Перайсьці да зьместу

Гэнры Форд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэнры Форд
Henry Ford
Гэнры Форд у 1919 годзе
Род дзейнасьці аўтамабільная прамысловасьць
Дата нараджэньня 30 ліпеня 1863
Месца нараджэньня Грынфілд, Мічыган, ЗША
Дата сьмерці 7 красавіка 1947 (83 гады)
Месца сьмерці Дэтройт, ЗША
Прычына сьмерці кровазьліцьцё ў мозаг[d]
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак прадпрымальнік, вынаходнік, пісьменьнік, палітык, аўтагоначнік, журналіст, прамысловец, прамысловы магнат
Сябра ў SAE International[d]
Бацька Ўільям Форд[d]
Маці Мэры О’Гэрн[d][2]
Дзеці Эдсэл Форд[d]
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу

Гэ́нры Форд (па-ангельску: Henry Ford; 30 ліпеня 1863 году, Грынфілд, Мічыган, ЗША — 7 красавіка 1947 году, Дэтройт, ЗША) — амэрыканскі прамысловец і бізнэсовы магнат, які заснаваў у 1906 годзе аўтамабільную кампанію «Ford Motor Company» у горадзе Дэтройце. Стаўся піянэрам у галіне масавай вытворчасьці і распрацоўкі зборачнай тэхнікі.

Не зважаючы на тое, што Форд ня вынайшаў аўтамабіль і канвэер[3], але ён распрацаваў і вырабіў першы аўтамабіль, які шматлікія амэрыканцы сярэдняй клясы маглі сабе дазволіць. Робячы гэта, Форд ператварыў аўтамабіль з дарагой цацкі заможных людзей у практычную прыладу шырокага кола насельніцтва, што моцна паўплывала на сусьветную гісторыю XX стагодзьдзя. Ягоны аўтамабіль Model T зрабіў сапраўдную рэвалюцыю ў галіне транспарту і амэрыканскай прамысловасьці. Як уладальнік кампаніі Ford Motor Company, ён стаў адным з самых заможных і самых вядомых людзей у сьвеце. Імём Форда нараклі гэтак званы фардызм, які апісвае масавую вытворчасьць таннага тавару ў спалучэньні з высокімі заробкамі працаўнікоў. Форд меў глябальнае бачаньне, а спажывецкасьць лічыў ключом да міру. Ягоная інтэнсіўная прыхільнасьць да сыстэматычнага зьніжэньня выдаткаў прывяла да шматлікіх тэхнічных і дзелавых інавацыяў, як то вынаходзтва сыстэмы франшызы, якія прадастаўлялі дылерскія офісы па ўсёй тэрыторыі Паўночнай Амэрыкі і ў буйных гарадох шасьці кантынэнтаў. Форд пакінуў вялікую частку свайго велізарнага багацьця адмысловаму фонду і запясьпечыў поўны кантроль кампаніі сваёй сям’ёй.

Форд быў таксама шырока вядомы сваім пацыфізмам у першыя гады Першай сусьветнай вайны, але таксама ён спрыяў прапагандзе антысэмітычнага зьместу, якая, паводле некаторых меркаваньняў, паўплывала на разьвіцьцё ідэяў нацызму.

Гэнры нарадзіўся ў сям’і ірляндзкага фэрмэра-эмігранта і ягонай жонкі, якая паходзіла зь сям’і эміграваўшых бэльгійцаў. Бацька здарыў яму ў падлеткавым узросьце кішэнны гадзіньнік, і ўжо ў 15 гадоў Форд шматкроць разьбіраў і зноўку зьбіраў гадзіньнікі сяброў і суседзяў, атрымаўшы рэпутацыю рамонтніка гадзіньнікаў[4]. У дзяцінстве, захапіўшыся тэхнікай, працаваў у розных мэханічных майстэрнях. У 1876 годзе памерла Фордава маці, што вельмі спустошыла маладога хлопца. Бацька чакаў, што ў рэшце рэшт ён возьме на сябе сямейную гаспадарку, але той пагарджаў працай у фальварку. Пазьней Форд успамінаў, што ён ніколі ня меў асаблівай любові да фальварку, але любіў маці ў фальварку[4]. У 1879 годзе Форд пакінуў дом, уладкаваўшыся вучнем машыніста ў Дэтройце. У 1882 годзе ён вярнуўся, каб працаваць на сямейнай фальварку, дзе ўмеў кіраваць пераноснай паравой машынай Westinghouse. Пазьней ён быў наняты кампаніяй Westinghouse дзеля абслугоўваньня іхных паравых машынаў. У гэты пэрыяд Форд таксама навучаўся бухгальтэрыі ў бізнэсовым каледжы ў Дэтройце[5].

У 1888—1899 гадох выконваў абавязкі інжэнэра-мэханіка, а потым і галоўнага інжынэра ў «Электрычнай кампаніі Эдысана» (анг. Edison Illuminating Company). У 1896 годзе змайстраваў свой першы прататып уласнага аўтамабіля. У 1899 годзе стаў адным з заснавальнікаў фірмы «Detroit Automobile Company», якая потым зьмяніла назву на «Cadillac Motor Company». У 1906 годзе, Гэнры Форд разышоўся ў меркаваньнях зь іншымі заснавальнікамі ў пытаньні далейшага разьвіцьця кампаніі, у выніку чаго ён прадаў сваю долю і зафундаваў уласную кампанію «Ford Motor Company». Форд быў прыхільнікам вытворчасьці вялікай колькасьці танных аўтамабіляў.

Форд распачаў сваю прамысловую дзейнасьць у пэрыяд хуткага разьвіцьця матарызацыі, у гэты час на амэрыканскім рынку дзейнічала ўжо шмат буйных кампаніяў. Гэнры Форд зьдзейсьніў рэвалюцыю ў вытворчасьці аўтамабіляў, увёўшы у вытворчы працэс канвэер і трохзьменны працоўны дзень. Ён змог хутка перамагчы ў канкурэнтнай барацьбе вывеўшы на рынак у 1907 годзе аўтамабіль Мадэль Т, арганізаваўшы вытворчасьць прадукцыі адной мадэлі толькі чорнага колеру. Дзякуючы гэтаму, кошт Мадэлі Т быў значна ніжэйшы чым у канкурэнтаў, што зрабіла яго даступным сярэдняму амэрыканцу. Да заканчэньня вытворчасьці ў 1927 годзе было зроблена болей за 15 млн аўтамабіляў Мадэлі Т.

Першапачаткова Гэнры Форд выпрабоўваў кожны аўтамабіль, пацьвярджаючы гэта ўласным подпісам. Брак тэхнічнай адукацыі Гэнры Форд змог кампэнсаваць практычнымі ведамі і інтуіцыяй, праз што ён часта ўмешваўся ў працу сваіх канструктараў, ці непасрэдна кіраваў іхнымі распрацоўкамі.

Даступнасьць аўтамабіляў Форда выклікала зьмену грамадзкага ладу ў ЗША, зрабіўшы магчымым хуткі рост такіх гарадоў як Нью-Ёрк ці Дэтройт, а таксама засяленьне аддаленых раёнаў, такіх як Флорыда, якая была спустошаная ўраганам 1926 году. Форд, таксама паўплываў на эканамічнае жыцьцё краіны, увёўшы крэдыты на аўтамабілі.

Гэнры Форд памёр 7 красавіка 1947 году ва ўзросьце 83 гадоў.

Гэнры Форд выдаткоўваў частку сваіх прыбыткаў на антысэміцкую прапаганду сярод новых працаўнікоў[6]. Дзеля гэтага заснаваў «Dearborn Publishing Company», якая выдавала газэту «The Dearborn Independent». У газэце друкаваліся антысэміцкія артыкулы, якія потым перадрукоўваліся ў іншых выданьнях[7]. На гэтыя артыкулы потым зьвярнуў увагу Адольф Гітлер[8].

У той жа час Форд меў рэпутацыю кіраўніка адной зь нешматлікіх буйных карпарацыяў, якая наймала неграў на працу, а таксама не абвінавачвалася ў дыскрымінацыі габрэйскіх працаўнікоў і дастаўнікоў[9]. Ён таксама наймаў на працу жанчынаў і інвалідаў, што на той час лічылася даволі незвычайным[10]. Разам з антысэмітызмам Форд прапагандаваў пацыфізм.

  1. ^ Find a Grave (анг.) — 1996.
  2. ^ Lundy D. R. The Peerage (анг.)
  3. ^ «The Life of Henry Ford». Henry Ford Museum & Greenfield Village.
  4. ^ а б Ford, Henry; Crowther, Samuel (1922). «My Life and Work». Garden City, New York, USA. — С. 22—24.
  5. ^ Watts, Steven (2006). «The People's Tycoon: Henry Ford and the American Century». Random House, Inc. — С. 28. — ISBN 978-0-307-55897-8.
  6. ^ «Henry Ford and Anti-Semitism: A Complex Story». The Henry Ford.
  7. ^ «Ford's Anti-Semitism». American Experience.
  8. ^ «2019 Recap: 100 Years Later, Dearborn Confronts The Hate Of Hometown Hero Henry Ford». Deadline Detroit.
  9. ^ «America's wholesome square dancing tradition is a tool of white supremacy». Quartz.
  10. ^ Howard P. Segal (2008). «Recasting the Machine Age: Henry Ford's Village Industries». University of Massachusetts Press. — С. 46. — ISBN 978-1-55849-642-2.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]