Перайсьці да зьместу

Пераклады Бібліі на эстонскую мову

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Эсто́нскія перакла́ды Бібліі зьявіліся даволі позна ў параўнаньні зь іншымі пратэстанцкімі дзяржавамі, паколькі большасьць пастараў цэркваў зьяўляліся нямецкамоўнымі, якія не валодалі эстонскай мовай у дастатковай меры. Першая эстонская Біблія зьявілася толькі ў 1739 року — амаль праз стагодзьдзе пасьля фінскага перакладу (1642) і праз 50 рокаў пасьля пачатку публікацыі перакладу на латыскую мову (1689—1694).

Першая вядомая спроба перакладу Бібліі на эстонскую мову належыць талінскаму школьніку Гансу Вольфу, які ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя пачаў пераклад некаторых Эвангельскіх пэрыкопаў і літургічных тэкстаў для выкарыстаньня ў набажэнствах. Аднак, на жаль, ён памёр у 1549 року ад чумы, і ягоныя працы не былі апублікаваныя.

У XVII стагодзьдзі справаю перакладаў заняліся лютэранскія пастары. Так, у 1632 року Ёахім Расіньюс(et) апублікаваў «Катэхізіс Лютэра у шасьці частках ды Эвангельскія Пісаньні для нядзельнага чытаньня на цэлы год» на паўднёваэстонскай мове, а ў 1632—1638 Гайнрых Шталь выдаў чатырохтомную царкоўную настольную кнігу на паўночнаэстонскай.

Цалкам Новы Запавет быў перакладзены на эстонскую мову 23-гадовым пастарам Адрыянам Віргініюсам(et). Ягоны пераклад пад назвай Wastne Testament на тартускім дыялекце паўднёваэстонскай мовы быў надрукаваны ў Рызе ў 1686 року накладам 500 асобнікаў, зь якіх да нашага часу захаваліся шэсьць.

Поўны пераклад Новага Запавету на паўночнаэстонскую мову быў апублікаваны ў 1715 року, прычым працу над ім Эбэргард і Гайнрых Гуцлефы скончылі раней, аднак выданьню перашкодзіла Вялікая Паўночная вайна. З 400 надрукаваных асобнікаў гэтага перакладу да нашага часу захаваліся толькі два.

Поўная Біблія на эстонскай мове была выдадзеная ў 1739 року ў перакладзе пастара царквы(et) ў Юры(et) Антона тора Хеле. Перакладам і рэдагаваньнем займаліся некалькі памочнікаў, сярод якіх быў і перакладнік Новага Запавету Эбэргард Гуцлеф. Праца была скончаная ў 1736 року, аднак на выданьне кнігі сьпярша не знайшлося сродкаў. Праз тры рокі пры падтрымцы Нікалаўса Людвіга фон Цынцэндорфа былі надрукаваныя 6015 асобнікаў. Гэты пераклад стаў асновай фармаваньня эстонскае літаратурнае мовы. Пазьней ён шматразова перавыдаваўся і пераглядаўся, апошняя рэдакцыя выйшла ў 1896 року ў Санкт-Пецярбургу.

Пасьля Бібліі Антона тора Хеле пераклады Бібліі не зьдзяйсьняліся цягам двух стагодзьдзяў. Толькі ў 1912 року зьявіўся пераклад Новага Запавету, зроблены пастарам царквы ў Пайсту Яанам Бэргманам. У 1915 ён скончыў пераклад і Старога Запавету, аднак праз вайну, а пасьля сьмерць Бэргмана ў 1916 пераклад ня быў выдадзены і лічыўся страчаным. Толькі ў 1932 року ён знайшоўся на гарышчы царквы ў Пайсту ды захоўваецца ў Архіве гісторыі культуры Эстоніі(et).

Наступны пераклад Бібліі зьдзейсьніў пастар царквы ў Козэ Харальд Пылд. Ён таксама пасьпеў выдаць толькі Новы Запавет (1938); рукапіс перакладу Старога Запавету быў страчаны па сьмерці Пылда ў 1939 року.

Да 200-годзьдзя першай эстонскай Бібліі была падрыхтаваная яе адрэдагаваная вэрсія ў некалькіх тамох, выдадзеная ў 1938—1940 роках. Тым ня меней, гэтае выданьне пад назвай «Вялікая Біблія», зьдзейсьненае выбітным эстонскім паэтам і тэолягам Уку Мазінгам, лічыцца асобным, другім перакладам, паколькі некаторыя тэксты былі ім цалкам перапрацаваныя. У гэтай Бібліі Мазінг сьвядома пакідаў архаізмы першакрыніцы 1739 року, таму для разуменьня ягонае вэрсіі тэксту рэкамэндавана карыстацца слоўнікам Фэрдынанда Ёгана Відэрмана. Гэтая Біблія не была выдадзеная цалкам з прычыны акупацыі Эстоніі Савецкім Саюзам, і яе ўплыў на літаратурную мову амаль незаўважны. Толькі ў 1989 року ў Фінляндыі было надрукаванае факсымільнае выданьне накладам 25 000 асобнікаў.

У 1940 року езуіцкі сьвятар зь Люксэмбургу Генры Вэрлінг(lb) выдаў у Тарту пераклады Дабравесьцяў паводле Мацьвея і Марка, адрэдагаваныя эстонскім перакладнікам Хендрыкам Морсанам-Мурду. Пераклад наступнай кнігі спыніўся з пачаткам савецкай акупацыі. Тым ня менш, выданьне Генры Вэрлінга стала першым камэнтаваным перакладам біблійных тэкстаў на эстонскую мову. У 1949 року савецкія ўлады дэпартавалі Вэрлінга ў Сыбір(et), аднак пасьля вяртаньня адтуль ён скончыў пераклады Дабравесьцяў і пачаў працу над Апостальскімі дзеямі.

На гаворцы сэту былі апублікаваныя толькі Эвангельлі (Тарту, 1926)[1].

Паваенныя пераклады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэці эстонскі пераклад Бібліі рыхтаваўся на эміграцыі. За аснову тэксту Псалтыру і Новага Запавету быў узяты пераклад Харальда Пылда, адрэдагаваны пастарам Эндэлем Кыпам; ён жа пераклаў недастатні Стары Запавет. Пераклад быў адрэцэнзаваны прызнаным лінгвістам Ёганэсам Аавікам і выдадзены ў 1968 року Брытанскім і замежным біблійным таварыствам накладам 5000 асобнікаў. У наступныя гады пераклад атрымаў некалькі перавыданьняў. Хоць увоз на тэрыторыю СССР рэлігійнае літаратуры быў забаронены, гэты пераклад таемна трапіў у Эстоніі па некалькіх каналах, асабліва з дапамогай фінскіх турыстаў.

Чацьвёрты і апошні пераклад Бібліі на эстонскую мову зьдзейсьнены ўжо ў незалежнай Эстоніі. Дзеля гэтых мэтаў была створаная адмысловая камісія. За аснову тэксту Новага Запавету быў узяты пераклад Уку Мазінга, адрэдагаваны і перавыдадзены ў 1989 року. Стары Запавет перакладаўся на аснове адрэдагаванага каталіцкім сьвятаром Вэла Салам і пісьменьнікам Яанам Кросам варыянту 1968 року. Пераклад камісіі быў апублікаваны Эстонскім Біблійным таварыствам у 1997 року дваццацітысячным накладам і цягам наступных рокаў атрымаў некалькі перавыданьняў.

  1. ^ А. А. Турилов. (2 верасьня 2009) БИБЛИЯ. IV. ПЕРЕВОДЫ. Переводы на некоторые другие языки. Эстонский (рас.) Православная энциклопедия. Церковно-научный центр «Православная Энциклопедия». Праверана 6 студзеня 2013 г.
  • Toomas Paul. Eesti piiblitõlke ajalugu. — Tallinn: Emakeele Selts, 1999.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]