл Робэрт Якабсан. У 1891 пачала выходзіць першая эстонская штотыднёвая газэта «Postimees». Паводле перапісу 1897 року эстонцы мелі другі пасьля фінаў узровень пісьменнасьці ў Расейскай імпэрыі (96,1% эстонамоўнага насельніцтва Балтыйскіх губэрняў, старэйшыя за 10 гадоў)[3][5]. Месты хутка эстанізаваліся, і да 1897 эстонцы складалі дзьве траціны мескага насельніцтва[3].

У адказ на пэрыяд русіфікацыі, якую расейскі ўрад распачаў у 1880-ых, эстонскі нацыяналізм набраў большае палітычнае гучаньне, інтэлектуалы сталі заклікаць да пашырэньня аўтаноміі. Расейская рэвалюцыя 1905—1907 рокаў азнаменавалася ў Эстоніі заклікамі да свабоды прэсы, сходаў, голасу ды за нацыянальную аўтаномію[6]. Эстонцы мала чаго дабіліся, аднак хісткая стабільнасьць у пэрыяд між 1907 і 1917 рокамі спрыяла змацненьню спадзеваў эстонцаў на нацыянальную дзяржаву. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 року эстонскія землі ўпершыню былі аб’яднаныя ў адну адміністрацыйную адзінку — Аўтаномную губэрню Эстляндыя. Пасьля таго, як у кастрычніку 1917 року ўладу захапілі бальшавікі, а нямецкія войскі здабылі перамогу над расейскімі, 24 лютага 1918 Эстонія абвясьціла сябе незалежнаю рэспублікаю.

  1. ^ Kutsar, D. 4 // «Social change and stress in Estonia». — International Journal of Social Welfare, 1995. — Т. 2. — С. 94-107.
  2. ^ Gellner, Ernest. 2 // «Do nations have navels?». — Nations and Nationalism, 1996. — Т. 2. — С. 365-370.
  3. ^ а б в г Raun, Toivo U. «Nineteenth- and early twentieth-century Estonian nationalism revisited». — 2003.
  4. ^ Ariste, Paul. 5 // «Maakeel ja eesti keel». — Eesti NSV Teaduste Akadeemia Toimetised, 1956. — С. 117-124.
  5. ^ Kappeler, Andreas. Rußland als Vielvölkerreich: Entstehung, Geschichte, Zerfall. — Munich: C.H. Beck, 1992. — ISBN 3-406-47573-6
  6. ^ Raun, Toivo U. 43 // The Revolution of 1905 in the Baltic Provinces and Finland. — Slavic Review, 1984. — Т. 3. — С. 453-467.