Перайсьці да зьместу

Чатырохгадовы Сойм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Чатырохгадовы сойм»)
Прыняцьце Канстытуцыі 3 траўня

Чатырохгадо́вы Сойм (іншы назоў — Вялікі Сойм) — вальны Сойм Рэчы Паспалітае, які адбываўся ў Варшаве з 6 кастрычніка 1788 па 30 чэрвеня 1792 году. Сойм правёў шэраг радыкальных рэформаў у эканамічнай, палітычнай і сацыяльных сфэрах: увядзеньне рэкрутчыны ў 1789 годзе, арганізаванай паводле тэрытарыяльнага прынцыпу, павелічэньне колькасьці войска, частковае ўраўнаньне правоў мяшчанаў з шляхтаю, наданьне правоў габрэям і праваслаўным. Найвышэйшым дасягненьнем Сойма лічыцца прыняцьце канстытуцыі 3 траўня[1].

Палітычная сытуацыя напярэдадні Сойму

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па першым падзеле ў 1772 годзе Рэч Паспалітая знаходзілася пад моцным ціскам суседніх манархіяў, у першую чаргу Расеі.

Краіне забаранялася мець войска больш за 30 000 чалавек, заключаць саюзы ці весьці войны без дазволу Кацярыны II. Палітычную сфэру рэгулявалі «Кардынальныя правы» — дакумэнт, які абвяшчаў непарушнымі шляхецкую вольніцу, «ліберум вета», бязцэнзавы ўдзел шляхты ў сойміках. Кіравала ў краіне Пастаянная Рада — савет міністраў, дзе найвялікшы ўплыў меў расейскі пасол.

У 1787 годзе Расея разьвязала чарговую вайну з Турэччынай. У гэтым жа годзе пачалася й расейска-швэдзкая вайна. З гэтае прычыны Кацярына ІІ дазволіла Станіславу Аўгусту Панятоўскаму правесьці ў Варшаве сканфэдэраваны Сойм і прыняць на ім рашэньне аб павелічэньні войска.

Утварэньне на Сойме некалькіх канфэдэрацыяў з паслоў давала магчымасьць прымаць пастановы большасьцю галасоў, што нэўтралізавала права «лібэрум вета».

Калі прускі кароль Фэрдынанд ІІ даведаўся пра гэта, ён даў загад свайму паслу ў Варшаве Бухгольцу стварыць на будучым Сойме сваю партыю, каб перашкодзіць плянам Кацярыны. Аўстрыя знаходзілася на той момант у саюзе з Расеяй і ня ўмешвалася ў справы Рэчы Паспалітае.

У жніўні 1788 году ва ўсёй краіне прайшлі перадсоймавыя соймікі, дзе абіраліся паслы й шляхта пісала інструкцыі. Нечакана на гэтых выбарах перамаглі апазыцыйныя сілы (як прапрускай, так і прарасейскай накіраванасьці), а прыхільнікі караля засталіся ў меншасьці.

  • 6 кастрычніка 1788 — распачалася першая кадэнцыя Сойма. Былі ўтвораныя дзьве канфэдэрацыі — польская й літоўская. Маршалкам польскае канфэдэрацыі стаў Станіслаў Малахоўскі, а маршалкам літоўскай — генэрал артылерыі Казімер Нестар Сапега.
  • 12 кастрычніка 1788 — была прачытаная нота прускага пасла Бухгольца з патрабаваньнем не пачынаць вайну з Турэччынай. Гэтая нота разьбіла апазыцыю на два лягеры — прыхільнікаў прускага й расейскага двара.
  • 24 кастрычніка 1788 — быў ухвалены праект ліквідацыі Вайсковага дэпартамэнту й стварэньня Вайсковае камісіі ў складзе 5 вайсковых і 12 цывільных асобаў пад кіраўніцтвам 4 гетманаў. Такім парадкам, быў зьнішчаны падкантрольны расейскаму паслу вайсковы орган і створаны новы.
  • 9 сьнежня 1788 — замест дэпартамэнту справаў іншаземных Пастаяннае Рады створаная Дэпутацыя замежных справаў.
  • 25 студзеня 1789 — ухваленая 10-мільённая пазыка ў замежных краінаў.
  • 30 студзеня 1789 — зьліквідаваная Пастаянная Рада, што скампрамэтавала сябе прарасейскай палітыкай.
  • 26 сакавіка 1789 — Сойм ухваліў падатак у памеры дзясятага гроша пад назвай «Ofiara wieczysta stanu rycirskiego Obojga narodow na wojsko». Гэты падатак узымаўся, як дзесяць працэнтаў з уладаньняў шляхецкіх і дваццаць працэнтаў з уладаньняў духоўных асобаў.
  • 7 верасьня 1789 — была створаная «Deputacja do poprawy formy rzadu», якая мусіла займацца стварэньнем урадавага праекту й сыстэмы органаў, якія прыйшлі б на зьмену Пастаяннай Радзе.
  • 24 лістапада 1789 — створаныя «цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі», на якія былі ўскладзены шматлікія функцыі збору й падтрыманьні войска, кантролю за мясцовымі ўладамі й шмат іншых абавязкаў. Гэтыя камісіі сталі сувязным органам паміж мясцовай і вышэйшай уладамі.
  • 24 сакавіка 1790 — прыняты закон, які выключаў дробную шляхту з удзельнікаў павятовых соймікаў.
  • 16 сьнежня 1790 — пачатак другое кадэнцыі Сойму. Пазбаўленьне чыншавай шляхты выбарчых правоў.
  • 18 красавіка 1791 — закон аб местах. Мяшчане атрымалі права карыстацца правам Neminem captivabimus («асабістае недатыкальнасьці»), атрымалі магчымасьць займаць духоўныя, сьвецкія й вайсковыя пасады, набываць зямлю, шляхце ж было дазволена займацца мяшчанскімі справамі. Каралеўскія месты атрымалі большае самакіраваньне, права дасылаць на Сойм прадстаўнікоў (па-польску: plenipotentow) да Скарбавае й Паліцэйскае камісіяў з правам дарадчага голаса ў пытаньнях, што тычыліся местаў, гандлю й г.д.
  • 3 траўня 1791 — прыняты «Ўрадавы закон» — новая канстытуцыя Рэчы Паспалітае, якая ўводзіла шэраг зьменаў у жыцьцё краіны.
  • 15 чэрвеня 1791 — у Пінску зьбіраецца генэральная кангрэгацыя праваслаўных, якая павінна была выбраць сабе найвышэйшае духавенства, каб пазбавіцца залежнасьці ад маскоўскае патрыярхіі. Кангрэгацыя абумовіла асноўныя прынцыпы жыцьця праваслаўных у Рэчы Паспалітай і стварыла Кансысторыю — найвышэйшы орган кіраваньня праваслаўных.
  • 21 кастрычніка 1791 — прынятае «Заручэньне абодвух народаў» — дакумэнт, які пацьвярджаў захаваньне фэдэратыўнасьці Рэчы Паспалітае і разьмяжоўваў асноўныя органы гэтае дзяржавы.
  • 31 траўня 1792 — Вялікі Сойм самараспусьціўся да перамогі ў вайне з Расеяй.

Сойм правёў шэраг радыкальных пераўтварэньняў у розных сфэрах жыцьця Рэчы Паспалітае й стварыў перадумовы для выхаду з крызісу й эфэктыўнага разьвіцьця краіны. Аднак у той жа час Чатырохгадовы Сойм прымусіў суседнія манархіі пасьпяшацца з падзелам і ліквідацыяй небясьпечнае суседкі.