Іром Чану Шарміла
Іром Чану Шарміла | |
इरोम चानू शर्मिला | |
Род дзейнасьці | праваабаронца, паэтка |
---|---|
Дата нараджэньня | 14 сакавіка 1972 (52 гады) |
Месца нараджэньня | Конгпал, Імпхал, Маніпур, Індыя |
Занятак | паэтка, журналістка, пісьменьніца, пацыфістка |
Навуковая сфэра | паэзія |
Бацька | Іром Нанда |
Маці | Іром Онгбі Сахі |
Узнагароды | |
Іро́м Чану Шарміла (гіндзі: इरोम चानू शर्मिला; нар. 14 сакавіка 1972 году[1]), таксама вядомая як «Жалезная лэдзі з Маніпуру» альбо «Мэнгубі» (бел. чэсная) — індыйская грамадзкая і палітычная дзяячка, паэтка. Вядомая сваёй галадоўкай, якая цягнулася з 2 лістапада 2000[2] да 9 жніўня 2016 року (16 гадоў). Прызнаная вязьнем сумленьня міжнароднай арганізацыяй «Міжнародная амністыя».
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шарміла была малодшай зь дзевяці дзяцей у сям’і. Ейнай маці, Шакхі Дэві, было на той час 44 гады. Бацька, Іром Нанда Сынгх, працаваў клеркам у дэпартамэнце вэтэрынарыі і сканаў у 1989 року ад раку.
У штаце Маніпуры, дзе нарадзілася і жыла Шарміла, паўстаньні і забурэньні цягнуцца дзесяцігодзьдзямі; так, з 2005 па 2015 рок у сутычках загінулі 5500 чалавек[3]. Яшчэ ў 1958 року індыйскі ўрад прыняў закон, паводле якога ў Сямі сястрынскіх штатах(en) спэцслужбы атрымалі права абшукваць памяшканьні без прад’яўленьня ордэру, арыштоўваць людзей і прымяняць сьмяротную зброю пры «абгрунтаваным падазрэньні» ў дзеяньнях асобы супраць дзяржавы.
2 лістапада 2000 року ў вёсцы Малом у даліне Імпхалу (Маніпур) 10 грамадзянаў былі застрэленыя на аўтобусным прыпынку[4]. У інцыдэнце, названым «Маломскай разанінай»[5][6], меркавана ўдзельнічала ваенізаваная індыйская арганізацыя «Асамскія стралкі»[7][8]. Сярод забітых былі 62-гадовая жанчына і 18-гадовы Сынам Чандрамані, уладальнік Нацыянальнай узнагароды адвагі—1988.
28-гадовая Шарміла на знак пратэсту супраць гвалту ў Маломе 5 лістапада распачала галадоўку[4] з патрабаваньнем да індыйскага ўраду адклікаць Закон пра спэцыяльныя падразьдзяленьні[2][4][9]. Акрамя галадоўкі, яна паабяцала ня піць, не расчэсваць валасы і не глядзецца ў люстэрка да тае пары, пакуль ейнае патрабаваньне ня будзе выкананае[10].
Праз тры дні пасьля пачатку галадоўкі Іром Шарміла была арыштаваная паліцыя па абвінавачваньні ў «спробе зьдзяйсьненьня самагубства»[2], што было забаронена тагачасным індыйскім заканадаўствам, і зьмешчаная пад варту. Паколькі ейны стан хутка пагаршаўся, 21 лістапада было ўведзенае прымусовае кармленьне праз нос(en)[10][11].
Шармілу адпускалі і пасьля рэгулярна арыштоўвалі зноў з аднаўленьнем галадаваньня[9]. Да 2004 року яна стала «абразом грамадзкага супраціву»[7]. 6 кастрычніка 2006 пасьля чарговага арышту за спробу самагубства яна была зьмешчаная ва Ўсеіндыйскі інстытут мэдычных навук, адкуль зьвярнулася зь лістамі да прэм’ер-міністра, прэзыдэнта і міністра ўнутраных справаў[4]. У гэты час яна сустрэлася і займела падтрымку нобэлеўскай ляўрэаткі Шырын Эбадзі, якая паабяцала падняць пытаньне Шармілы на Радзе ААН па правох чалавека[4].
У 2011 дзеля асьвятленьня ейнае дзейнасьці была распачатая кампанія салідарнасьці «Ўратуйце Шармілу»[12].
9 жніўня 2016 року Іром Шарміла спыніла галадоўку і абвясьціла пра намер узяць удзел у выбарах у штаце Маніпуры.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2007 Іром Шарміла атрымала прэмію Гўанджу(ko), якая надаецца «выбітнай асобе ці групе, актыўнай у разьвіцьці і абароне міру, дэмакратыі і правоў чалавека»[13].
У 2009 атрымала першую ўзнагароду фундацыі Маілама «за дасягненьні ў сваёй негвалтоўнай барацьбе ў Маніпуры»[14].
У 2010 атрымала ўзнагароду за жыцьцёвыя дасягненьні Азіяцкай камісіі правоў чалавека[15], Прэмію міру імя Рабіндраната Тагора Індыйскага інстытуту плянаваньня і кіраваньня[16] і Прэмію за мір і гармонію Адукацыйнага цэнтру подпісаў[17].
У 2013 «Міжнародная амністыя» прызнала Шармілу вязьнем сумленьня за тое, што «арыштоўвалася толькі за мірнае выражэньне ўласных перакананьняў»[18].
Кнігі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Водар міру» (2010)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Mehrotra, Deepti Priya The Making of an Activist // Burning Bright: Irom Sharmila and the Struggle for Peace in Manipur. — Penguin Books India, 2012. — ISBN 9788184751536
- ^ а б в Suvojit Bagchi. Manipur woman’s marathon fast (анг.) // BBC, 19 верасьня 2006 г. Праверана 11 жніўня 2016 г.
- ^ Krishna Pokharel. Indian Activist Presses 14-Year Hunger Strike to Protest Abuses // Himalayan mirror. — 9 студзеня 2015. — С. 4.
- ^ а б в г д Shoma Chaudhury. Irom And The Iron In India’s Soul (анг.) // Tehelka Magazine. — 5 сьнежня 2009. — В. 48. — Т. 6.
- ^ Anjuman Ara Begum. (3 лістапада 2010) AFSPA and Unsolved massacres in Manipur (анг.) TwoCircles.net Праверана 11 жніўня 2016 г.
- ^ Malom Massacre horror relived 13 years later (анг.) Kangla online Праверана 11 жніўня 2016 г.
- ^ а б Nilanjana S. Roy. Torchbearers for Victims in a Violent Land (анг.) // The New York Times, 8 лютага 2011 г. Архіўная копія ад 22 кастрычніка 2012 г. Праверана 11 жніўня 2016 г.
- ^ Pathak, Rahul (6 жніўня 2004) Why Malom is a big reason for Manipur anger against Army Act (анг.). The Indian Express. Праверана 11 жніўня 2016 г.
- ^ а б Manipur fasting woman re-arrested (анг.) // BBC News, 9 сакавіка 2009 г. Праверана 11 жніўня 2016 г.
- ^ а б Mehrotra, Deepti Priya Burning bright : Irom Sharmila and the struggle for peace in Manipur. — New Delhi: Penguin Books India, 2009. — ISBN 9780143103691
- ^ Buncombe, Andrew (4 лістапада 2010) A decade of starvation for Irom Sharmila (анг.) The Independent Праверана 11 жніўня 2016 г. Архіўная копія ад 22 кастрычніка 2012 г.
- ^ «Save Sharmila Solidarity Campaign» launched (анг.) The Hindu Праверана 11 жніўня 2016 г.
- ^ Gwangju Prize for Human Rights (анг.) The May 18 Memorial Foundation Праверана 11 жніўня 2016 г. Архіўная копія ад 22 кастрычніка 2012 г.
- ^ Sobhapati Samom. Kerala activists promise support to Irom Sharmila (анг.) The Assam Tribune Праверана 11 жніўня 2016 г. Архіўная копія ад 22 кастрычніка 2012 г.
- ^ INDIA: Human rights defender awarded for lifetime achievement (анг.). Asian Human Rights Commission (28 студзеня 2010). Праверана 11 жніўня 2016 г. Архіўная копія ад 22 кастрычніка 2012 г.
- ^ Irom Sharmila awarded Rabindranath Tagore peace award (анг.) DNA India Праверана 11 жніўня 2016 г. Архіўная копія ад 21 кастрычніка 2012 г.
- ^ Sharmila conferred peace award (анг.). The Sangai Express (28 сьнежня 2010). Праверана 11 жніўня 2016 г.
- ^ Manash Pratim Gohain. Irom Sharmila Chanu must be immediately released, Amnesty India says (анг.) // The Times of India, 2 кастрычніка 2013 г. Праверана 11 жніўня 2016 г.