Уладзіслаў Малахоўскі
Уладзіслаў Малахоўскі | |
Дата нараджэньня | 26 траўня 1827 або 1837 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 7 кастрычніка 1900 |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | фатограф |
Уладзіслаў Малахоўскі, псэўданім у эміграцыі: Леон Варнэрке (26 траўня 1837, маёнтак Мацы, Кобрынскі павет — 7 кастрычніка 1900, Жэнэва, Швэйцарыя) — фатограф, вынаходнік фотастужкі, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скончыў Сьвіслацкую гімназію, у 1859 годзе — Пецярбурскі інстытут інжынэраў шляхоў зносінаў. Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту пачаў працаваць у Вільні на будаўніцтве Пецярбурска-Варшаўскай чыгункі.
Кіраўніцтва паўстаньнем
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адзін з кіраўнікоў палітычнага лягеру «чырвоных», найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага. З чэрвеня 1863 году ўваходзіў у склад Аддзелу кіраўніцтва правінцыямі Літвы, потым Выканаўчага аддзелу Літвы. У лютым—сакавіку, чэрвені—жніўні 1863 году — паўстанцкі начальнік Вільні. За галаву Малахоўскага Мураўёў-Вешальнік прызначыў ўзнагароду ў 10000 рублёў, у выніку чаго ён быў вымушаны бегчы з краіны. Спачатку выехаў у Пецярбург, потым у Кёнігсьберг, дзе быў прадстаўніком Каліноўскага, удзельнічаў у выданьні газэты «Глос з Літвы», займаўся закупкай і дастаўкай зброі для паўстанцаў.
Навуковая дзейнасьць за мяжой
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1866 годзе, атрымаўшы фальшывы ангельскі пашпарт на прозьвішча Варнэрке, зьбег у Вялікую Брытанію. Прыкладна з 1870 году разам з жонкай і дачкой пасяліўся ў Лёндане і пад зьмененым імем і прозьвішчам Леон Варнэрке распачаў энэргічную навуковую працу і канструктарскія дасьледаваньні ў галіне фатаграфііі. Упершыню ў сьвеце прапанаваў для вырабу фатаздымкаў выкарыстоўваць спэцыяльную стужку, загадзя апрацаваную неабходнымі хімічнымі рэактывамі — мэтад, які пазьней выцясьніў мэтад атрыманьня фотаадбітку на фотапласьцінцы[1].
У 1875 годзе Уладзіслаў Малахоўскі сканструяваў фотаапарат са скручанай касэтай, які спэцыялісты лічаць прататыпам «Кодаку». Гэта была адна зь першых у сьвеце фатакамэр, якая дазваляла рабіць да 100 здымкаў з адной загружанай стужкі. Канструкцыя Малахоўскага на 13 год апярэдзіла вынаходзтва Джорджа Істмэна — стваральніка «Кодаку».
Сярод дасягненьняў Малахоўскага — распрацаваны ў 1880 годзе сэнсытомэтар для колькаснага вымярэньня сьвятлоадчувальнасьці[2].
У 1880-я гады некалькі разоў пабываў у Расеі, у тым ліку ў Маскве і Пецярбурзе, удзельнічаў у фотавыставах, у заснаваньні сэкцыі фатаграфіі Расейскага імпэратарскага тэхнічнага таварыства.
Абвінавачваньні ў фальшываманэцтве
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1898 годзе ў дзейнасьці аднаго зь філіялаў лябараторыі Малахоўскага «ўсплылі» фальшывыя расейскія рублі [3]. Хутчэй за ўсё, фальшывыя грошы былі падкінуты канкурэнтамі, якіх у таленавітага камэрсанта—вынаходніка зьявілася вельмі шмат. Малахоўскі вельмі перажываў з-за беспадстаўных абвінавачваньняў. Тое, што яны былі надуманымі, пацьвердзілі судовыя працэсы. Суд так і ня здолеў знайсьці доказаў віны Малахоўскага ў зьяўленьні фальшывых грошай. Не стрываўшы ілжывых абвінавачваньняў, Уладзіслаў Малахоўскі скончыў жыцьцё самагубствам, застраліўшыся 7 кастрычніка 1900 году ў Жэнэве пасьля судовага разьбіральніцтва.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кісялёў Г. Героі і музы: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1982
- Шалькевіч В. Бібліятэка Віктара Каліноўскага // Голас Радзімы. 1992. 5 і 12 сак.
- Szalkiewicz W. Z kontaktów naukowych Wiktora Kalinowskiego z Augustem Bielowskim w latach 1857—1861 // Ze skarbca kultury. 1988. Z. 47.
- Шалькевич В. Кастусь Калиновский: Страницы биогр. Мн., 1988
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Беларускія карані «Кодака»(недаступная спасылка)
- ^ Первый пленочный фотоаппарат и первая фотопленкa — изобретение
- ^ Уладзіслаў Малахоўскі. Паўстанец, які спрычыніўся да «кодака»(недаступная спасылка)