Перайсьці да зьместу

Нігер (рака)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рака
Нігер

па-ангельску: Niger
Нігер у Малі
Нігер у Малі
Агульныя зьвесткі
Выток Гвінейскае нагор'е
Вусьце Гвінэйская затока
Краіны басэйну Гвінэя
Даўжыня 4 180 км
Плошча басэйну 2 117 700 км²
Месцазнаходжаньне
Нігер на мапе
Басэйн Нігера (зялёны)

Нігер — галоўная рака заходняй Афрыкі, мае даўжыню каля 4180 км. Плошча вадазбору каля 2 117 700 км²[1]. Бярэ свой пачатак на Гвінэйскіх узвышшах у паўднёва-ўсходняй Гвінэі. Цячэ праз Малі, Нігер, Бэнін і Нігерыю, дзе ўпадае ў Гвінэйскі заліў Атлянтычнага акіяна. Нігер — трэцяя па даўжыні рака Афрыкі пасьля Нілу і Конга.

Рака бярэ пачатак пад назвай Джоліба на схілах Леона-Лібэрыйскага ўзвышша, упадае ў Гвінэйскую затоку Атлянтычнага акіяну, утвараючы дэльту. Ад вытокаў прыкладна да 10° заходняй шыраты цячэ на паўночны ўсход у гарах, пераважна ў вузкай даліне, затым выходзіць на раўніны Судану, дзе разьбіваецца на шматлікія рукавы і пратокі, утворачы ўнутраную дэльту. У раёне гораду Тамбукту рукавы зноўку злучаюцца ў адное рэчышча. Ад Курусу да Бамака і ніжэй гораду Сэгу маецца шырокая даліна, і тутака рака значна павялічвае сваю ваданоснасьць з прычыны ўпадзеньня прытокаў. У гэтым месцы рака зьяўляецца суднаходнай. Паміж гарадамі Ке-Масына і Тамбукту Нігер падзяляецца на мноства рукавоў і працякае ў шырокай, моцна забалочанай пойме зь вялікай колькасьцю пратокаў, старыцаў і азёраў. У раёне Тамбукту рукавы злучаюцца ў адное рэчышча. Далей рака цячэ ва ўсходнім напрамку прыкладна каля 300 км уздоўж паўднёвай ускраіне пустэльні Сахара, не прымаючы значных прытокаў. Ад паселішча Бурэм рака паварочвае на паўднёвы ўсход, ніжэй гораду Елва перасякае Паўночнагвінэйскае ўзвышша, дзе прымае шмат дробных прытокаў.

Далей, аж да вусьця (каля 750 км), рака цячэ ў шырокай даліне, дзе зноўку зьяўляецца даступнай для суднаходзтва. Каля гораду Лакоджа ў Нігер упадае ейный найбуйнейшы прыток — Бэнуэ, які мае шырыню да 3 км і глыбіню да 20 м і больш. За 181 км ад акіяну паблізу гораду Аба пачынаецца дэльта Нігера. Па працягласьці найбольшы рукавом зьяўляецца Нун, але для суднаходзтва выкарыстоўваецца больш глыбокі рукаў Фаркадос. Марскія прылівы ахопліваюць большую частку дэльты і толькі на 35 км не дасягаюць ейнай. Нігер сілкуецца водамі летніх мусонных дажджоў і характарызуецца складаным водным рэжымам. У верхнім цячэньні паводка пачынаецца ў чэрвені і ў Бамака дасягае максымуму ў верасьні і кастрычніку. У ніжнім цячэньні ўздым вады пачынаецца ў чэрвені ад мясцовых дажджоў, у верасьні ён дасягае максымуму, далей узровень падае, але ў лютым зноўку падвышаецца ў сувязі з прыходам сюды паводкі зь верхняй часткі вадазбору.

  1. ^ Gleick, Peter H. (2000). «The World's Water, 2000-2001: The Biennial Report on Freshwater» (анг.) Island Press

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нігер (рака)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў