Перайсьці да зьместу

Сыльвэстар Косаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сыльвэстар Косаў
Мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі
1657 — 1663
ЦаркваКанстантынопальская праваслаўная царква
АбшчынаКіеўская мітраполія
ПапярэднікПётар Магіла
НаступнікДыянісі Балабан

Япіскап Магілёўскі, Амсьціслаўскі і Аршанскі
жнівень 1635 — 18 студзеня 1649
ЦаркваКанстантынопальская праваслаўная царква
АбшчынаКіеўская мітраполія
ПапярэднікЁсіф Бабрыковіч
НаступнікІгнаці Аксяновіч-Старушыч

Адукацыя
Дзейнасьцьсьвятар, пісьменьнік
Нарадзіўсяканец XVI ст.
Жаробічы, Віцебскае ваяводзтва, Рэч Паспалітая
Памёр13 (23) красавіка 1657
Кіеў
БацькаАдам Косаў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Сыльвэстар (свецкае імя Стэфан Адамавіч Косаў; канец XVI ст., Жаробічы, Віцебскае ваяводзтва, Рэч Паспалітая — 13 (23) красавіка 1657, Кіеў) — праваслаўны япіскап, багаслоў, пэдагог, пісьменьнік-палеміст Рэчы Паспалітай. Галава Кіеўскай мітраполіі, мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі. Экзарх Канстантынопальскага патрыярха.

Нарадзіўся на Віцебшчыне ў праваслаўнай сям’і гродзкага пісара Адама Косава. Род Косаваў належаў да незаможнай беларускай шляхты[1].

Пачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай брацкай школе, дзе выявіў рэдкую схільнасьць да навукі. Вышэйшую адукацыю ў галіне філязофіі, рыторыкі і граматыкі атрымаў у каталіцкіх школах — Люблінскай езуіцкай калегіі і Замойскай акадэміі. Імаверна, вучыўся таксама ў Оламаўцы і Вене[2]. Пасьля вяртаньня ў Вільню, у канцы 1620-х распачаў пэдагагічную дзейнасьць у брацкай школе пры манастыры сьв. Духа, дзе стаў выкладчыкам рыторыкі і тэалёгіі. У 1631 прыехаў у Львоў, выкладаў у Львоўскай брацкай школе ва Ўсьпенскай царкве. Летам гэтага году сустрэўся зь пячорскім архімандрытам Пятром Магілам, які запрасіў яго ў Кіеў. У 1632 заняў пасаду прэфэкта і выкладчыка рыторыкі ў ляўрскай (магілянскай) і брацкай кіеўскіх школах. Пасьля ад’езду рэктара брацкай школы Тамаша Яўлевіча з Кіева ў Магілёў, узначаліў ужо аб’яднаную Кіева-Магілянскую калегію, у якой стаў прафэсарам. Адначасова кіраваў брацкай школай у Віньніцы. Уваходзіў у г. зв. «Магілянскі гурток» — задзіночаньне выбітных кіеўскіх гуманістаў.

З 1633 — архімандрыт Кіева-Пячорскай лаўры, з 1635 году — япіскап Амсьціслаўскі, Аршанскі і Магілёўскі, з 1647 — мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі. Канфліктаваў з полацкім і віцебскім уніяцкім арцыбіскупам Антонам Сялявам.

У сьнежні 1648 мітрапаліт Сыльвэстар ўрачыста прывітаў Багдана Хмяльніцкага пры яго ўезьдзе ў Кіеў.

Да зьяднаньня з Масквой (1654) Сыльвэстар Косаў ставіўся непрыхільна, быў таксама супраць безагляднага паразуменьня з Польшчай. Адстойваў незалежнасьць Праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай і яе знаходжаньня ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярха.

Памёр у красавіку 1657.

Тытульны аркуш «Дыдаскаліі» (1637) С. Косава, надрукаванай у Куцеінскай друкарні

Літаратурная спадчына С. Косава даволі значная. На старонках сваіх твораў ён прадставіў і абгрунтаваў адметную канцэпцыю гістарычна-культурнай арыентацыі Праваслаўя.

У 1635 ён выдаў на польскай мове пропаведзь, напісаную ў двух варыянтах, празаічным — «Cherubin przy akcie pogrzebnym... ojca Jozepha Bobrykowecza» і вершаваным — «Echo zalu na glos lamentuecego... Iozepha Bobrykowicza». У тым жа годзе апублікаваў «Патэрыкон, або Зборнік жыцьцяў сьвятых пячорскіх айцоў», які пазьней двойчы перавыдаваўся на царкоўнаславянскай мове: у 1661 і 1678 гг. Таксама ў гэтым годзе апублікаваў і выдаў у Кіеве гісторыка-публіцыстычны твор «Экзэгезіс».

Іншыя сачыненьні мітрапаліта Сыльвэстра: «Аб сямі сакрамэнтах» (першае куцеінскае выданьне 1638) і «Дыдаскалія» (1637).

  1. ^ Antoni Mironowicz, Sylwester Kossow — biskup białoruski, metropolita kijowski, Białoruskie Towarzystwo Historyczne, Białystok 1999
  2. ^ R. Łużny, Sylwester Kossow, «Polski Słownik Biograficzny», t. XIV, Wrocław 1968, s. 326.
  • Antoni Mironowicz, Sylwester Kossow — biskup białoruski, metropolita kijowski, Białoruskie Towarzystwo Historyczne, Białystok 1999
  • Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 524—526
  • Голубев С. Киевский митрополит Пётр Могила и его сподвижники. ― Киев, 1898, т. 2, с. 245—293
  • Флоря Б. Н., Корзо М. А. Сильвестр (Косов) // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2021. — Т. LXIII. — С. 362—368. — 752 с. — ISBN 978-5-89572-069-1.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]