Vanilla Ninja
Vanilla Ninja | |
Гады | 2002—2008 |
---|---|
Краіна | |
Месца ўтварэньня | Эстонія |
Мова | ангельская |
Жанр | поп-рок |
Выдавец | TopTen/Estonia, Bros Records, EMI, Capitol, Broken Records International/Music for Export, Chile |
Удзельнікі | Лена Куўрмаа Катрын Сіска Пірэт Ярвіс |
Былыя ўдзельнікі | Маар’я Ківі Трыну Ківілаан |
vanilla-ninja.de (ням.) |
Vanilla Ninja — эстонскі гурт, які складаецца з трох дзяўчат і грае музыку ў жанры поп-рок.
Узьнікненьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У жніўні 2002 году ў Таліне сустрэліся чатыры дзяўчынкі: Лена Куўрмаа, Пірэт Ярвіс, Катрын Сіска і Маар’я Ківі, якія вырашылі пачаць ствараць разам музыку. Лена і Маар’я былі сяброўкамі са школы. Яны наведвалі адную нямецкую гімназію ў Таліне і абедзьве меркавалі ў будучыні займацца музыкай. Катрын і Пірэт таксама навучаліся разам. Адна з найбольш буйных эстонскіх гуказапісваючых кампаніяў TopTen наважылася зрабіць гурт адметным на эстонскай сцэне. Яшчэ раней, падчас выступу на адным з конкурсаў, Лену прыкмеціў прадусар Свэн Лыхмус. Лена разам зь Пірэт грала на гітары, Катрын на піяніна. Гурт быў аформлены, і пачалася праца над першым альбомам. Пірэт і раней пісала словы да песьняў, калі яны меркавалі стварыць гурт разам з Катрын. Пазьней некаторая яе раньнія тэксты ўвайшлі ў першы альбом. Першымі песьнямі, што былі запісаны ў верасьні 2002 году, былі «Purunematu» ды «Nagu rockstaar». Ужо ў кастрычніку 2002 году песьня «Nagu rockstaar» была дасланая на мясцовыя радыёстанцыі і тэлевізію. Спачатку новы стыль не сустрэў асаблівай прыхільнасьці сярод слухачоў. Дзякуючы дапамозе Свэна Vanilla Ninja запісалі песьню «Сlub Kung-Fu». З гэтай песьняй у сьнежні 2002 году яны бралі ўдзел у паўфінале эстонскага конкурсу на «Эўравізію». Тады журы не абрала іх. Зь дзесяці ўдзельнікаў яны сталіся восьмымі, але набралі найбольш галасоў ад гледачоў. Гэта сталася пачаткам папулярнасьці.
Першы дыск «Vanilla Ninja» быў выдадзены ў Эстоніі ў траўні 2003 году. 300 000 копіяў было прададзена ў Эстоніі. Таксама быў выдадзены сынгл «Сlub Kung-Fu». Найбольш вядомая зь першага альбому песьня — «Vanad Teksad ja Kitarr». Vanilla Ninja сталі вядомай гандлёвай маркай. Пад іх брэндам нават прадавалася марозіва. Тысячы дзяўчынак у Эстоніі пачалі капіяваць іх стыль апрананьня і прычоскі.
Эўрапейскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Посьпех дзяўчат заўважыў нямецкі прадусар Дэвід Брэндэс з лэйблам Bros Music. У лістападзе 2003 году ён сустрэўся зь дзяўчатамі. Пасьля гэтага яны пераехалі ў Нямеччыну і распачалі сваю міжнародную кар’еру.
Vanilla Ninja запісалі песьню «Tough Enough» і відэа для яе. Пасьля трансьляцыі гэтай песьні ў СМІ гурт набыў шырокую папулярнасьць у Эўропе. У Нямеччыне «Tough Enough» заняла вельмі высокае 13-е месца ў чартах. Другім сынглам стаў «Don't Go Too Fast». Відэа таксама было зьнятае ў Бэрліне. Трэцім сынглам быў «Liar». Пасьля такога посьпеху дзяўчаты ўклалі кантракт з кампаніяй Bros Music і пачалі працу над альбомам «Traces of Sadness», які быў выдадзены ў траўні 2004 году. Апроч краінаў Цэнтральнае Эўропы дыск быў выдадзены і ў Японіі. Пасьля гэтага самая малодшая ўдзельніца гурта Маар’я Ківі пакінула гурт. Яна закахалася ў мэнэджара гурта. Хутка зьявілася вестка, што Маар’я цяжарная. Такім чынам у 2004 годзе гурт застаўся без адной сяброўкі. Маар’я ажанілася і нарадзіла дачку. У далейшым яна працягнула сола-кар’еру.
Пірэт прапанавала ўзяць на месца Маар’і Трыну Ківілаан з Эстоніі, якая грала на бас-гітары і мела толькі 15 гадоў. Трыну была падобная на Маар’ю ня толькі прозьвішчам, але і зьнешнасьцю. Наступнай песьняй для сынглу была абрана «When the Indians Cry». Лена сьпявала словы Маар’і. Відэа здымалася на Мальёрцы. Пасьля вялікага посьпеху ў Нямеччыне (альбом «Traces of Sadness» заставаўся ў чартах на працягу 45 тыдняў) Vanilla Ninja пачалі працу над новым альбомам. У лістападзе 2004 году быў выдадзены сынгл «Blue Tattoo». Стыль Vanilla Ninja зьмяніўся, ён стаў цямнейшым і больш жорсткім. Пасьля Дэвід Брэндэс вырашыў, што новым сынглам будзе «I Know».
Новы альбом «Blue Tattoo» быў выдадзены 14 сакавіка 2005 году і стаў бэстсэлерам у Нямеччыне і Эстоніі. Таксама ён добра прадаваўся ў Швайцарыі і Польшчы.
Неўзабаве адбыўся скандал з Дэвідам Брэндэсам. Мэдыі абвінавачвалі яго ў тым, што ён хацеў узбагаціцца на гурце, сам скупляў дыскі гурта дзеля ўзьняцьця папулярнасьці. Гэта было даказана, і 11 красавіка гурт быў выкінуты з усіх чартаў спачатку на тры тыдні, а потым і на тры месяцы.
Удзел у «Эўравізіі-2005»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нягледзячы на скандал, Швайцарыя прапанавала гурту ўдзельнічаць ад імя іхнай краіны ў конкурсе песьні Эўравізія-2005. Швайцарскія выканаўцы доўгі час не дасягалі посьпеху ў гэтым конкурсе. Vanilla Ninja пагадзілася, нягледзячы на тое, што некаторыя людзі як у Швайцарыі, гэтак і ў Эстоніі былі незадаволеныя гэтым. Праўда, гурт меў некаторае дачыненьне да Швайцарыі, бо мэнэджар Дэвід Брэндэс нарадзіўся ў гэтай краіне і навучаўся ў швайцарскай школе. Некаторай праблемай было і тое, што Трыну была непаўнагадовай. Праўда, і гэтая праблема была нарэшце вырашана пры непасрэдным намаганьні швайцарскай публікі. У паўфінале швайцарскага конкурсу Vanilla Ninja набралі дастаткова галасоў, каб рэпрэзэнтаваць краіну ў Кіеве. У фінале конкурсу «Эўравізія-2005» Vanilla Ninja занялі восьмае месца, што было найвялікшым посьпехам для Швайцарыі з 1993 году. На гэтым конкурсе беларускія гледачы аддалі гурту 10 балаў з 12 магчымых.
Пасьля «Эўравізіі» пачалася праца над новым відэа «Cool Vibes». Першапачаткова меркавалася, што відэа будзе здымацца ў Афрыцы. Але з-за пэўных праблемаў кліп быў зьняты мэнэджарскай кампаніяй проста тэхнічным чынам без удзелу дзяўчат. Пасьля ТВ-прэм’еры распаўсюдзіліся чуткі аб плягіяце. Сынгл «Cool Vibes» быў выдадзены 12 чэрвеня 2005 году ў Швайцарыі. Гэты сынгл меў найбольшы посьпех па продажах у Швайцарыі з усіх ранейшых. У чартах ён заняў 17 месца. Сынгл ня быў выдадзены ў Нямеччыне з-за ранейшых махінацыяў Брэндэса. У траўні 2005 году ў інтэрвію Baltic Times гурт пачаў дыстанцыявацца ад назвы свайго жанру як поп-музыкі. Пірэт Ярвіс заявіла, што гурт пераходзіць да стварэньня свайго адметнага стылю поп-рок, і што іхная музыка больш наблізілася да тыповага рок-жанру. Пасьля ўсіх скандалаў з мэнэджмэнтам Vanilla Ninja вырашылі пакінуць Брэндэса. Пасьля судовых спрэчак дзяўчаты пачалі новую супрацу са Stage Division і EMI Music. У сьнежні 2005 году Bros Music выдаў дзявяты сынгл «Megamix» разам з складанкай гітоў у альбоме «Best Of». Альбом і сынгл былі выдадзеныя без кансультацыяў з гуртом, і таму Пірэт Ярвіс заклікала не купляць альбом. Таму гэты альбом ня меў вялікага посьпеху і займаў ніжэйшыя пазыцыі ў чартах. На вокладцы дыска выкарыстоўваліся фатаздымкі з Маар’яй, нягледзячы на тое, што яна ўжо год як пакінула гурт.
Нечакана пакінуць гурт вырашыла Трыну. Яна тлумачыла гэта жаданьнем атрымаць адукацыю і скончыць музычную школу. Надалей Vanilla Ninja вырашылі застацца трыё і не шукаць замену Трыну.
У сьнежні 2005 году адбыўся вялікі канцэрт ў Таліне, на якім былі рэпрэзэнтаваныя новыя песьні «Rockstars» і «Silence».
Нарэшце была скончаная праца над новым альбомам. 21 красавіка 2006 году сьвет пабачыў новы сынгл «Dangerzone». Альбом заняў 18 месца ў чартах Швайцарыі, 23 месца ў Аўстрыі. Такім чынам Vanilla Ninja працягвалі свой былы посьпех у Цэнтральнай Эўропе. Вельмі папулярным гурт быў і ў Эстоніі. У 2006 годзе Пірэт Ярвіс была абрана сэкс-сымбалем гэтай краіны па вэрсіі часопісу «Kroonika», у 2007 годзе гэты тытул набыла і Лена.
Неўзабаве распачаліся новыя праблемы з былым мэнэджмэнтам. Былы афіцыйны сайт гурта пачаў атаку на Vanilla Ninja, абвінававаючы іх у парушэньні кантракту. У Інтэрнэце ім была выстаўлена песьня «Dangerzone» для неліцэнзійнай пампоўкі, і Брэндэс абвінаваціў дзяўчат, што гэтак яны ўздымаюць сваю папулярнасьць (хаця раней ён сам быў заўважаны ў такім махлярстве). Нягледзячы на гэта, 19 траўня 2006 году быў выдадзены трэці альбом — «Love is War». Гэта быў самастойны альбом Vanilla Ninja.
Пасьля новага альбому гурт распачынае турнэ па Эўропе. Дзяўчаты заявілі, што іхнім месцам разьмяшчэньня ня будзе зьяўляцца толькі Нямеччына. 1 верасьня яны бралі ўдзел у фэсьце ў Польшчы. 8 верасьня быў выдадзены сынгл «Rockstars». Сынгл ня быў вельмі папулярным і зь цяжкасьцямі прадаваўся. У 2007 годзе дзяўчаты выступалі для жаўнераў у Іраку і Кувэйце.
Eurolaul-2007
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сярэдзіне кастрычніка было заяўлена, што Лена пачала працу над песьняй для ўдзелу ў эстонскім конкурсе за ўдзел у «Эўравізіі-2007» Eurolaul 2007. У паўфінале песьня «Birds of Peace» заняла 4-е месца, што не дазволіла гурту прайсьці ў фінал.
Лацінская Амэрыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2008 годзе заснавальнік кампаніі Broken Records International Гэктар Фаўнэ прапанаваў Vanilla Ninja прыняць удзел у штогадовым Viña del Mar Festival, рэпрэзэнтуючы родную Эстонію[1]. Гэты фэст ёсьць вялікай зьявай для Лацінскай Амэрыкі. Дзяўчаты выступалі на ім са сваёй балядай «Birds of Peace». Спэцыяльна для гэтага выступу гурт зрабіў вэрсію песьні на эстонскай і ангельскай мовах[2]. Яны выйгралі «Залатую Чайку» — ўзнагароду найлепшым выканаўцам фэсьце ў намінацыі міжанроднай песьні — і 10 тысячаў $ як найлепшыя выканаўцы. Гурт падпісаў кантракт з фірмай гуказапісу Broken Records International S. A. Такім чынам у Чылі іх напаткаў вялікі посьпех. У лютым 2009 году плянаваўся прамацыйны тур «Rock Diva» у Мэхіка, Сан-Паўлу, Ліме, Буэнас-Айрэсе і Сант’яга-дэ-Чылі, але быў адменены[3].
Гандлёвая марка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва Vanilla Ninja была вынайдзеная ў 2002 годзе Пірэт Ярвіс і прадусарам Свэнам Лыхмусам. З 2006 году вяліся судовыя спрэчкі па пытаньні прыналежнасьці гэтай гандлёвай маркі. У студзені 2008 году дзякуючы Andres Aavik & Aleksander Ots правы на гандлёвую марку былі цалкам вернутыя гурту Vanilla Ninja.
Перапынак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Новы сынгл «Crashing Through the Doors» быў выдадзены ў 2008 годзе. Музыку для сынгла напісаў Пэр Гесьле з гурта «Roxette», а тэкст напісалі Лена і Пірэт.
У чэрвені 2008 году ў рамках «Restart Tour» адбыўся шэраг канцэртаў у буйнейшых гарадах Эстоніі.
У 2007—2008 гадах Vanilla Ninja не былі дастаткова актыўнымі. Дзяўчаты вырашылі зрабіць перапынак. Лена сканцэнтравалася на акторскім мастацтве, таксама яна працуе дыджэем на папулярным эстонскім радыё Sky Plus. Катрын вучылася на юрыста ва ўнівэрсытэце Audentese[4], улетку 2008 году стала мадэратарам тэлешоў Navigare[5]. Пірэт стала віджэем на MTV Baltic, а таксама музычным рэдакатарам часопіса Naised.
9 сьнежня 2008 году плянаваўся выступ гурта ў рамках сьвята «Дні Таліна» ў Маскве. Але з-за сьмерці патрыярха Алексія ІІ выступ быў адменены. У маі 2009 году гурт запісаў рэмэйк песьні «Operation B» сумесна з эстонскім гэві-мэтал-гуртом B.D.Ö.[6] Vanilla Ninja працавалі над новым альбомам, выпуск якога чакаўся ў 2012 годзе[7]. 17 ліпеня 2009 году выступілі на «Tele2 Baltic Beach Party»[8]. 16 кастрычніка 2009 выступілі ў Нарве[9].
Сучасны этап
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]27 лістапада 2020 году Катрын Сіска напісала ў Фэйсбуку, што гурт запісвае новы матэрыял[10].
Дыскаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Усе выдадзеныя сынглы і іх пазыцыі ў чартах: Эстонія (EST), Нямеччына (GER), Аўстрыя (AUT), Швайцарыя (SWI), Польшча (POL), and Фінляндыя (FIN).
Альбомы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Год | Назва | Пазыцыі ў чартах | Сэртыфікаты | ||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
EST | GER | AUT | SWI | POL | |||
2003 | Vanilla Ninja
|
1 | / | / | / | / | Эстонія (Плятынавы альбом) |
2004 | Traces of Sadness
|
1 | 3 | 4 | 14 | 20 | Нямеччына (Залаты альбом) Аўстрыя (Залаты) Эстонія (Плятынавы) |
2005 | Blue Tattoo
|
1 | 4 | 7 | 4 | 13 | Эстонія (Плятынавы альбом) |
2005 | Best Of
|
/ | / | / | 70 | / | |
2006 | Love Is War
|
1 | 16 | 29 | 14 | 48 | Эстонія (Плятынавы альбом) |
EST | GER | AUT | SWI | POL | |||
Альбомы зь першым месцам у чартах | 4 | 0 | 0 | 0 | 0 | ||
Альбомы, што ўваходзілі ў дзясятку лепшых у чартах | 4 | 2 | 2 | 1 | 0 |
Сынглы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Год | Назва | Альбом | Пазыцыі ў чартах | |||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|
EST | GER | AUT | SWI | FIN | EUR | |||
2003 | Club Kung Fu | Vanilla Ninja | — | 95 | — | — | — | — |
2003 | Tough Enough | Traces of Sadness | 1 | 13 | 16 | 52 | 11 | 52 |
2004 | Don’t Go Too Fast | Traces of Sadness | 1 | 23 | 21 | — | — | 83 |
2004 | Liar | Traces of Sadness | 4 | 23 | 22 | 43 | — | 76 |
2004 | When the Indians Cry | Traces of Sadness | 1 | 8 | 7 | 27 | — | 35 |
2004 | Blue Tattoo | Blue Tattoo | — | 9 | 12 | 22 | — | 26 |
2005 | I Know | Blue Tattoo | 32 | 13 | 17 | 27 | — | 45 |
2005 | Cool Vibes | Blue Tattoo | 3 | 42 | 58 | 17 | — | 91 |
2005 | Megamix | Best Of | — | 79 | — | 66 | — | |
2006 | Dangerzone | Love Is War | 3 | 17 | 22 | 18 | — | 2 |
2006 | Rockstarz | Love Is War | 1 | 86 | — | — | — | — |
2007 | Insane in Vain (Выдадзены толькі для радыёстанцыяў Эстоніі) | Love Is War | 18 | — | — | — | — | — |
2008 | Birds of Peace | Love Is War (Лацінаамэрыканская вэрсія) | 3 | — | — | — | — | — |
2008 | Crashing Through The Doors | TBA | 3 | — | — | — | — | — |
Гіты зь першым месцам у чартах | 4 | 0 | 0 | 0 | 0 | 0 | ||
Гіты, што ўвахлдзілі ў дзясятку лепшых у чартах | 9 | 2 | 1 | 0 | 0 | 0 |
DVD
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2004 — Traces of Sadness (Live in Estonia)
- 2005 — Best Of: The Video Collection
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Лена Куўрмаа
-
Пірэт Ярвіс
-
Катрын Сіска
-
Трыну Ківілаан
Прыклады музыкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Metal Queen» [1] З альбому «Traces of Sadness»
- «Tough Enough» [2] З альбому «Traces of Sadness»
- «I Don’t Care at All» [3] З альбому «Blue Tattoo»
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Viña 2008: Lo bueno, lo malo y lo repudiable del Festival (гішп.). Empresa El Mercurio S.A.P. (26 лютага 2008).
- ^ Vanilla Ninja hometown, lineup, biography (анг.) Last.fm Праверана 18 лютага 2023 г.
- ^ Tours Official Vanilla Ninja website Праверана 18 лютага 2023 г.
- ^ Катрин Сиска: от поп-звезды до директрисы (рас.) Моя Эстония Архіўная копія ад 16 красавіка 2018 г.
- ^ Katrin Siska naasis telemaastikule (эст.). Elu24 : Staarid. Архіўная копія ад 28 верасьня 2008 г.
- ^ Vanilla Ninja ja B.D.Ö. panid leivad ühte kappi (эст.) Kroonika
- ^ VANILLA NINJA (анг.) GALA
- ^ Vanilla Ninja Portaal: 19.07.09 - 26.07.09 (эст.)
- ^ Vanilla Ninja Portaal: 11.10.09 - 18.10.09 (эст.)
- ^ Katrin Siska Katrin Siska - Hellooo!! 🤗 Exciting news for you! After... (анг.). Facebook.