Словазлучэньне
Словазлучэньне — гэта два або некалькі самастойных словаў, зьвязаных падпарадкавальнай сувязьзю.
Словазлучэньні адрозьніваюцца ад сказа (яны толькі частка сказу й ня могуць быць адзінкай зносін) і ад слова (яны больш дакладна называюць прадметы, дзеяньні, прыметы). Словазлучэньні бываюць:
- простыя — маюць два словы (высокі чалавек, леташняя пшаніца)
- складаныя — маюць тры й болей самастойных слоў (чалавек высокага росту, пшаніца леташняга ўраджаю).
Словазлучэньні выдзяляюцца са сказаў сваімі сувязямі:
Напрыклад, у сказе Бруіцца празрыстая рэчка, хаваецца ў ніцых кустах. (Я. Журба) можна выдзеліць наступныя словазлучэньні: рэчка (якая?) празрыстая | хаваецца (дзе?) ў кустах | кустах (якіх?) ніцых[c].
Словазлучэньне грунтуецца на падпарадкавальнай сувязі. Таму ў кожным словазлучэньні вылучаецца галоўнае слова (галоўны член) і залежнае слова (залежны член). Сувязі паміж членамі словазлучэньня вызначаюцца з дапамогай пытаньня (гл. ранейшы прыклад). Галоўным членам словазлучэньня могуць быць назоўнікі, дзеясловы, прыметнікі, прыслоўі. З улікам гэтага словазлучэньні падзяляюцца:
- дзеяслоўныя
- іменныя (назоўкавыя, прыметнікавыя)
- прыслоўныя.
У словазлучэньні існуюць адносіны паміж словамі:
- прадметам і яго прыметай (вялік сад, сьпелыя яблыкі)
- дзеяньнем і яго прыметай (чытаць уголас, ісьці сьпяшаючыся)
- дзеяньнем і акалічнасьцю — месца, часу, прычыны і г. д., пры якой яно адбываецца (жыць у горадзе, прыехаць увечары, трэсьціся ад страху).
У адрозьненьні ад значэньня залежнага члена словазлучэньні бываюць:
- азначальныя (сьнег (які?) чысты, краіна (чыя?) наша)
- аб’ектная (араць (чым?) трактарам, араць (што?) поле, вестка (ад каго?) ад таварыша)
- прасторавыя (адпачываць (дзе?) у вёсцы, ісьці (дзе?) лесам)
- часавыя (прыехаць (калі?) праз год, сабрацца (калі?) па абедзе)
- мэтавыя (змагацца (зь якой задачай?) дзеля шчасьця)
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бурак, Л. І. Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя : вучэб. дапам. для філал. фак. ун-таў / Л. І. Бурак. − Мінск: Універ-кае, 1987.
- Кароткая граматыка беларускай мовы : у 2 ч. Ч. 2. Сінтаксіс / навук. рэд. А. А. Лукашанец. — Мінск : Беларус. навука, 2009.