Васіле Лупу
Васіле Лупу (? — 1661) — гаспадар Малдовы ў 1634—1653 гадах.
Па паходжаньні альбанец. Рабіў захады па аднаўленьні самастойнасьці Малдаўскага княства ад Асманскай імпэрыі, разьвіцьці эканомікі і культуры. Скінуты з трона Георгіем Стэфанам, стаўленьнікам туркаў. Памёр у зьняволеньні ў Стамбуле.
Падтрымліваў сталыя кантакты з кіеўскім мітрапалітам Пятром Магілам, зь яго дапамогай у 1640 гаду адкрыў у Ясах Славяна-Грэка-Лацінскую акадэмію, у якой працавалі і выхадцы зь Беларусі (І. Іяўлевіч, І. Собаль і іншыя) У 1643 годзе па яго ініцыятыве друкар зь Вільні Самуіл Рагаля арганізаваў першую ў Малдове друкарню. У 1645 годзе пры пасрэдніцтве Магілы і трансыльванскага князя Дзьёрдзя I Ракацы быў заключаны шлюб Януша Радзівіла, галавы кальвіністаў Рэчы Паспалітай і «сэпаратысцкай» партыі ў ВКЛ, з дачкой Лупу Марыяй. Мітрапаліт Магіла асабіста зьдзейсьніў праваслаўны абрад вянчаньня, гэтай падзеі было прысьвечана некалькі друкаваных твораў, паколькі меркавалася, што яна паспрыяе ўмацаваньню саюзу паміж праваслаўнымі, кальвіністамі і іншымі «дысыдэнтамі» Рэчы Паспалітай. Радзівіл, разьлічваючы выкарыстаць саюз з Малдовай і Трансыльваніяй для правядзеньня незалежнай зьнешняй палітыкі ў інтарэсах Літвы, у 1645—1646 двойчы асабіста наведваў Лупу ў Малдове. У поўнай меры пляны Радзівіла не былі рэалізаваныя, але саюз з Лупу адыграў пэўную ролю ў стрыманьні гегеманісцкіх памкненьняў Багдана Хмяльніцкага пад час антыфэадальнай вайны 1648—1651 гадоў.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Алесь Белы // . — Мн.: .
- Kotlubaj E. Zycie Janusza Radziwilla. Wilno, 1859.
- Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М., 1981.
- Голенченко Г.Я. Новые материалы по истории культурных связей Белоруссии с Россией и Украиной // Книга в Белоруссии: книговедение, источники, библиография. Вып. 2. Мн., 1983.
- Очерки внешнеполитической истории Молдавского княжества. Кишинев, 1987. с. 202—205.
- Сачанка Б. «Здраднік» // ЛіМ, № 28. 1990.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Васіле Лупу — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Арыгінальны артыкул(недаступная спасылка)