Фрыдрых III Саксонскі
Фрыдрых III | |
Курфюрст Саксоніі | |
---|---|
Партрэт Фрыдрыха III працы Альбрэхта Дурэра, каля 1500 | |
Курфюрст Саксоніі | |
Папярэднік | Эрнст |
Наступнік | Ёган Цьвёрды |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 17 студзеня 1463, Торгаў |
Памёр | 5 траўня 1525, Лёхаў |
Пахаваны | Сабор усіх сьвятых, Вітэнбэрг |
Дынастыя | Вэтыны |
Бацька | Эрнст |
Маці | Лізавета Баварская |
Узнагароды |
Фры́дрых III Му́дры (па-нямецку: Friedrich der Weise; 17 студзеня 1463, палац Гартэнфэльс у Торгаў, Сьвятая Рымская імпэрыя — 5 траўня 1525, Лёхаў, Сьвятая Рымская імпэрыя) — курфюрст Саксоніі з 26 жніўня 1486 году па сваю сьмерць. Фрыдрых ёсьць сынам курфюрста Эрнста, спадчыннікам якога й стаў у 1486 годзе пасьля ягонай сьмерці. Астатнімі ўладаньнямі кіраваў разам са сваім братам Ёганам Цьвёрдым. Дзякуючы прыбытку ад рудных і срэбранных руднікоў у саксонскіх шахтах, а таксама маючы долю ў эмісійнага прыбытку манэтных двароў Фрайбэрга, Ляйпцыга, Бухгольца й Шнээбэрга меў фінансавую незалежнасьць.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзякуючы добраму выхаваньню, рупліваму чытаньню й зносінам з навукоўцамі, адрозьніваўся рэдкімі ведамі твораў старажытных пісьменьнікаў. Карыстаўся вялікай павагай імпэратара Максіміляна I і ва ўсіх імпэрскіх князёў. У імпэрскіх справах ён прыняў бок той партыі, якая на чале з курфюрстам Бэртольдам Майнцкім патрабавала рэформы дзяржаўных установаў, і старшыняваў у заснаваным у 1500 годзе па прапанове гэтай партыі імпэрскай управе (ням. Reichsregiment).
У 1502 годзе ён заснаваў Вітэнбэрскі ўнівэрсытэт, аб разьвіцьці якога шмат клапаціўся. З гэтага ўнівэрсытэту, у якім адзін час прафэсарамі былі Мартын Лютэр і Філіп Мэлянхтон, разьлілася потым па ўсёй Нямеччыне хваля Рэфармацыі. Фрыдрых стаў магутным абаронцам Лютэра[3] й пасьля ягонага асуджэньня на Вормскім сойме даў яму прытулак у Вартбургу.
У 1519 годзе пасьля сьмерці імпэратара Максіміляна курфюрсты прапанавалі Фрыдрыху імпэратарскую карону, але, адчуваючы сябе недастаткова моцным для гэтага, ён адхіліў іхны выбар і спрыяў абраньню ўнука Максіміляна, Карла Гішпанскага, які адплаціў яму потым няўдзячнасьцю.
Не прызнаючы сябе адкрыта прыхільнікам вучэньня Лютэра, Фрыдрых бесьперашкодна дапушчаў ягонае распаўсюджваньне ў сваёй краіне. Памёр Фрыдрых падчас Сялянскай вайны Томаса Мюнстэра. Ён ня быў жанаты, таму ягоным спадчыньнікам быў брат, Ёган Цьвёрды. Ягоная статуя ўваходзіць у склад помніка Лютэру, узьведзенага ў Вормсе.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Schäfer J. Friedrich der Weise // Ökumenisches Heiligenlexikon — 1998.
- ^ а б в г Frederic III de Saxònia // Gran Enciclopèdia Catalana (кат.) — Grup Enciclopèdia, 1968.
- ^ The Magisterial Reformation. Reformation Happens (анг.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Tutzschmann «Friedrich der Weise».
- G. Spalatin, «Friedrichs des Weisen Leben und Zeitgeschichte».
- Kolde, «Friedrich der Weise und die Anfänge der Reformation».
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фрыдрых III Саксонскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Literatur von und über Friedrich III. Deutschen Nationalbibliothek (ням.)