Перайсьці да зьместу

Windows 3.x

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Windows 3.x
Распрацоўнік
«Майкрасофт» (ЗША)
Выпускі
Сямейства АС Windows 3.x / DOS
Апошні стабільны рэліз [+/−]
Тып ядра Глядзіце артыкул
Ліцэнзія Microsoft EULA
Вэб-сайт няма
Бягучы стан
Гістарычны

Windows 3.x — агульная назва сям’і графічных абалонак кампаніі «Майкрасофт», выпушчаных з 1990 па 1994 год.

Першай шырока распаўсюджанай вэрсіяй Windows стала 3.0, якая дазволіа «Майкрасофту» спаборнічаць з Macintosh і Commodore Amiga ў вобласьці сыстэмаў з графічным інтэрфэйсам.

Windows 3.0 была выпушчаная 22 траўня 1990 году і мела значна абноўлены карыстальніцкі інтэрфэйс, а таксама тэхнічныя ўдасканаленьні, якія дазвалялі выкарыстаць магчымасьці працэсараў Intel 80286 і 80386 па кіраваньні памяцьцю. Тэкставыя праграмы, створаныя для MS-DOS, маглі быць запушчаныя ў вакне (гэтая магчымасьць была раней даступная ў больш абмежаваным выглядзе ў Windows/386 2.1). Гэта рабіла сыстэму прыдатнай да выкарыстаньня ў якасьці простай шматзадачнай базы для старых праграм; аднак, для хатніх кампутараў гэтая функцыя ня мела вялікага значэньня, бо большасьць гульняў і забаўляльных дастасункаў па-ранейшаму патрабавалі непасрэдны доступ да DOS.

Праграма MS-DOS Executive, якая выкарыстоўвалася раней для запуску праграм і кіраваньня файламі, была замененая праграмамі Дыспэтчар праграм і Дыспэтчар файлаў, якія спрасьцілі гэтыя дзеяньні. Тым ня менш, MS-DOS Executive па-ранейшаму пастаўлялася з сыстэмай у якасьці альтэрнатыўнага карыстальніцкага інтэрфэйсу. Панэль кіраваньня, якая раней уяўляла зь сябе звычайны аплет, была пераробленая й стала пахадзіць больш на свой аналяг у апэрацыйнай сыстэме Mac OS. У ёй былі цэнтралізаваныя сыстэмныя наладкі, уключаючы абмежаванае кіраваньне колеравай схемай інтэрфэйсу. У пастаўку было ўключана некалькі простых праграм, напрыклад, тэкставы рэдактар Notepad і тэкставы працэсар Write (абодва яны былі перанятыя ад папярэдніх вэрсій Windows), праграма запісу макракамандаў (новая магчымасьць Windows 3.0; пасьля была выдаленая), і калькулятар (таксама з папярэдніх вэрсій). Больш старая гульня Рэверсі была дапоўненая картачным пасьянсам «Хустка».

Windows 3.0 была апошняй вэрсіяй Windows, якая паводле заяваў «Майкрасофта» падтрымлівала поўную сумяшчальнасьць са старымі праграмамі Windows.

Мультымэдыйныя пашырэньні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мультымэдыйныя пашырэньні былі выпушчаныя ўвосень 1991 году для падтрымкі прывадаў кампакт-дыскаў і гукавых карт, па меры таго, як яны станавіліся ўсё больш распаўсюджанымі. Гэтыя пашырэньні былі выпушчаныя для OEM-дастаўнікаў, у асноўным для вытворцаў прывадаў кампакт-дыскаў і гукавых карт. Яны дадавалі ў сыстэму Windows 3.0 магчымасьць простага ўводу-вываду гуку і прайграваньня аўдыё кампакт-дыскаў. Новыя магчымасьці пашырэньняў для мультымэдыя былі недаступныя пры працы ў рэальным рэжыме. Пасьля, шматлікія функцыі гэтых пашырэньняў былі ўключаныя ў Windows 3.1.

Windows 3.1 і пазьнейшыя вэрсіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Windows 3.1 (якая першапачаткова насіла кодавае імя Janus), выпушчаная 18 сакавіка 1992 году, была пашырэньнем Windows 3.0. Яна ўключала сыстэму шрыфтоў TrueType (і прадусталяваны набор даволі якасных шрыфтоў), што ўпершыню зрабіла Windows сур’ёзнай плятформай для настольных выдавецкіх сыстэм. Аналягічныя магчымасьці можна было атрымаць у Windows 3.0 пры дапамозе праграмы Adobe Type Manager. Гэтая вэрсія Windows таксама ўключала простую антывірусную праграму Microsoft Anti-Virus for Windows, якая пазьней стала вядомая тым, што дэтэктавала праграму ўсталёўкі Windows 95 як інфэкцыяваную кампутарным вірусам. Пачынаючы з гэтай вэрсіі сыстэмы Windows падтрымліваюць 32-разрадны доступ да цьвёрдага дыска.

Windows 3.1 была распрацаваная такім чынам, каб мець максымальны ўзровень зваротнай сумяшчальнасьці з больш старымі плятформамі Windows. Як і вэрсія 3.0, Windows 3.1 мела Дыспэтчар Файлаў і Дыспэтчар Праграм.

Была таксама выпушчаная адмысловая вэрсія, названая Windows 3.1 для Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якая падтрымлівала кірыліцу й мела шрыфты з дыякрытычнымі знакамі.

Убудаваная падтрымка сетак зьявілася ў вэрсіі Windows для працоўных груп 3.1 (Windows for Workgroups 3.1, кодавае імя Kato), пашыранай вэрсіі Windows 3.1. Яна ўключала ў сябе падтрымку SMB для агульнага доступу да файлаў па пратаколах NetBEUI і/або IPX, а таксама ўтрымоўвала кампутарную гульню «Чырвы» (Hearts) і VSHARE.386, адмысловы віртуальны драйвэр замест рэзыдэнтнай праграмы MS-DOS SHARE.EXE.

Windows для працоўных груп 3.11 (Windows for Workgroups 3.11, кодавае імя Snowball) падтрымлівала 32-разрадны доступ да файлаў, цалкам 32-разрадныя сеткавыя перанакіроўнікі й файлавы кэш VCACHE.386. Акрамя таго, у вэрсіі 3.11 была прыбраная падтрымка стандартнага рэжыму й гульня «Рэверсі». Падтрымка пратаколаў TCP/IP у Windows 3.x засноўвалася на бібліятэцы Winsock. Звычайна выкарыстоўваліся асобныя пакеты ад трэціх бакоў (напрыклад, ад Trumpet). Дапаўненьне ад «Майкрасофта» (з кодавым імем Wolverine) таксама падавала падтрымку TCP/IP у Windows для працоўных груп.

Абмежаваная сумяшчальнасьць з новым 32-разрадным API Win32, які выкарыстоўваўся ў Windows NT, падавалася дадатковым пакетам Win32s.

Windows 3.2 была вэрсіяй толькі для кітайскай мовы.

Зь цягам часу Windows 3.x была замененая Windows 95, Windows 98 і пазьнейшымі вэрсіямі, якія інтэгравалі кампанэнты MS-DOS і Windows у адзіны прадукт.

Майкрасофт спыніў падтрымку Windows 3.х прыканцы 2001 году, а 1 лістапада 2008 году — і продаж ліцэнзыяў на яе. У цяперашні час Windows 3.х выкарыстоўваецца ў якасьці ўбудаванай апэрацыйнай сыстэмы ў касавых тэрміналах[1].

Рэжымы доступу да памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сямейства Windows 3.x магло функцыянаваць у трох розных рэжымах працы з памяцьцю:

  • Рэальны рэжым, прызначаны для старых кампутараў.
  • Стандартны рэжым, прызначаны для кампутараў з працэсарам 80286.
  • Пашыраны рэжым 386, прызначаны для кампутараў з працэсарам 80386.

Рэальны рэжым дазваляў кампутару працаваць так, як калі бы ён быў кампутарам з працэсарам 8086/8088, уключаючы абмежаваньне на максымальны даступны аб’ём апэратыўнай памяці (1 Мбайт). Схема пашыранай памяці ўжывалася дзеля таго, каб выкарыстаць памяць у адраснай прасторы вышэй 1 Мбайт (калі такая мелася). Гэта істотна запавольвала працу кампутара, і рэальны рэжым выкарыстоўваўся толькі ў тым выпадку, калі якія-небудзь старыя праграмы не маглі працаваць у стандартным і пашыраным рэжымах. Windows 3.0 была апошняй вэрсіяй Windows, якая магла працаваць у рэальным рэжыме.

Стандартны рэжым патрабаваў працэсар 286 або вышэй, і выкарыстоўваў абаронены рэжым такога працэсара. Гэта дазваляла наўпрост зьвяртацца да першых 16 Мбайт апэратыўнай памяці кампутара адначасова, і давала магчымасьць абмежавана выкарыстоўваць віртуальную памяць, шматзадачнасьць і абарону памяці, што рабіла Windows больш стабільнай у выпадку памылкі ў праграме. Зьвярніце ўвагу, што падтрымка стандартнага рэжыму адсутнічае ў Windows для працоўных груп 3.11.

Пашыраны рэжым 386 патрабаваў працэсар 386 або вышэй. Ён уключаў усе перавагі стандартнага рэжыму, плюс 32-разраднае адрасаваньне для хутчэйшага зварота да ўсёй памяці й выкананьні праграм, ды лепшую падтрымку шматзадачнасьці (стандартны рэжым падтрымліваў толькі пераключэньне задачаў MS-DOS, а не адначасовае іх выкананьне) дзякуючы падтрымцы рэжыму V86. Аднак гэты рэжым патрабаваў падтрымкі з боку драйвэраў, таму прылады са старымі драйвэрамі не маглі працаваць у пашыраным рэжыме. З прычыны гэтага карыстальнікам прыходзілася чакаць зьяўленьня новых драйвэраў, выдаляць прылады з кампутара альбо працаваць у стандартным рэжыме.

У стандартным і пашыраным рэжымах Windows 3.1 была абмежаваная 256 Мбайт памяці; для Windows 3.0 гэтае абмежаваньне ўраўноўвалася 16 Мбайт. У той час большасьць кампутараў на аснове працэсара 386 мелі ня больш за 8 Мбайт апэратыўнай памяці, так што калі б спажываньне памяці вырасла да 256 Мбайт, вялікая частка яе падтрымлівалася бы віртуальнай памяцьцю на цьвёрдым дыску, прыводзячы да сур’ёзнага запаволеньня працы.

Неабходныя апаратныя сродкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. працэсар з тактавай частатою меней 10 мегагэрц;
  2. 640 кілябайт апэратыўнай памяці;
  3. сем Мбайт на цьвёрдай кружэлцы;
  4. відэакарта з аб’ёмам відэапамяці ў 256 кілябайт і падтрымкаю адначаснага паказу 256 розных колераў[1].

Поўная АС або абалонка для MS-DOS?

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сыстэмы Windows да Windows NT (ня толькі 3.x і ніжэй, але таксама і 95, 98 і Me) маюць складаную, арыгінальную, гібрыдную і ня поўнасьцю дакумэнтаваную ўнутраную структуру. Найперш, для іх працы патрабуецца MS-DOS, гэта значыць што яны выконваюцца як бы «па-над» MS-DOS. Таму цяжка вызначыць, ці зьяўляюцца яны апэрацыйнымі сыстэмамі або ўсяго толькі абалонкамі-пашырэньнямі для MS-DOS. Шматлікія карыстальнікі лічаць іх апэрацыйнымі сыстэмамі, бо яны выглядаюць гэтак жа, як і шматлікія паўнавартасныя АС. У той жа час іншыя ня лічаць гэтае сямейства Windows сапраўднымі апэрацыйнымі сыстэмамі.

Windows 3.x патрабуе папярэдне ўсталяванай копіі MS-DOS, якая павінна загружацца пры ўключэньні кампутара. Windows затым запускаецца як праграма, і яе праца можа быць перарваная ў любы час, у выніку чаго карыстальнік вяртаецца ў звычайную камандную абалонку MS-DOS. Акрамя таго, драйвэры для некаторых прыладаў (уключаючы драйвэры для прывадаў кампакт-дыскаў і доступу да сеткі) падаюцца MS-DOS. Зь іншага боку, Windows патрабуе адмысловым чынам напісаных дастасункаў, і мае адмысловы фармат для выконваемых файлаў, які значна складаней, чым аналягічны фармат у MS-DOS. Windows мае вялікую колькасьць уласных драйвэраў і па большай частцы ўласную сыстэму кіраваньня памяцьцю.

Апроч гэтага, MS-DOS не ізалюе праграмы ад апаратнага забеспячэньня й не абараняе сябе саму ад дастасаваньняў. Рэзыдэнтная частка MS-DOS падобная бібліятэцы функцый, прызначаных для працы з дыскамі й для загрузкі праграм зь іх. Праграма ў асяродзьдзі MS-DOS мае магчымасьць выконваць любыя дзеяньні, у тым ліку замяняць або прапускаць код MS-DOS або яго частку, часова або стала. Windows выкарыстоўвае гэтую магчымасьць у сваіх уласных мэтах, і ўзровень пропуску стандартнага кода MS-DOS узрастаў з кожнай новай вэрсіяй. Windows 3.1 і яе 32-разрадны доступ да дыска замяняў код BIOS для доступу да дыскаў, а Windows для працоўных груп 3.11 замяняла «родны» код MS-DOS для звароту да файлаў. Гэта пасьля зрабіла магчымай падтрымку доўгіх імёнаў файлаў у Windows 95, у выніку чаго файлавы код DOS апынуўся састарэлым.

Таксама, праграма MS-DOS, якая працуе ў асяродзьдзі Windows, магла выкарыстаць тыя магчымасьці Windows, якія не падтрымліваліся DOS. Праграма MS-DOS, якая выконвалася ў Windows для працоўных груп 3.11, аўтаматычна выкарыстоўвала 32-разрадны доступ да файлаў замест звычайных функцый доступу да файлаў і дыскаў, наяўных у MS-DOS. Аналягічна, адмысловым чынам напісаная праграма для MS-DOS, якая працуе ў Windows 95, можа выкарыстаць доўгія імёны файлаў.

Такія ж прынцыпы працы характэрныя для Windows 98 і Windows Me, у якіх па-ранейшаму зьмяшаныя 16-разрадны і 32-разрадны код. Тым ня менш, з кожнай наступнай вэрсіяй 16-разрадны код станавіўся ўсё меней прыкметным.

Windows NT, Windows 2000 і іх пасьлядоўнікі ўяўляюць сабою апэрацыйныя сыстэмы, якія поўнасьцю аддзеленыя ад MS-DOS і цалкам складзеныя з 32-разраднага кода. Праграмы MS-DOS працуюць у адмысловых віртуальных машынах DOS у рэжыме працэсара V86, якія рэалізаваныя пасродкам звычайнага API Win32.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]