Перайсьці да зьместу

Калевіпаэг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Калевіпаэг
Kalevipoeg
Жанр: эпас
Аўтар: Фрыдрых Кройцвальд
Мова арыгіналу: эстонская
Год напісаньня: 1857—1861
Публікацыя: 1857
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору

«Ка́левіпаэг» (па-эстонску: Kalevipoeg — сын Калева) — эстонскі гераічны эпас (1857—1861), складзены эстонскім пісьменьнікам і лекарам Фрыдрыхах Кройцвальдам на аснове народных паданьняў і песьняў. Аўтарам ідэі эпасу быў Фрыдрых Робэрт Фэльман, правобразам паслужыў персанаж эстонскай міталёгіі Калевіпаэг, сын асілка Калева. У эпасе, як і ў цэлым у эстонскай літаратуры, прасочваецца значны ўплыў фінскага гераічнага эпасу «Калевала».

У 1839 року Фрыдрых Робэрт Фэльман прачытаў у газэце Навуковага эстонскага таварыства артыкул пра легенды пра Калевіпаэга і накідаў сюжэт рамантычнай эпічнай паэмы. Па сьмерці Фэльмана ў 1850 року Фрыдрых Кройцвальд пачаў яе стварэньне, зьбіраючы вусныя паданьні і кампануючы іх у адзінае цэлае.

«Калевіпаэг» складаецца з 20 песьняў. Арыгінальны верш «Калевіпаэга» — так званы рунічны верш, які характэрны для старадаўніх эстонскіх народных песьняў; мова эпасу старасьвецкая.

На падставе эпасу створана мноства мастацкіх і музычных твораў.

У вусных паданьнях эстонцаў Калевіпаэг здаўна вядомы зь легендаў пра стварэньне сьвету як малодшы сын зласьлівага асілка Калева (таксама Калевінэ, Калевіпаіс) і Лінды, народжаны па сьмерці свайго бацькі.

Празь ягоныя дзеяньні звычайна тлумачацца асаблівасьці геаграфічнага рэльефу: скопішчы валуноў, накіданых Калевіпаэгам; роўні — мясьціны, дзе Калевіпаэг скасіў лес, грады халмоў — сьляды ягонага ворыва, азёры — ягоныя студні, старажытныя гарадзішчы — ложы Калевіпаэга і да т. п. Калевіпаэг выкарыстоўвае валуны, каб кідацца імі ў ворагаў; скарыстаўшыся парадай вожыка, ужывае ў якасьці зброі вострыя краі дошак. У выніку ён памірае, адрубіўшы сабе ногі ўласным мечам, спрабуючы карыстацца ўласнымі інструкцыямі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]