Перайсьці да зьместу

Біручы Востраў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Біручы Востраў
Краявід Біручага Востраву
Краявід Біручага Востраву
Месца Азоўскае мора
Плошча 89,21 км²
Краіна Украіна
Вобласьць Хэрсонская вобласьць
Каардынаты 46°09′ пн. ш. 35°08′ у. д. / 46.15° пн. ш. 35.133° у. д. / 46.15; 35.133Каардынаты: 46°09′ пн. ш. 35°08′ у. д. / 46.15° пн. ш. 35.133° у. д. / 46.15; 35.133
Біручы Востраў на мапе Ўкраіны
Біручы Востраў
Біручы Востраў
Біручы Востраў

Біру́чы Во́страў (па-ўкраінску: Бирючий Острів) — паўвостраў (да 1929 году — востраў) у заходняй частцы Азоўскага мора. Уваходзіць у склад Хэрсонскай вобласьці Ўкраіны. Агульная плошча — 89,21 км².

Біручым Востравам называюць шырокі ўскраек Фядотавай пярэспы. Да 1929 году ён быў аддзелены ад пярэспы вузкай пратокай і ўяўляў сабою востраў. Знаходзіцца за 15 км на паўднёвы ўсход ад Генічаску, за 190 км на паўднёвы ўсход ад Хэрсону, за 587 км ад Кіевў і 1015 км ад Менску. Найбольшая даўжыня — 24 км. Найбольшая шырыня — 5 км.

Біручы Востраў зьяўляецца вяршыняй узгорка, што ўзвышаецца над Азоўскім морам, пакрыты суглінкамі, глеістымі адкладаньнямі і пяску з ракавінак марскіх малюскаў. Заходні бераг спадзісты, са шматлікімі залівамі і азёрамі з салёнай вадой. Бліжэй да паўднёвага берагу маецца крыніца пітной вады.

Глебы паўвострава адрозьніваюцца засоленасьцю, таму флёра тут бедная — усяго 308 відаў расьлінаў, многія зь якіх былі завезены чалавекам. Пераважаюць зарасьнікі палыну, чароту, трысьнёгу. Распаўсюджаны насаджэньні лоху, які выдатна расьце на мясцовых глебах і не аб’ядаецца аленямі.

Фаўна значна больш багатая — 250 відаў. У 1923 годзе на тэрыторыі Біручага Востраву быў створаны запаведнік. З Асканіі-Новы былі завезены капытныя жывёлы. У 1993 годзе паўвостраў насялялі 830 аленяў, 1425 ланяў, 987 муфлонаў, 37 куланаў. У нашы дні таксама жывуць лісы, зайцы, янотападобныя сабакі. На Біручым Востраве шмат птушак.

Назва Біручага Востраву паходзіць або ад мясцовай дыялектнай назвы ваўкоў, якія сустракаліся тут некалі, альбо ад самотных жыхароў-бірукоў. У XIX стагодзьдзі Біручы Востраў быў населены рыбакамі. У 1878 годзе пабудаваны маяк (у 1957 годзе перабудаваны). У 1923 годзе Біручы Востраў увайшоў у склад запаведніку, аднак насельніцтва працягвала жыць на ім. У 1930-х гг. тут налічвалася каля 40 двароў.

У гады II Сусьветнай вайны паўвостраў быў акупаваны румынскімі і нямецкімі салдатамі. Вызвалены ў выніку дэсантнай апэрацыі ў 1942 годзе.

Насельніцтва пакінула паўвостраў у 1969 годзе пасьля затапленьня пасёлку Азоўскім морам.

У 1993 годзе Біручы Востраў увайшоў у склад Азова-Сіваскага нацыянальнага прыроднага парку.

17 верасьня 2003 году на ім адбылася сустрэча прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, падчас якой абмяркоўвалася праблема разьмежаваньня ў Азоўскім моры і Керчанскім праліве. А ўжо праз 12 дзён расейцы пачалі будаваць дамбу каля берагоў Таманскага паўвостраву да ўкраінскага востраву Тузлы.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]