Фэлікс Канечны
Фэлікс Канечны | |
па-польску: Feliks Koneczny | |
Дата нараджэньня | 1 лістапада 1862[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 10 лютага 1949[1] (86 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | гісторык, філёзаф |
Навуковая сфэра | гісторыя |
Месца працы | |
Сябра ў | Акадэмія ведаў[d] |
Навуковая ступень | габілітацыя[d] (1920) |
Фэлікс Караль Канечны (польск. Feliks Karol Koneczny; 1 лістапада 1862, Кракаў — 10 лютага 1949) — польскі гісторык, публіцыст. Доктар габілітаваны (1920 год).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1883—1888 гадох навучаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце. З 1891 году адʼюнкт у Акадэміі навук у Кракаве, з 1897 году супрацоўнік Ягелонскай бібліятэкі.
З 1919 году працаваў у Віленскім унівэрсытэце, намесьнік прафэсара, прафэсар надзвычайны (1920 год), прафэсар звычайны (1922 год), узначальваў катэдру гісторыі Ўсходняй Эўропы. У 1929 годзе выступіў з крытыкай урада міжваеннай Польскай Рэспублікі, за што адпраўлены ў адстаўку.
У 1945 годзе выкладаў у Кракаўскім унівэрсытэце.
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку навуковай дзейнасьці вывучаў гісторыю Тэўтонскага ордэну, дачыненьні паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім, гісторыю Сылезіі. Аўтар навукова-папулярных працаў з гісторыі, падручнікаў.
Быў прыхільнікам супрацы славянскіх народаў і польска-расейскай згоды, у 1905—1914 гадох рэдагаваў у Кракаве часопіс панславісцкага кірунку «Świat słowiański» («Славянскі сьвет»). Пазьней набыў вядомасьць рэлігійна-містычнымі працамі, у якіх разьвіваў мэсіянскія погляды на ролю Польшчы ў гісторыі і ўнёсак палякаў у сусьветную культуру, што асабліва выявілася ў працы «Польскія Лёгас і Этас» («Polskіe Logos і Ethos», т. 1—2, 1921 год). Рабіў спробы збудаваць тыпалёгію і герархію цывілізацыяў (з падкрэсьленьнем першынства «лацінскай цывілізацыі»)[2].
Літва і ліцьвіны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1922 годзе апублікаваў артыкул з прапановай тэрміналягічна аддзяляць летувіскую мову (польск. język letuwski) ад гістарычнай літоўскай (беларускай), а таксама Летуву (польск. Letuwa) — ад гістарычнай Літвы і летувісаў (польск. Letuwini) — ад гістарычных ліцьвінаў: «пасольства яго [Уладзіслава Ягайлы] у Кракаў (аб руцэ Ядвігі) не патрабавала перакладніка, бо яны выкарыстоўвалі беларускую мову. Тая мова вякамі лічылася „літоўскай“ і так нават часта называлася. У Польшчы нават ня ведалі пра існаваньне летувіскай мовы, пакуль яе не адкрыла парафіяльнае духавенства»[a][3]. 18 сакавіка 1928 году гэтую прапанову абмяркоўвалі на паседжаньні Віленскага аддзелу Польскага гістарычнага таварыства, дзе выступіў зь лекцыяй «Этнаграфічная тэрміналёгія ў Вялікім Княстве Літоўскім», адзначаючы: «у крыніцах часта ўпамінаецца літоўская мова, але маецца на ўвазе не летувіская мова, а беларуская. Афіцыйнай мовай у Вялікім Княстве Літоўскім была беларуская»[b][4].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ польск. «Poselstwo ego [Władysława Jagiełły] do Krakowa (o rękę Jadwigi) nie potrzebowały tłumacza, gdyż używały języka białoruskiego. Ten język uważany był przez wieki całe za „litewski“ i tak nawet często nazywany. W Polsce nawet nie wiedziano o istnieniu języka letuwskiego, aż dopiero odkryło go duchowieństwo parafjalne»
- ^ польск. «W źródłach jest często mowa o języku litewskim, ale rozumieją one przez to nie język litewski, czyli letuwski, lecz białoruski. Językiem urzędowym w W. Ks. Lit. był język białoruski»
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0