Біручы Востраў
Біручы Востраў | |
Краявід Біручага Востраву | |
Месца | Азоўскае мора |
---|---|
Плошча | 89,21 км² |
Краіна | Украіна |
Вобласьць | Хэрсонская вобласьць |
Каардынаты | 46°09′ пн. ш. 35°08′ у. д. / 46.15° пн. ш. 35.133° у. д.Каардынаты: 46°09′ пн. ш. 35°08′ у. д. / 46.15° пн. ш. 35.133° у. д. |
Біручы Востраў |
Біру́чы Во́страў (па-ўкраінску: Бирючий Острів) — паўвостраў (да 1929 году — востраў) у заходняй частцы Азоўскага мора. Уваходзіць у склад Хэрсонскай вобласьці Ўкраіны. Агульная плошча — 89,21 км².
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Біручым Востравам называюць шырокі ўскраек Фядотавай пярэспы. Да 1929 году ён быў аддзелены ад пярэспы вузкай пратокай і ўяўляў сабою востраў. Знаходзіцца за 15 км на паўднёвы ўсход ад Генічаску, за 190 км на паўднёвы ўсход ад Хэрсону, за 587 км ад Кіевў і 1015 км ад Менску. Найбольшая даўжыня — 24 км. Найбольшая шырыня — 5 км.
Біручы Востраў зьяўляецца вяршыняй узгорка, што ўзвышаецца над Азоўскім морам, пакрыты суглінкамі, глеістымі адкладаньнямі і пяску з ракавінак марскіх малюскаў. Заходні бераг спадзісты, са шматлікімі залівамі і азёрамі з салёнай вадой. Бліжэй да паўднёвага берагу маецца крыніца пітной вады.
Прырода
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Глебы паўвострава адрозьніваюцца засоленасьцю, таму флёра тут бедная — усяго 308 відаў расьлінаў, многія зь якіх былі завезены чалавекам. Пераважаюць зарасьнікі палыну, чароту, трысьнёгу. Распаўсюджаны насаджэньні лоху, які выдатна расьце на мясцовых глебах і не аб’ядаецца аленямі.
Фаўна значна больш багатая — 250 відаў. У 1923 годзе на тэрыторыі Біручага Востраву быў створаны запаведнік. З Асканіі-Новы былі завезены капытныя жывёлы. У 1993 годзе паўвостраў насялялі 830 аленяў, 1425 ланяў, 987 муфлонаў, 37 куланаў. У нашы дні таксама жывуць лісы, зайцы, янотападобныя сабакі. На Біручым Востраве шмат птушак.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва Біручага Востраву паходзіць або ад мясцовай дыялектнай назвы ваўкоў, якія сустракаліся тут некалі, альбо ад самотных жыхароў-бірукоў. У XIX стагодзьдзі Біручы Востраў быў населены рыбакамі. У 1878 годзе пабудаваны маяк (у 1957 годзе перабудаваны). У 1923 годзе Біручы Востраў увайшоў у склад запаведніку, аднак насельніцтва працягвала жыць на ім. У 1930-х гг. тут налічвалася каля 40 двароў.
У гады II Сусьветнай вайны паўвостраў быў акупаваны румынскімі і нямецкімі салдатамі. Вызвалены ў выніку дэсантнай апэрацыі ў 1942 годзе.
Насельніцтва пакінула паўвостраў у 1969 годзе пасьля затапленьня пасёлку Азоўскім морам.
У 1993 годзе Біручы Востраў увайшоў у склад Азова-Сіваскага нацыянальнага прыроднага парку.
17 верасьня 2003 году на ім адбылася сустрэча прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, падчас якой абмяркоўвалася праблема разьмежаваньня ў Азоўскім моры і Керчанскім праліве. А ўжо праз 12 дзён расейцы пачалі будаваць дамбу каля берагоў Таманскага паўвостраву да ўкраінскага востраву Тузлы.