Вацлаў Ганка
Вацлаў Ганка | |
Václav Hanka | |
Вячаслаў Ганка | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 10 чэрвеня 1791[1][2][3][…] |
Памёр | 12 студзеня 1861[1][2][3][…] (69 гадоў) |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | мовазнавец, паэт, бібліятэкар, архівіст, пэдагог, перакладнік, пісьменьнік, гісторык, археоляг, славіст, прафэсар унівэрсытэту |
Мова | чэская мова[2][7] |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Ва́цлаў Га́нка (па-чэску: Vác(es)lav Hanka; 10 чэрвеня 1791, Горжыневес пад Кёніггрэцам — 12 студзеня 1861, Прага) — чэскі філёляг і паэт, дзяяч нацыянальнага адраджэньня. Вядомы як складальнік фальшывых Краледворскага і Зеленагорскага рукапісаў.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вацлаў Ганка нарадзіўся ў Горжыневесе пад Кёніггрэцам. У 1807 быў адпраўлены ў школу, каб пазьбегнуць выкліку ў аўстрыйскае войска. Па сканчэньні паступіў у Праскі ўнівэрсытэт, дзе заснаваў суполку разьвіцьця чэскае мовы. У 1813—1814 вывучаў права ў Вене, дзе выдаваў чэскую газэту і пазнаёміўся з заснавальнікам славянскае філялёгіі Язэпам Добраўскім.
Рукапісы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]16 верасьня 1817 Ганка паведаміў, што знайшоў у вежы царквы ў Кёнігінгофе-ан-дэр-Эльбэ (бел. Двор каралеўны над Лабай) рукапіс багемскіх паэмаў XIII стагодзьдзя, а ў наступным року — што атрымаў ад ананіма рукапіс, які быў названы «Зеленагорскім» пасьля таго, як была апублікаваная вэрсія пра выяўленьне яго ў Грунбэрскім замку (бел. Зялёная гара) каля Непамуку.
«Рукапісы каралеўскага двару і Зялёнай гары» (па-чэску: Rukopisy Královédvorský a Zelenohorský) былі апублікаваныя ў 1818 року з паралельным перакладам на сучасную чэскую мову, а таксама зь нямецкім перакладам Свобады. Арыгіналы рукапісаў Вацлаў Ганка перададаў у Багемскі музэй у Празе, дзе працаваў бібліятэкарам з 1822 року.
Аднак яшчэ да публікацыі Добраўскі назваў урывак «Зеленагорскага рукапісу», вядомы як «Суд Лібушэ», відавочнай падробкай, хоць і паверыў у аўтэнтычнасьць «Краледворскага рукапісу». Не паверыў Ганку і другі ягоны настаўнік — славенец Ерней Копітар. Аднак усё маладое пакаленьне чэскіх асьветнікаў(cs) сустрэла «адкрыцьці» Ганкі з захапленьнем. Празь некалькі рокаў зьмяніў сваё меркаваньне й Добраўскі. Аднак сучасныя чэскія дасьледнікі лічаць «Зеленагорскі рукапіс» падробкай.
14 чэрвеня 1827 року Вацлаў Ганка, шукаючы на просьбу кёнігзбэрскага прафэсара Э. Г. Графа ў Праскім музэі слоўнікі зь нямецкімі глёсамі, наткнуўся на лацінскамоўны энцыкляпэдычны слоўнік «Mater Verborum» з упісанымі на ягоных старонках чэскімі глёсамі. Ён выдаў іх у альфабэтным парадку ў 1833 року як найістотнейшую крыніцу зьвестак пра старажытначэскую мову. Праведзены пазьней, ужо пасьля ягонай сьмерці Адольфам Патэрам палеаграфічны аналіз паказаў, што большасьць чэскіх глёсаў сфабрыкаваныя з лацінскіх. Цяпер большасьць славістаў лічаць чэскія глёсы «Mater Verborum» маланадзейнай крыніцай.
Дзякуючы Ганку (і ягонаму імавернаму суаўтару Ёзэфу Лінду) спраўдзіліся чаканьні дзеячоў чэскага нацыянальнага адраджэньня — «знайшліся» помнікі старажытнага пісьменства, якія не саступалі па даўнасьці і разнастайнасьці зьместу рускім і сэрбскім помнікам, і да таго ж утрымлівалі карціну гераічнай і дэмакратычнай мінуўшчыны Чэхіі, а таксама антынямецкія нападкі.
Беспрэцэдэнтна працягламу посьпеху фальсыфікацыяў спрыяла ня толькі ідэальная адпаведнасьць палітычным спадзяваньням чэскіх патрыётаў, але й літаратурны талент, высокія на той час сьлявістычная кваліфікацыя і тэхнічнае майстэрства Ганкі, які на паўстагодзьдзя апярэдзіў магчымасьці сучаснай яму навукі. Няўдалая спроба кампаніі па доказе падробленасьці рукапісаў, прадпрынятая аўстрыйскай паліцыяй і рэдактарам аўстрыйскай газэты нязадаўга да сьмерці аўтара (1860), здавалася, надоўга замацавала ягоную гістарычную перамогу: Ганка выйграў судовы працэс супраць аўстрыйцы Ку і сышоў у труну з аўрэолям мучаніка нацыянальнага адраджэньня.
Літаратурна-навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вацлаў Ганка пісаў таксама вершы, склаў пяцітомнік фальклёру «Старажытныя паданьні» (1817—1826), выдаў «Кароткую гісторыю славянскіх народаў» (1818).
У выніку мовазнаўчае спрэчкі з Францішкам Палацкім правёў рэформу артаграфіі чэскае мовы (увёў выкарыстаньне v замест w, au замест ou). Паводле прапанаванага Язэпам Добраўскім пляну склаў «Чэскую граматыку» (1822) і «Польскую граматыку» (1839).
Пераклаў на чэскую «Слова пра паход Ігаравы» (1821) з кансультацыямі Добраўскага і Аляксандра Шышкова; пасьля выдаў і нямецкі пераклад «Слова», зь якім быў знаёмы Аляксандар Пушкін. Выдаў Рэймскае (1846) і «Астрамірава Эвангельлі» (1853). За публікацыю першага зь іх быў узнагароджаны крыжам ордэна сьвятой Ганны ад расейскага цара Мікалая I і брыльянтавым пярсьцёнкам ад аўстрыйскага імпэратара Фэрдынанда I.
Узімку 1848 стаў выкладчыкам (з 1849 — прафэсар) славянскіх моваў у Праскім унівэрсытэце, дзе працаваў да скону.
Панславізм
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цягам амаль паўстагодзьдзя Ганка вёў актыўную працу па абмене інфармацыяй між славістамі розных краінаў. Збольшага дзякуючы ягоным высілкам Прага стала буйным цэнтрам славістыкі. У 1848 Вацлаў Ганка ўзяў удзел у Праскім славянскім кангрэсе, а таксама іншых мірных падзеях рэвалюцыі 1848—1849 рокаў з пазыцыяў панславізму. Стаў заснавальнікам палітычнага таварыства «Slovanská Lípa» і быў абраны ў імпэрскі райхсрат у Вене, аднак адмовіўся ад гэтае пасады.
Адыграў значную ролю ў знаёмстве чэхаў з расейскай літаратурай, быў абраны сябрам-карэспандэнтам Пецярбурскай Акадэміі навук.
Сканаў у Празе 12 студзеня 1861, пахаваны на Вішаградзкіх могілках.
Выкрыцьцё фальсыфікацыяў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Палеаграфічны аналіз «Mater Verborum», праведзены Адольфам Патэрам, стаў істотным крокам на шляху прызнаньня падробленасьці старажытных рукапісаў, знойдзеных Ганкам. Адной з мэтаў падробкі чэскіх глёсаў было падмацаваньне сапраўднасьці Краледворскага і Зеленагорскага рукапісаў. Імёны славянскіх бостваў і назвы плянэтаў, прыведзеныя ў «Mater Verborum», цягам паўстагодзьдзя фігуравалі ў якасьці крыніц па славянскай міталёгіі; да цяперашняга часу яны сустракаюцца там-сям у ненавуковых сачыненьнях па паганстве.
Першым крокам да выкрыцьця фальсыфікацыі Краледворскага і Зеленагорскага рукапісаў было прызнаньне найноўшай падробкай «Любоўнай песьні караля Вацлава» паводле рашэньня асаблівай камісіі Чэскага музэю 1857 року, скліканай на патрабаваньне Юліуса Фэйфаліка[8].
Канчаткова фальшывасьць абодвух рукапісаў з розных пунктаў погляду (тэхніка-палеаграфічнага, гістарычнага і лінгвістычнага) была навукова даведзеная толькі на мяжы XIX і XX стагодзьдзяў. Значную ролю ў каардынацыі дзеяньняў адмыслоўцаў у розных галінах навукі ў 1880-я-1890-я рокі адыграў будучы прэзыдэнт Чэхаславаччыны Томаш Масарык, які й сам выступаў на старонках часопісу «Athenaeum» як крытык рукапісаў з эстэтычнага пункту гледжаньня.
Быў выяўлены факт напісаньня рукапісаў на абрэзках старажытнага пэргамэнту, зь якога быў змыты стары тэкст (палімпсэст); ужываньне бэрлінскае блакіці, якая пачала вырабляцца ў XVIII стагодзьдзі; зьмешваньне напісаньняў рознага часу і няўпэўнены почырк (абвядзеньне абрысаў, падчысткі), на 6 тысячаў словаў — каля тысячы памылак у старажытначэскай мове, фактычныя анахранізмы і г. д. У вырабе рукапісаў зь вялікай доляй верагоднасьці ўзяў удзел таксама Ёзэф Лінда, хутка выяўленая падробка якога («Песьня пад Вышаградам») ужываецца ў тэксьце. У 1899 року нават зьявілася вэрсія пра тое, што ў Краледворскім рукапісе Ганка пакінуў аўтарскі знак — зашыфраваны лацінскі надпіс «Hanka fecit» (бел. Ганка зрабіў), аднак гэта не пацьвердзілася.
Бадай, самая «шкодная» Ганкава фальсыфікацыя — аповед пра перамогу Яраслава з Штэрнбэрка пад Оламаўцам над мангола-татарамі ў 1242 року (адна зь песьняў Краледворскага рукапісу). Гэтая мітычная бітва вандруе з аднае гістарычнае працы ў іншую і пасьля выкрыцьця фальсыфікацыяў, яна нават трапіла ў трэцяе выданьне Вялікай савецкай энцыкляпэдыі.
Працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паэзія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Dvanáctero písní»
- «Hankowy písně» (Прага, 1815, пашыранае перавыданьне «Dvanáctero písní»)
Навуковыя выданьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Starobyla Skiadani» (1817—1826, збор багемскага фальклёру ў 5 т.)
- «Кароткая гісторыя славянскіх народаў» (1818)
- «Чэская граматыка» (1822)
- «Польская граматыка» (1839)
- частку Эвангельляў з Рэймскага рукапісу (1846, глаголіцаю)
- «Астрамірава Эвангельле» (1853)
- «Stará pověst o Strojmírovi a Griseldě»
- «Sbírka nejdávnějších latinsko-českých slovníků»
- «Přehled pramenů právních v Čechách»
- «Mluvnice čili soustava českého jazyka podle Josefa Dobrovského»
- «Slovanská mluvověda»
- «Petrohradská legenda o svatém Václavu»
- «České mince korunovační»
Пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Krátká historie slovanských národů» (1818)
- «Prostonárodní srbská Musa do Čech převedenou» (пераклад сэрбскіх вершаў, прызнаны нізкаякасным)
- «Igor» (1821, пераклад з расейскай «Слова пра паход Ігаравы»)
- «Dějiny české v kamenopisně vyvedených obrazech» (1824)
- «Krakováčky, aneb písně národní polské»
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Імя Вацлава Ганкі ўнесенае ў сьпіс 72 выбітных асобаў Чэхіі(cs).
На роднай хаце Вацлава Ганкі ў Горжыневесе ўсталяваная мэмарыяльная таблічка з выразам «Народы не паміраюць, пакуль жыве мова».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Václav Hanka // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ а б в г д Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б в Wurzbach D. C. v. Hanka, Wenzeslaw (ням.) // Biographisches Lexikon des Kaiserthums Oesterreich: enthaltend die Lebensskizzen der denkwürdigen Personen, welche seit 1750 in den österreichischen Kronländern geboren wurden oder darin gelebt und gewirkt haben — Wien: 1856. — Т. 7. — S. 301.
- ^ а б Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
- ^ Hanka, Václav, 1791-1861 // regional database of the Municipal Library of Hradec Kralove
- ^ regional database of the Research Library in Hradec Králové (чэс.)
- ^ Hanka, Václav, 1791-1861 // CONOR.SI
- ^ Ламанский, IX
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- * Ламанский В. И. Новейшие памятники древнечешского языка // Ж. M. H. Пр., 1879
- Lass, Andrew. Romantic Documents and Political Monuments: The Meaning-Fulfillment of History in 19th-Century Czech Nationalism // American Ethnologist. — 1988. — В. 3. — Т. 15. — С. 456–471. — DOI:10.1525/ae.1988.15.3.02a00030
- Die ältesten Denkmäler der böhmischen Sprache / Václav Alois Svoboda, Václav Hanka. — Prag: 1840.
- Václav Hanka, Josef Linda. Manuscript of the Queen’s Court: A Collection of Old Bohemian Lyrico-epic Songs, with Other Ancient Bohemian Poems. — V. Hanka, 1852. — 86 с.
- Josef Lind, Václav Alois Svoboda. The Queen’s Court Manuscript, with Other Ancient Bohemian Poems. — Bell, 1852. — 108 с.
- Нарадзіліся 10 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1791 годзе
- Памерлі 12 студзеня
- Памерлі ў 1861 годзе
- Памерлі ў Празе
- Пахаваныя ў Празе
- Кавалеры ордэна Сьвятой Ганны 3 ступені
- Чэскія філёлягі
- Чэскія лінгвісты
- Чэскія паэты
- Чэскія славісты
- Чэскія пэдагогі
- Чэскія перакладнікі
- Містыфікатары
- Навучэнцы Карлавага ўнівэрсытэту
- Сябры-карэспандэнты Санкт-Пецярбурскай акадэміі навук
- Праваслаўе ў Чэхіі