Валаскае княства
Валаскае княства, Угравалахія, Мунцянская зямля, Румынская зямля, зямля Басараба, у турэцкіх дакумэнтах — Іфлака, Кара Іфлака, з XV стагодзьдзя распаўсюдзілася назва Валахія — фэўдальная дзяржава ў Дунайскім рэгіёне. Разам з Малдаўскім княствам насіла агульную назву Дунайскае княства. Сталіца — першапачаткова Курця-дэ-Ардзеш, з 1383 г. Бухарэст.
Утварылася ў пачатку XIV стагодзьдзя ў выніку аб’яднаньня некалькіх валаскіх княстваў. Тэрыторыя Валаскага княства была заціснута паміж Дунаем (з поўдня і захаду) і перадгор’ямі Паўднёвых Карпатаў (з поўначы) і паступова павялічвалася на ўсход (у раён вусьцяў Дунаю) і паўднёвы ўсход (у раён паміж Усходнімі Карпатамі і прытокам Дуная р. Сырэт). З 1344 г. было ў васальнай залежнасьці ад вугорскага караля.
Пасьля Крэўскай уніі Польскага каралеўства і ВКЛ 1385 г. абазначылася збліжэньне абедзьвюх дзяржаваў з Валахіяй у сувязі з антывугорскай накіраванасьцю іх палітыкі. У 1380 г. заключаны польска-валаскі дагавор супраць Вугоршчыны. У 1403 г. валаскі ваявода Мірча Стары зацьвердзіў пагадненьне з «сваім сябрам Ягайлам». Такое ж пагадненьне заключана ў 1411 г. Зь зьяўленьнем асманскай небясьпекі Валахія выявіла зацікаўленасьць у збліжэньні з Вугоршчынай для сумесных дзеяньняў супраць туркаў. Валаскае княства няўдала ўключылася ва ўнутраную барацьбу ў Асманскай імпэрыі і, каб пазьбегнуць нашэсьця, у 1413 г. вымушана было пайсьці на выплату асманам даніны. Спробы пазбавіцца асманскай залежнасьці шляхам прыняцьця вугорскага ці польскага сюзэрэнітэту заканчваліся няўдачамі. Неаднаразова Валаскае княства вымушана было плаціць даніну 2, а то і 3 бакам.
Трапіўшы ў залежнасьць ад турэцкага султана, Валахія захавала свой дзяржаўны лад і мясцовае кіраваньне. Аўтаномнай заставалася і царква, падначаленая Канстантынопальскай патрыярхіі. Порта мела права зацьвярджаць на валасскі сталец гаспадароў, якіх прапаноўвала мясцовае баярства. З канца XVI стагодзьдзя апошняе стала неабавязковым. Валаскія гаспадары былі абавязаны пасылаць у Стамбул у якасьці заложнікаў сыноў або бліжэйшых сваякоў. Зьнешняя палітыка Валаскага княства была поўнасьцю падпарадкавана Порце. Якія-небудзь захады ў зьнешняй палітыцы былі магчымы толькі тады, калі яны не супярэчылі інтарэсам султану. Больш-менш самастойнымі былі сувязі Валахіі з Малдовай, Сяміградзьдзем (Трансыльваніяй) і Крымскім ханствам. Стасункі з Польшчай і ВКЛ знаходзіліся пад поўным кантролем з боку Асманскай імпэрыі і зводзіліся да ўрэгуляваньня памежных спрэчак. З апошніх найбольш значнай для Валахіі была кілійская праблема. Як адна з асноўных яна разглядалася на зьезьдзе ў Луцку ў 1429 г. Вугорскі і літоўскія бакі нават прапанавалі перадаць Кілію тэўтонскім рыцарам для іх барацьбы з асманамі. Пытаньне аб Кіліі было аддадзена на арбітраж Вітаўту. У 1429 г. у Троках сабраліся валасскія і малдаўскія прадстаўнікі, але апошнія адмовіліся падпарадкоўвацца Вітаўту. Перагаворы скончыліся безвынікова. Кілія належала пачаргова Валахіі, Малдове, Вугоршчыне, але ў 1484 г. была канчаткова захоплена асманамі.
У канцы XVI ст. Валаскае княства стала цэнтрам антыасманскай барацьбы. Але, перацягнуўшы на свой бок Сяміградзьдзе і Малдову, валаскі гаспадар выклікаў процідзеяньне Рэчы Паспалітай. Польска-татарскі рэйд гетмана Я. Замойскага парушыў пляны валаскага гаспадара. Малдова і Валахія былі захоплены і сталі на кароткі час васаламі Рэчы Паспалітай. Такім чынам, рукамі Рэчы Паспалітай Турэччына зьнішчыла свайго галоўнага ворага. Пасьля гэтага асманскі ўплыў на Валаскае княства быў хутка адноўлены (у 1601 г.). У 1634 г. Асманская імпэрыя і Рэч Паспалітая заключылі пагадненьне, паводле якога апошняя абавязвалася не рабіць нічога, каб адарваць Валахію ад асманскіх уладаньняў.
У час Хмяльніччыны Валаскае княства заключыла пагадненьне з украінскім гетманам, да якога прыхільна ставілася Порта, бо ёй было выгадна аслабленьне Рэчы Паспалітай. Султан нават выслаў загад Валахіі дапамагаць украінскаму гетману ў барацьбе супраць Рэчы Паспалітай. Вызваленьне Валаскага княства з-пад асманскай няволі і стварэньне Румынскай дзяржавы адбылося толькі ў 1878 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Цемушаў В. Валашскае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 381. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.