Перайсьці да зьместу

Нігер (рака)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рака
Нігер

па-ангельску: Niger
Нігер у Малі
Нігер у Малі
Агульныя зьвесткі
Выток Гвінейскае нагор'е
Вусьце Гвінэйская затока
Краіны басэйну Гвінэя
Даўжыня 4 180 км
Плошча басэйну 2 117 700 км²
Месцазнаходжаньне
Нігер на мапе
Басэйн Нігера (зялёны)

Ні́гер — галоўная рака заходняй Афрыкі, мае даўжыню каля 4180 км. Плошча вадазбору каля 2 117 700 км²[1]. Бярэ свой пачатак на Гвінэйскіх узвышшах у паўднёва-ўсходняй Гвінэі. Цячэ праз Малі, Нігер, Бэнін і Нігерыю, дзе ўпадае ў Гвінэйскую затоку Атлянтычнага акіяна. Нігер — трэцяя па даўжыні рака Афрыкі пасьля Нілу і Конга.

Рака бярэ пачатак пад назвай Джоліба на схілах Леона-Лібэрыйскага ўзвышша, упадае ў Гвінэйскую затоку Атлянтычнага акіяна, утвараючы дэльту. Ад вытокаў прыкладна да 10° заходняй шыраты цячэ на паўночны ўсход у гарах, пераважна ў вузкай даліне, затым выходзіць на раўніны Судану, дзе разьбіваецца на шматлікія рукавы і пратокі, утворачы ўнутраную дэльту. У раёне гораду Тамбукту рукавы зноўку злучаюцца ў адное рэчышча. Ад Курусу да Бамако і ніжэй гораду Сэгу маецца шырокая даліна, і тутака рака значна павялічвае сваю ваданоснасьць з прычыны ўпадзеньня прытокаў. У гэтым месцы рака зьяўляецца суднаходнай. Паміж гарадамі Ке-Масына і Тамбукту Нігер падзяляецца на мноства рукавоў і працякае ў шырокай, моцна забалочанай пойме зь вялікай колькасьцю пратокаў, старыцаў і азёраў. У раёне Тамбукту рукавы злучаюцца ў адное рэчышча. Далей рака цячэ ва ўсходнім напрамку прыкладна каля 300 км уздоўж паўднёвай ускраіне пустэльні Сахара, не прымаючы значных прытокаў. Ад паселішча Бурэм рака паварочвае на паўднёвы ўсход, ніжэй гораду Елва перасякае Паўночнагвінэйскае ўзвышша, дзе прымае шмат дробных прытокаў.

Выспачка на Нігеры ў Ніямэі.

Далей, аж да вусьця (каля 750 км), рака цячэ ў шырокай даліне, дзе зноўку зьяўляецца даступнай для суднаходзтва. Каля гораду Лакоджа ў Нігер упадае ейный найбуйнейшы прыток — Бэнуэ, які мае шырыню да 3 км і глыбіню да 20 м і больш. За 181 км ад акіяну паблізу гораду Аба пачынаецца дэльта Нігера. Па працягласьці найбольшы рукавом зьяўляецца Нун, але для суднаходзтва выкарыстоўваецца больш глыбокі рукаў Фаркадос. Марскія прылівы ахопліваюць большую частку дэльты і толькі на 35 км не дасягаюць ейнай. Нігер сілкуецца водамі летніх мусонных дажджоў і характарызуецца складаным водным рэжымам. У верхнім цячэньні паводка пачынаецца ў чэрвені і ў Бамака дасягае максымуму ў верасьні і кастрычніку. У ніжнім цячэньні ўздым вады пачынаецца ў чэрвені ад мясцовых дажджоў, у верасьні ён дасягае максымуму, далей узровень падае, але ў лютым зноўку падвышаецца ў сувязі з прыходам сюды паводкі зь верхняй часткі вадазбору.

Уяўленьні і дасьледаваньні

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Паходжаньне назвы ракі застаецца незразумелым. Вядома, што «Нігер» ёсьць назвай, якая выкарыстоўвалася ў Міжземнамор’і, прынамсі, у клясычную эпоху, калі эўрапейскія веды пра рэгіён былі падобныя на здагадкі. Уважлівае вывучэньне працаў старажытных аўтараў пра землі Сахары пачынаецца з Пталемэя, які згадвае дзьве ракі ў пустэльні, як то Гір і далей на поўдзень Ні-Гір[2]. Такім чынам, першая была ідэнтыфікавана як Вадзі-Гір на паўночна-заходнім краі Туату, уздоўж мяжы сучасных Марока і Альжыру[3]. Ні-Гір, хутчэй за ўсё, ёсьць выдумкай, хоць назва замацавалася як назва ракі ў паўднёвым «вядомым» міжземнаморскім сьвеце сярод навукоўцаў.

Паводле старажытным уяўленьням эўрапейцаў Нігер уважаўся за частку Нілу.

Свэтоніюс паведамляў пра рымскія падарожжы ў Гер, але ж, паколькі ягоныя назвы ўсіх рэк паходзяць з бэрбэрскай мовы, у якой гэтая назва наўпрост азначае «водная плынь», лёгка можа ўзьнікнуць блытаніна. Плініюс павязаў гэты дзьве ракі як адную даўгую, якія праз азёры і зямлю прапляе да Нілу, сфармуляваўшы панятак, які захавоўся ў арабскім і эўрапейскім сьвеце. Повязь зь Нілам была высунутая ня толькі таму, што тады ён быў вядомы як вялікая рака Этыёпіі, то бок усіх земляў на поўдзень ад пустэльні, але і таму, што Ніл выходзіў зь берагоў штолета. У Эўропе і Заходняй Азіі паводкі адбываюцца вясной, па раставаньні сьнегу. Старажытныя пісьменьнікі тлумачылі летнюю паводку, разьлічваючы час, неабходны для сьцёку паводкавай вады ўніз уздоўж плыні, і час, які патрэбен, каб вясновая расталая вада дасягнула Эгіпту летам. Насамрэч, нільскі цыкль грунтуецца на мадэлі трапічных ападкаў, а не раставаньні сьнегу, але такая зьява была невядомая старажытнаму міжземнаморскаму сьвету[2]. У апавяданьнях Лява Афрыканскага і нават Ібн Батуты, не зважаючы на ягонае падарожжа па рацэ, міт пра зьліцьцё Нігера і Ніла захаваўся.

Не зважаючы на тое, што сапраўднае рэчышча Нігера, верагодна, было вядома мясцовым жыхарам, яно заставалася загадкай для астатняга сьвету да канца XVIII стагодзьдзя. Старажытныя рымляне, як то Плініюс, лічылі, што рака каля Тымбукту ёсьць часткай Нілу, як і Ібн Батута, у той час як раньнія эўрапейскія дасьледнікі меркавалі, што яна цячэ на захад і злучаецца з ракой Сэнэгал. Многія эўрапейскія экспэдыцыі да ракі былі няўдалымі. У 1788 годзе ў Ангельшчыне было створанае Афрыканскае таварыства для садзейнічаньня экспэдыцыям у Афрыку ў надзеі адкрыць рэчышча ракі Нігер, і ў чэрвені 1796 году шатляндзкі дасьледнік Мунга Парк стаў першым эўрапейцам, які зрабіў падарожжа ўздоўж ракі. Ён вызначыў, што Нігер рушыць на ўсход і не мае аніякай сувязі ані з Сэнэгалам, ні з Гамбіяй. Раней жа існавала меркаваньне, што Нігер разьдзяляецца на гэтыя дзьве ракі. Парк меў намер высьветліць, куды цячэ рака Нігер, але быў вымушаны скончыць вандроўку праз трапічную ліхаманку. Ён апісаў сваё падарожжа ў кнізе «Падарожжы ў глыбіні Афрыкі», якая была апублікаваная ў 1799 годзе[4]. У 1805 годзе ён зноў наведаў Нігер і дасьледаваў ягоную плынь ад Бамако да Пусанга, дзе быў забіты мясцовымі жыхарамі. Ніжні бег ракі Нігер у той час было невядомым, але лічылася, што рака мае ўток у Гвінэйскую затоку. Гэта было пацьверджана падарожжамі Дыксана Дэнэма і Г’ю Клэпэртана ў 1825 годзе і другім падарожжам Клэпэртана ў 1827 годзе.

Мунга Парк стаў першым эўрапейцам, які прайшоў уздоўжо ракі.

У XIX стагодзьдзі рачныя параходы забясьпечвалі доступ да шырокіх тэрыторыяў углыб мацерыка. Макгрэгар Лэрд распрацаваў чыгунны колавы параход «Альбурка», здольны самотна плысьці ў Заходнюю Афрыку, дзе Лэрд спадзяваўся заняцца гандлем. Лэрд асабіста ўзяўся за кіраваньне экспэдыцыяй. «Альбурка» адплыла на поўдзень зь Мілфард-Гэйвэна ў ліпені 1832 году, маючы 48 чалавек на борце, і, дасягнуўшы вусьця Нігера праз тры месяцы, увайшла ў гісторыю як першы акіянскі жалезны карабель, які трапіў у гэтыя мясьціны. Ідучы па адным з шматлікіх прытокаў дэльты Нігера, «Альбурка» ішла па рацэ да Лакоджы, дзе рака злучылася з ракою Бэнуэ. Экспэдыцыя выявіла, што Нігер можа служыць шляхам на кантынэнт для акіянскіх суднаў. Калі карабель вярнуўся ў Лівэрпул у 1834 годзе, зь першапачатковага экіпажу з 48 чалавек засталіся ў жывых толькі дзевяць, у тым ліку моцна саслаблены Макгрэгар Лэрд. 24 кастрычніка 1946 году тры французы Жан Саві, П’ер Панці і кінарэжысэр Жан Руш, былыя дзяржаўныя службоўцы францускіх афрыканскіх калёніяў, выправіліся ў падарожжа ўздоўж усёй ракі, чаго яшчэ аніхто не рабіў. Яны падарожнічалі ад вытокаў ракі ля Кісыдугу ў Гвінэі, ідучы пэшшу да таго месца, дзе можна было выкарыстоўваць плыты, а потым рознымі мясцовымі відамі транспарту, паколькі рака часам пашыралася. Панці быў вымушаны пакінуць экспэдыцыю ў Ніамэі больш чым на паўдарозе, але астатняя група з двух чалавек дасягнулі акіяна 25 сакавіка 1947 году. Яны ўзялі з сабою 16-мілімэтровую кінакамэру, а з атрыманага матэрыялу Жан Руш склаў свае першыя два этнаграфічныя дакумэнтальныя фільмы пад назовамі «Ў краіне чорных магаў» і «Паляваньне на гіпапатама». Здымкамі з камэры таксама былі аздобленыя дзьве пазьнейшыя кнігі Жана Руша. Яны таксама мелі з сабою друкарскую машынку, на якой Панці друкаваў газэтныя артыкулы, якія ён рассылаў пры кожнай магчымасьці[5].

Значна пазьней нарвэскі падарожнік Гэльге Г’елян зьдзейсьніў яшчэ адное падарожжа ўздоўж усёй ракі, пачаўшы яго ў Гвінэі-Бісаў у 2005 годзе. Падарожжа было зьнятае на відэа самім падарожнікам і прадстаўлена шырокай публіцы ў якасьці дакумэнтальнага фільму «Самае жорсткае падарожжа»[6].

  1. Gleick, Peter H. (2000). «The World’s Water, 2000-2001: The Biennial Report on Freshwater» (анг.) Island Press
  2. 1 2 Law, R. C. C. The Garamantes and Trans-Saharan Enterprise in Classical Times // The Journal of African History. — 1967. — Vol. 8. — С. 181—200. — DOI:10.1017/S0021853700007015
  3. Bunbury, Edward Herbert; Stahl, William H. (1879) «A History of Ancient Geography Among the Greeks and Romans: From the Earliest Ages Till the Fall of the Roman Empire». J. Murray, London. — С. 626—627.  (анг.)
  4. de Gramonte, Sanche The Strong Brown God: Story of the Niger River // Houghton Mifflin. — 1991. — ISBN 0395567564.
  5. Baugh, Brenda About Jean Rouch // Documentary Education Resources.
  6. The Cruelest Journey. Bergen International Film Festival.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]