Апостальскі сымбаль веры
Гэты артыкул не адпавядае стандартам вікі-фарматаваньня й якасьці Вікіпэдыі. Вы можаце дапамагчы праекту даданьнем дарэчных ўнутраных спасылак альбо паляпшэньнем разьметкі артыкула. |
Апостальскі сымбаль веры (па-лацінску: Symbolum Apostolicum) — пераказ асноўных прынцыпаў хрысьціянскага веравызнаньня. Узыходзіць да эпохі раньняга хрысьціянства. Яго сёньняшняя форма, што складаецца з 12 пунктаў, узьнікла не раней за VI ст. Выкарыстоўваўся ў Галіі, Гішпаніі й Ірляндыі для настаўленьня катэхумэнаў. Але ж сам назоў Symbolum Apostolicum — больш старажытны. Напрыканцы IV ст. Руфін Аквілейскі склаў камэнтар на Апостальскі сымбаль веры, у якім патлумачыў ягонае паходжаньне. Згодна з Руфінам, нейкае паданьне сьцьвярджала, што апосталы, напаўнішыся Сьвятым Духам, перш чым пачаць сваю місію ў розных краінах, прыйшлі да пагадненьня на конт кароткага зьместу хрысьціянскае веры, які мусіў стаць падмуркам іх вучэньня й правілам веры для ўсіх хрысьціянаў.
Згодна з дасьледваньнямі па дадзеным пытаньні, не выклікае сумневу, што асноўныя прынцыпы Апостальскага сымбаля веры ўзыходзяць да апостальскага пэрыяду, але ж ягоная сучасная форма разьвілася паступова. Яго даўгая гісторыя шчыльна зьвязаная з разьвіцьцём абраду хросту й падрыхтоўкай катэхумэнаў. Ад апостальскіх часоў практыка Царквы патрабавала да хросту вызнаньня асноўных прынцыпаў хрысьціянскае веры; кандыдаты мусілі вывучыць напамяць пэўную формулю й вымавіць яе ўслых перад сходам. Ад гэтага звычаю ўзьнік урачысты абрад перадачы й абвяшчэньня сымбалю. Вызнаньне веры было неад’емнай часткай літургіі.
Найбольш раньняя формуля сымбалю захавалася ў фрагмэнце зь Дзеях апостальскіх (Дзеі 8, 37) — Піліп хрысьціў шляхотнага чалавека, пасьля таго, як той вызнаў сваю веру: «Веру, што Езус Хрыстус ёсьць Сынам Божым». Гэты ўрывак даказвае. Што сымбаль пачынаўся з вызнаньня веры ў Езуса Хрыста, сына Божага. З часам дадаваліся іншыя праўды веры. Ад апостальскіх часоў разам з хрысталягічнай фомуляй існавала й трынітарная формуля для абраду хросту, якая пазьней стала асноўнай. Прыказаньне Панскае: «навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа» (Мц 28, 19) дало падставы гэтаму правілу веры. У II ст. пакутнік Юстын Філёзаф пісаў, што «зьдзяйсьнялася абмываньне» кандыдатаў на хрост «у імя Бога Айца й Пана сусьвету, і нашага Збаўцы Езуса Хрыста, І Сьвятога Духа» (Apologia 1, 61). «Epistula Apostolorum» (Пасланьне апосталаў), напісанае прыкладна ў той самы час, павялічыла колькасьць разьдзелаў гэтага вызнаньня веры да пяці (замест трох). Сымбаль веры, што зьмяшчаецца ў ім, ня толькі кажа пра веру ў Айца Ўсемагутнага, Езуса Хрыста, нашага Збаўцу, і Духа Сьвятога, Суцяшальніка, але й дадае: «…і ў Сьвяты Касьцёл і адпушчэньне грахоў». Вызнаньне Боскае прыроды Хрыста, адпачатку самастойнае, увайшло ў трынітарны сымбаль веры. У выніку атрымалася формуля, што складаецца з васьмі-дзевяці выразаў з падрабязным правілам веры, падобным да таго, што выкарыстоўваўся ў Рыме каля 200. Рымскі абрад хросту, апісаны ў Апостальскіх пастановах Гіпаліта, прыводзіць наступны сымбаль веры:
Credo in Deum patrem omnipotentem et in Christum Iesum, Filium Dei, qui natus est de Spiritu Sancto ex Maria Virgine, et crucifixus sub Pontio Pilato et mortuus est et sepultus, et resurrexit die tertia vivus a mortuis, et ascendit in caelis. Et sedit ad dexteram Patris,venturus iudicare vivos et mortuos, et in Spiritum Sanctum, et sanctam Ecclesiam et carnis resurrectionem. | ||
Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, і ў Хрыста Езуса, Сына Божага, народжанага ад Сьвятога Духа і Марыі Дзевы, укрыжаванага пры Понцкім Пілаце, які памёр і быў пахаваны, і на трэці дзень зьмёртвыхпаўстаў, і ўзышоў на неба, і сядзіць праваруч айца, і прыйдзе судзіць жывых і памерлых; і ў Духа Сьвятога, сьвяты Касьцёл і ўваскрасеньне цела. | ||
На Ўсходзе разьвіцьцё Апостальскага сымбалю веры ішло аналягічна з Захадам. Да простага трынітарнага вызнаньня былі дадзеныя хрысталягічныя формулі. Абрад хросту з простага ператварыўся ўва ўрачысты. Адначасова зьмяніўся хрышчальны сымбаль, ператварыўшыся з простага трынітарнага сымбалю ў кароткі зьмест хрысьціянскага веравызнаньня. Паколькі існавалі розныя формы богаслужбы, было некалькі формуляў сымбалю веры. Найбольш вядомымі на Ўсходзе ёсьць Ерусалімская формуля, што захавалася ў Катэхізьме Кірыла Ерузалімскага, і Цэзарэйская, якую прыводзіць Эўсэбій.
Сёньняшні тэкст сымбал зьявіўся не раней за пачатак VI ст. Упершыню ён сустракаецца ў Цэзарыя Арэляцкага. Рымскі сымбаль веры V ст. яшчэ значна розьніцца ад сучаснага. Ён не зьмяшчае словаў: «Creatorem caeli et terrae…conceptus…passus, mortuus, descendit ad inferos… catolicam…sanctorum communionem… vitam aeternam (Стварыцеля неба і зямлі… пачаты… замучаны, памёр, зышоў у валадарства сьмерці… каталіцкі… еднасьць сьвятых… жыцьцё вечнае)».
Тэкст Апостальскага сымбалю быў заўсёды шырока распаўсюджаны ў Заходняй Царкве і выкарыстоўваецца цяпер у імшах каталіцкай, Англіканскай і некаторых іншых пратэстанцкіх, а таксама праваслаўных Цэрквах заходняга абраду. Таксама ён уваходзіць у склад малітвы на ружанцы.
Грэцкі тэкст
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Πιστεύω εἰς θεòν πατέρα παντοκράτορα, ποιητὴν οὐρανοῦ καὶ γῆς. Καὶ εἰς Ἰησοῦν Χριστòν, υἱὸν αὐτοῦ τòν μονογενῆ, τòν κύριον ἡμῶν, τòν συλληφθέντα ἐκ πνεύματος ἁγίου, γεννηθέντα ἐκ Μαρίας τῆς παρθένου, παθόντα ὑπὸ Ποντίου Πιλάτου, σταυρωθέντα, θανόντα, καὶ ταφέντα, κατελθόντα εἰς τὰ κατώτατα, τῇ τρίτῃ ἡμέρᾳ ἀναστάντα ἀπò τῶν νεκρῶν, ἀνελθόντα εἰς τοὺς οὐρανούς, καθεζόμενον ἐν δεξιᾷ θεοῦ πατρὸς παντοδυνάμου, ἐκεῖθεν ἐρχόμενον κρῖναι ζῶντας καὶ νεκρούς. Πιστεύω εἰς τò πνεῦμα τò ἅγιον, ἁγίαν καθολικὴν ἐκκλησίαν, ἁγίων κοινωνίαν, ἄφεσιν ἁμαρτιῶν, σαρκὸς ἀνάστασιν, ζωὴν αἰώνιον. Αμήν.
Лацінскі тэкст
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Credo in Deum Patrem omnipotentem, Creatorem caeli et terrae. Et in Iesum Christum, Filium eius unicum, Dominum nostrum, qui conceptus est de Spiritu Sancto, natus ex Maria Virgine, passus sub Pontio Pilato, crucifixus, mortuus, et sepultus, descendit ad infernos, tertia die resurrexit a mortuis, ascendit ad caelos, sedet ad dexteram Dei Patris omnipotentis, inde venturus est iudicare vivos et mortuos. Credo in Spiritum Sanctum, sanctam Ecclesiam catholicam, sanctorum communionem, remissionem peccatorum, carnis resurrectionem et vitam aeternam. Amen.
Беларускі тэкст
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Сьвятога, нарадзіўся зь Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў ў валадарства сьмерці, на трэці дзень уваскрос з памерлых, узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Сьвятога, сьвяты Касьцёл каталіцкі, еднасьць сьвятых, адпушчэньне грахоў, уваскрашэньне цела, жыцьцё вечнае. Амэн.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Крыніца: айцец Стэфана Капрыё, «Католическая энциклопедия»
Сымбаль веры |
Апостальскі сымбаль веры | Нікеа-Канстантынопальскі сымбаль веры | Атанасаўскі сымбаль веры Аўгсбурскае вызнаньне | Вэстмінстэрскае спавяданьне | Баптыскае спавяданьне |