Перайсьці да зьместу

Пэдру Алварыш Кабрал

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пэдру Алварыш Кабрал
Дата нараджэньня 1467[1] або 1468
Месца нараджэньня
Дата сьмерці каля 1520[2][3][4]
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Занятак падарожнік-дасьледнік, мараплавец
Сябра ў His Most Faithful Majesty's Council[d]
Бацька Фэрнан Кабрал[d]
Маці Ізабэла дэ Гаўвэя дэ Кейруш[d]
Дзеці Антонію Кабрал[d] і Фэрнан Алварыш Кабрал[d]
Узнагароды
Knight of the Military Order of Christ
Подпіс Выява аўтографу

Пэ́дру А́лварыш Кабра́л (па-партугальску: Pedro Álvares Cabral; 1467 або 1468 — каля 1520) — партугальскі шляхціч, вайскавод, мараплавец і дасьледнік, першы за ўсё вядомы як эўрапейскі дасьледнік Бразыліі. Ён стаў першым чалавекам у гісторыі, які калі-небудзь наведваў чатыры часткі сьвету, як то Эўропу, зь якой паходзіў, Афрыку, Амэрыку і Азію.

Паходзіў з шляхетнай партугальскай сям’і і атрымаў добрую адукацыі. Пасьля ўдалага вяртаньня Вашку да Гама быў пасланы з экспэдыцыяй у Індыю каралём Мануэлам I у якасьці адмірала 2-га партугальскага флёту, які складаўся з 13 караблёў і 1200 чалавек экіпажу. Мэтай падарожжа было павяртаньне ў Партугалію з каштоўнымі спэцыямі і ўсталяваньнем гандлёвых дачыненьняў у Індыі, а таксама ўсталяваньнем манаполіі на гандаль спэцыямі.

Мараход выправіўся зь Лісабону 9 сакавіка 1500 году. Напярэдадні гэтага адбылася імша і ўрачыстасьці, на якіх прысутнічаў сам кароль, ягоны двор і велізарны натоўп[5]. Раніцай 14 сакавіка флятылія была ўжо ля берагоў Канарскіх атравоў[5][6]. Кабрал рушыў далей да Каба-Вэрдэ, партугальскай калёніі ля берагоў Афрыкі, якога дасягнуў 22 сакавіка[5][7], а 9 красавіка мараход мінуў роўнік і павярнуў на захад, каб пазьбегнуць зацішша на афрыканскім беразе. Празь месяц каманда апынулася ля берагоў Паўднёвай Амэрыкі. 24 красавіка ён высадзіўся і назваў берагавую паласу востравам Вэра-Круш, абвесьціўшы яе валоданьнем Партугаліі. Тут жа Кабрал сустрэўся з тубыльцамі, сустрэча зь якімі прайшла ў прыязнай атмасфэры, і мараход, нават, раздаў індзейцам падарункі[8].

Усьведамляючы значнасьць зробленага ім адкрыцьця, Кабрал накіраваў у Лісабон аднаго з капітанаў, Гашпара дзі Лемуша, са знакамітым пасланьнем каралю, якое напісаў ягоны сакратар. Празь некалькі месяцаў кароль выправіў у Вэра-Круш 3 каравелы пад камандаваньнем адмірала Куэльлю. Кабрал між тым аднавіў плаваньне ў Індыю.

У шторме ў паўднёвай Атлянтыцы Кабрал страціў некалькіх караблёў, а шэсьць астатніх зь іх у рэшце рэшт здолелі прайсьці праз Мазамбіцкі канал, перш чым трапіць у індыйскую Калікуту. Першапачаткова Кабрал меў посьпех у перамовах аб гандлёвых правах, але арабскія купцы бачылі ў партугальскіх амбасадарах пагрозу іхняй манаполіі і падштурхнулі мясцовым мусульманаў і індуістаў да нападу на партугальцаў. Кабрал страціў шмат сваіх людзей. У адказ Кабрал разрабаваў і зьнішчыў арабскі флёт, а потым бамбардаваў горад у адплату за тое, што мясцовы ўладар ня здолеў прадухіліць напад на партугальцаў. З Калікуты экспэдыцыя накіравалася ў Качын, яшчэ адзін індыйскі горад-дзяржаву, дзе Кабрал пасябраваў зь мясцовым кіраўніком і загрузіў караблі пажаданымі спэцыямі, павярнуўшыся потым у Эўропу. Не зважаючы на агромістыя страты, падарожжа Кабрала лічылася посьпехам па вяртаньні ў Партугалію. Надзвычайны прыбытак з продажу спэцыяў умацаваў фінансы партугальскай кароны і дапамог закласьці падмурак у будаўніцтве Партугальскай імпэрыі.

  1. ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
  2. ^ Pedro ?lvares Cabral // British Museum person-institution thesaurus
  3. ^ Pedro Álvarez Cabral // Diccionario biográfico español (гішп.)Real Academia de la Historia, 2011.
  4. ^ Pedro Alvares Cabral // Trove — 2009.
  5. ^ а б в Vianna 1994. С. 43.
  6. ^ Bueno 1998. С. 42.
  7. ^ Bueno 1998. С. 43.
  8. ^ Bueno 1998. С. 97.
  • Bueno, Eduardo A viagem do descobrimento: a verdadeira história da expedição de Cabral. — Rio de Janeiro: Objetiva, 1998. — ISBN 978-85-7302-202-5
  • Vianna, Hélio História do Brasil: período colonial, monarquia e república. — São Paulo: Melhoramentos, 1994.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]