Зыгмунт Сьвянціцкі
Зыгмунт Сьвянціцкі | |
Дата нараджэньня | 8 (20) кастрычніка 1836 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 8 (21) траўня 1910 (73 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | лекар, хірург, дэрматоляг, эпідэміёлаг, тэрапеўт, мэдычны адміністратар |
Навуковая ступень | доктар мэдыцыны[d] (1864) |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Сьвянціцкі.
Зы́гмунт (Сігізму́нд) Ка́рлавіч Сьвянці́цкі (па-польску: Zygmunt Śwіęcіckі; 20 кастрычніка 1836, Красьцінава, цяпер Берасьцейская вобласьць — 21 траўня 1910, Менск) — беларускі лекар, адзін з заснавальнікаў унутрыполасьцевай хірургіі ў Беларусі[1]. Доктар мэдыцыны (1864). Малодшы брат мэдыка Мечыслава Сьвянціцкага.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і небагатага шляхціца[2]. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Пінскай дваранскай вучыльне й Менскай гімназыі, якую скончыў са срэбным мэдалём[2]. Яшчэ не дасягнуўшы 16 гадоў паступіў на мэдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэта, але праз актыўны удзел у студэнцкім руху прыцягнуў да сябе ўвагу царскага ахоўнага адзьдзяленьня й быў вымушаны кінуць вучобу, пайсьці на вайсковую службу й вярнуцца на радзіму[1][2].
Паводле парады старэйшага брата працягнуў вучыцца ў Пецярбурскай мэдыка-хірургічнай акадэміі, якую скончыў у 1861 годзе з залатым мэдалём. Імя Сьвянціцкага як найлепшага выпускніка было занесена на мармуровую дошку канфэрэнц-зялы акадэміі, а сам ён быў пакінуты для падрыхтоўкі да навуковай і пэдагагічнай дзейнасьці. Праз тры гады Зыгмунт Сьвянціцкі абараніў доктарскую дысэртацыю, але пэрспэктывы будучай навуковай кар’еры ўскладніліся сацыяльным напружаньнем пасьля паўстаньня 1863—1864 гадоў, праз што назаўсёды пакінуў сьцены Акадэміі[2].
З 1870 году прызначаны старшым лекарам вайсковага шпіталя ў Менску[1][2].
11 сьнежня 1879 году ў Менску паводле ініцыятывы доктара мэдыцыны Зыгмунта Карлавіча Сьвянціцкага Менскае таварыства лекараў на свае сродкі адкрыла бясплатную «лякарню для прыходных бедных хворых» — першую менскую «паліклініку»[2]. Узначальваў лякарню Зыгмунт Сьвянціцкі, а яго памочнікам быў Іван Стржалка. Прыём вялі каля пятнаццаці лекараў і дзесяці фэльчараў[2]. Гэта ўстанова была закрыта праз недахоп фінансаваньня ў 1881 годзе[3].
Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску[2].
Прыватнае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1860 годзе пазнаёміўся зь дзевятнаццацігадовай Элізай Ажэшка, у часе студэнцкіх канікул. Эліза была ўжо замужняй жанчынай, але шлюб быў нешчасьлівым. Зыгмунт, які ведаў сем моваў, і Эліза, якая ведала чатыры, адчулі сымпатыю адзін да аднаго, але ў хуткім часе сяброўства перарвалася доўгай навуковай камандаваньнем Зыгмунта Сьвянціцкага ў Бэрлін і Вену. У часе разлукі Эліза Ажэшка прыняла актыўны ўдзел у паўстаньні 1863 года, у выніку чаго яе муж, хоць і не прымаў у паўстаньні актыўнага ўдзелу, быў арыштаваны й сасланы ў Пермскую губерню, а яго маёнтак канфіскаваны[2].
Сама Эліза пераехала ў раскіданы бацькоўскі маёнтак Мількаўшчына на Гарадзеншчыне. У гэты цяжкі пэрыяд жыцьця Зыгмунт адшукаў яе. Адзінай перашкодай для іх шлюбу заставалася замужжа Элізы. Яна пачала шлюбаразводны працэс, які запатрабаваў ўмяшаньня кансысторыі і зацягнуўся на некалькі гадоў. Муж Элізы ў гэты час вярнуўся з ссылкі й жыў у Варшаве, зарабляючы лекцыямі музыкі. У гэты час штосьці здарылася паміж закаханымі, і шлюб не адбыўся[2].
Эліза Ажэшка ніколі не апавядала й не пісала пра адносіны са Сьвянціцкім, але існуе меркаваньне, што ён зьяўляецца прататыпам галоўнага героя ў яе рамане «Апошняе каханьне». Эліза Ажэшка й Зыгмунт Сьвянціцкі памерлі ў адзін год і адзін месяц з розьніцай у тры дні. 22 мая 1910 году віленская ґазэта «Kurіer Lіtewskі» зьмясьціла на сваёй першай старонцы два нэкралёгі. Адзін зь іх паведамляў аб сьмерці Элізы Ажэшка, якая наступіла 18 мая 1910 году, другі — пра сьмерць Зыгмунта Сьвянціцкага, якая наступіла 21 мая таго ж года[2].
Жонкай Сьвянціцкага стала пляменьніца Адама Міцкевіча Марыя Міцкевіч[2].
На вуліцы Леніна ў Менску захаваўся дом № 13, які належаў Зыгмунду Сьвянціцкаму (узьведзены ў пачатку ХХ ст. архітэктарам Генрыкам Гаем у стылі мадэрн), цяпер гэта гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[1].
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўтар навуковых прац па пытаньнях хірургіі. Дысэртацыя — «Анатамічныя вышукі пра цягліцу, што сьціскае мочаспускальны канал у мужчын» (1864). У 1874 годзе упершыню правёў апэрацыю на плечавым суставе з прыдуманым ім «ушчамлявальным прыборам».
Акрамя хірургіі, ён займаўся пытаньнямі эпідэміялёгіі, тэрапіі, дэрматалёгіі, курорталёгіі, арганізацыі аховы здароўя, жыва адгукаўся на розныя вострыя сацыяльныя й мэдычныя праблемы[1]. У першы год свайго знаходжаньня ў Менску прааналізаваў распаўсюджваньне халеры ў горадзе, зразумеў, што немалаважную ролю ў гэтым адыгрываюць рэкі Сьвіслач і Няміга. Ён таксама заўважыў неўспрымальнасьць некаторых асобаў да захворваньня, засяродзіў увагу на зьяве імунітэту, папярэдзіўшы тым самым зьяўленьне імуналёгіі[1].
23 лютага 1884 году Зыгмунт Сьвянціцкі далажыў Таварыству менскіх лекараў аб пасьпяхова праведзенай (у сьнежні 1883) разам з Іванам Стржалкам апэрацыі ліквідацыі пузырна-похвавага сьвіршча, які зьявіўся пасьля працяглых і цяжкіх трэціх родаў[4].
Грамадзкая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сябра Таварыства менскіх лекараў (у 1873—1879 і ў 1883—1885 гадах яго прэзыдэнт). У Менску ў 1884 годзе паводле яго ініцыятывы арганізавана санітарная камісыя змаганьня з халерай[1][5][6].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 270 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 2002 Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. Свянціцкі Сігізмунд Карлавіч.
- Кульпанович О. А. История медицины Беларуси в биографиях ее врачей XVII-1 пол. XX вв.: 2000 биографий врачей. Минск: Медисонт, 2011. — 462 с. — ISBN 978-985-6982-30-2 (рас.)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё 20 кастрычніка 2016 году — 180 гадоў з дня нараджэння Сігізмунда Карлавіча Свянціцкага (1836—1910), лекара, які ўнёс значны ўклад у станаўленне беларускай медыцыны, грамадскага дзеяча
- ^ а б в г д е ё ж з і к л Свенцыцкій Сігізмунд Карловіч(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Медицина в эпоху позднего феодализма (конец XVIII в. — первая половина XIX в.(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ І. К. Стржалко(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Молчанов А. П. К истории научных медицинских обществ в Белоруссии. — Мн.: Минский госмединститут, 1981.
- ^ Крючок Г. Р. Очерки истории медицины Белоруссии. — Мн.: Беларусь, 1976. — 264 с.