Перайсьці да зьместу

Страфа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Страфа́ (па-старажытнагрэцку: στροφή — паварот) — гэта змацаваная пэўнай рыфмоўкай або кляўзацыяй інтанацыйна-сынтаксічная еднасьць двух ці больш вершаваных радкоў, якая рэгулярна паўтараецца ў вершаваным творы. У антычнай паэзіі, якая ня ведала рыфмаў, страфу арганізоўвала мэтрыка — строга ўпарадкаванае разьмяшчэньне вершарадоў пэўных памераў. У пазьнейшым вершы, у тым ліку і ў сучасным сілаба-танічным, мэтрычная арганізацыя страфы часткова засталася — у ёй нярэдка паўтараюцца ў строгай пасьлядоўнасьці разнастопныя радкі аднаго памеру (напрыклад, спалучэньне шасьцістопнага і чатырохстопнага ямба, чатырохстопнага і трохстопнага дактыля і г. д.). Аднолькавасьць рыфмоўкі або кляўзацыі — важны, але толькі зьнешні элемэнт страфічнага комплексу. Асноўнае ў страфе — гэта рытмічная цэласнасьць, якая прадвызначае аднароднасьць рытмічнага малюнка ў межах аналягічных строфаў, а таксама інтанацыйна-сынтаксічная еднасьць, дзякуючы якой строфы набываюць адносную зьмястоўную завершанасьць і самастойнасьць і выразна аддзяляюцца адна ад другой міжстрофнымі паўзамі, а на пісьме яшчэ і графічна — прабеламі.