Вулічнае асьвятленьне
Ву́лічнае асьвятле́ньне ці во́нкавае асьвятленьне — комплекс сродкаў, прызначаных для штучнага асьвятленьня вулічна-дарожнай сеткі, жылых кварталаў і мікрараёнаў, паркаў, ці тэрыторыяў любых іншых аб’ектаў праз або з дапамогай пераўтварэньня электрычнай энергіі ў сьветлавую.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Самыя першыя вулічныя ліхтары зьявіліся ў пачатку XV-га стагодзьдзя. Па распараджэньні мэра Лёндану Гэнры Бартана ў 1417 сталі вывешваць вулічныя ліхтары. У пачатку XVI стагодзьдзя жыхароў Парыжу абавязалі трымаць сьвяцільні ў вокнаў, якія выходзяць на вуліцу. Першая сыстэма гарадзкога вулічнага асьвятленьня была створана яшчэ ў XVII стагодзьдзі ў Амстэрдаме, па ініцыятыве Яна ван дэр Гэйдэна, які ў першую чаргу быў вядомы як арганізатар гарадзкой пажарнай аховы. У 1668 годзе ён прапанаваў усталяваць вулічныя ліхтары, каб па начах гараджане не падалі ў каналы, для барацьбы са злачыннасьцю і для палягчэньня тушэньня пажараў. Праект Ван дэр Гэйдэна прадугледжваў ўстаноўку двух з паловай тысячаў алейных ліхтароў, канструкцыя якіх была распрацавана ім самім.
У 1669 г. Ян ван дэр Гэйдэн атрымаў пасаду Дырэктара і інспэктара гарадзкога асьвятленьня (па-нідэрляндзку: directeur en opzichter van de Stadsverlichting), да якой прыкладалася штогадовае дараваньне ў памеры двух тысячаў гульдэнаў. Ліхтары сыстэмы Ван дэр Гэйдэна выкарыстоўваліся ў Амстэрдаме да 1840 году, пасьля чаго іх зьмянілі больш сучасныя сьвяцільні.
Вельмі хутка амстэрдамскае новаўвядзеньне запазычылі і іншыя гарады. У 1682 горад Гронінген замовіў 300 ліхтароў канструкцыі Ван дэр Гэйдэна. Не адставала і замежжа: у тым жа годзе гарадзкое асьвятленьне сыстэмы Ван дэр Гэйдэн было ўведзена ў Бэрліне.
Спачатку ліхтары давалі адносна мала сьвятла, паколькі ў іх выкарыстоўваліся звычайныя сьвечкі і алей. Прымяненьне газу дазволіла значна павялічыць яркасьць асьвятленьня. Газавыя ліхтары зьявіліся ў пачатку XIX-га стагодзьдзя. Іх вынаходнікам быў ангелец Ўільям Мэрдак. У 1807 г. ліхтары новай канструкцыі былі ўсталяваныя на вуліцы Пэл-Мэл і неўзабаве пакарылі ўсе эўрапейскія сталіцы. У канцы XIX стагодзьдзя — з вынаходніцтвам электрычнасьці і электрычнай лямпы, на зьмену газавым ліхтарам прыйшлі ліхтары з электрычнымі лямпамі. Сярод першых гарадоў, у якіх былі ўсталяваныя падобныя ліхтары, быў швэдзкі Гэрнёсанд.
Клясыфікацыя ліхтароў вулічнага асьвятленьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле крыніцы асьвятленьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сьвячныя;
- Алейныя;
- Газавыя (газа);
- Газавыя (прыродны газ);
- Зь лямпамі напальваньня;
- З дугавымі лямпамі;
- Са сьвятлодыёднымі лямпамі;
- Зь індукцыйнымі лямпамі;.
Паводле тыпу апоры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- На драўляных слупах;
- На жалезабетонных слупах;
- На мэталічных слупах;
- На мачтах;
- На крапежных тросах;
- На крапежных кабелях;
- На сьценах будынкаў і збудаваньняў.
Будова электрычнай сеткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сеткі вулічнага асьвятленьня выконваюцца з дапамогай кабельных або паветраных лініяў з выкарыстаньнем саманясучых ізаляваных правадоў. У абмежаваных выпадках для паветраных разьмеркавальных сетак дапускаецца выкарыстаньне неізаляваных правадоў.
Па апорах кантактнай сеткі электрыфікаванага транспарту напругай да 660 В пастаяннага току, на якіх усталяваны сьвяцільні вулічнага асьвятленьня, для іх сілкаваньня дазваляецца пракладаць кабельныя лініі. Дапускаецца таксама выкарыстоўваць саманясучыя ізаляваныя правады.
Лініі сілкаваньня сьвяцільняў, падвешаных на тросах, павінны выконвацца з дапамогай саманясучых ізаляваных правадоў або неізаляваных правадоў, якія пракладзены па ізалятарах. Тросы для падвешваньня сьвяцільняў сілкавальных лініяў сеткі дапускаецца мацаваць да канструкцыяў будынкаў, пры гэтым тросы павінны мець амартызатары.
Віды асьвятленьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Для асьвятленьня магістраляў і іншых буйных аўтадарогаў выкарыстоўваюцца ліхтары з рэфлектарам. Рэфлектар патрэбны для канцэнтрацыі сьвятла ў кірунку аўтадарогі. Магутнасьць лямпы, якая ўстанаўліваецца ў ліхтар складае 250—400 Вт.
- Для асьвятленьня другарадных дарогаў можа выкарыстоўвацца як рэфлектарнае, так і расьсеянае асьвятленьне. Ліхтары забясьпечваюцца рэльефнымі празрыстымі пляфонамі, якія расьсейваюць прамяні сьвятла на далёкую адлегласьць. Магутнасьць лямпаў складае 70—250 Вт.
- Для асьвятленьня пешаходных тратуараў, паркаў, роварных дарожак і прыпынкаў грамадзкага транспарту выкарыстоўваецца расьсеянае асьвятленьне. Пры канструкцыі такіх ліхтароў асаблівая ўвага надаецца пляфонам, якія расьсейваюць промні сьвятла. Звычайна яны робяцца альбо ў форме шару, альбо ў форме цыліндру. Магутнасьць лямпаў, якія выкарыстоўваюцца ў такіх ліхтарах, складае 40—125 Вт.
- Для асьвятленьня інфармацыйных аб’ектаў (нумароў дамоў, дарожных знакаў, вонкавай рэклямы) выкарыстоўваецца як унутраная падсьветка, так і падсьвятленьне адмысловымі лямпамі і пражэктарамі.
- Архітэктурнае асьвятленьне выкарыстоўваецца для дэкаратыўнай падсьветкі фасадаў будынкаў і іншых архітэктурных аб’ектаў.