LITWA: hłos monarchisty
«LITWA: hłos monarchisty» (па-беларуску: Літва: голас манархіста) — беларуская газэта, друкарскі орган Манархічнай ліґі Вялікага Княства Літоўскага. Выдаецца не рэгулярна, кірыліцай і лацінкай (з № 21 за травень 2007-га вэрсіі не супадаюць паводле аб’ёму й зьместу). Выданьне прапагандуе ідэі ліцьвінства й аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага ды Рэчы Паспалітай.
LITWA: hłos monarchisty | |
Тып | нерэгулярная |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Галоўны рэдактар | Аляксандр Ян Стральцоў-Карвацкі |
Заснаваная | 28 лютага 1995 року |
Палітыка | ліцьвінства, кансэрватызм, традыцыяналізм, манархізм, антыґлябалізм |
Мова | беларуская з уласнымі асаблівасьцямі |
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лічыцца спадчыньніцай газэты «Litwa», якая выходзіла ў 1908—1911 гг. па-польску. Адноўленая (заснаваная) 28 лютага 1995 году. Да 1998-га ў склад рэдакцыі ўваходзілі Ўладзімер Міхневіч, Аляксандр Ян Стральцоў-Карвацкі й Уладзімер Пятровіч. З 1998-га рэдактарам газэты зьяўляўся Аляксандар Ян Стральцоў-Карвацкі.
Зварот рэдакцыі зь першага нумару ад 28 лютага 1995 року:
А адзінай ідэяй, здольнай аб’яднаці значную частку нашага шматканфэсійнага ды раздробленага па палітычных перакананьнях народу, можа стаць, на наш погляд, толькі Дзяржаўная ідэя. Дзеля распрацоўкі аднаго з поглядаў на яе рэалізацыю было задуманае выданьне «Літва». Чаму менавіта «Літва»? Таму што мы перакананыя: пакуль нашы спрадвечныя назовы ня зоймуць сваё месца, пакуль жыхары сёньняшняе Рэспублікі Беларусь не ўсьвядомяць, што ў іх жылах цячэ кроў продкаў — ліцьвінаў — да таго часу не магчыма весьці сур’ёзную размову пра адбудову Дзяржавы. Карыстаньне назовамі, якія навязаныя нам захопнікамі ёсьць працягам духоўнага рабства і маўкліваю згодаю на далейшую акупацыю.Арыгінальны тэкст (бел.)A adzinaj idejaj, zdolnaj abjadnaci znacznu czastku naszaha szmatkonfesyjnaha dy razdroblenaha pa politycznych pierakanańniach narodu, moża stać, na nasz pohlad, tolki Dziarżaŭna ideja. Dziela raspracoŭki adnaho z pohladaŭ na jaje realizacyju i było zadumana wydańnie “Litwa”. Czamu mienawita “Litwa”? Tamu szto my pierakananyja: pakul naszy spradwieczny nazowy nia zojmuć swajo miesca, pakul żychary siońniaszniaje Respubliki Biełaruś nie ŭświadomiać, szto ŭ ich żyłach ciacze kroŭ prodkaŭ - Litwinaŭ - da taho czasu nie mahczyma wieści surjoznu razmowu pra adbudowu Dziarżawy. Karystańnie nazowami, jakija nawiazany nam zachopnikami jest praciaham duchoŭnaha rabstwa i maŭkliwaju zhodaju na dalejszu okupacyju.
Мова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нумары, напісаныя лацінкай вылучаюцца асаблівасьцямі польскага пісьма і гэтаксама выпускі вылучаюцца дыялектнымі формамі, напрыклад:
- Частка дзеясловаў «-ся» (-sia) пішацца асобна на ўзор польскага «się», не пераходзячы ў патрэбных момантах у «-ца» (ca): razważała sia, nie adbywaje sia, haworyć sia.
- замест літараў «č», «ž», «š» выкарыстўваюцца польскія спалучэньні літараў «cz», «ż», «sz», якія даюць адпаведныя гукі ў польскай мове: aposznich, czytaci.
- Пашырэньне формы інфінітыву на «-ці» (-ci), замест літаратурнага «-ць» (-ć): czytaci, abjadnaci.
- Скарочаныя канчаткі прыметнікаў жаночага роду на ўзор польскае мовы: nowu dumku, znacznu czastku, levaradykalna BNR.
- Пашырэньне формаў дзеясловаў з «-ма»: źmiaszczajema, majema.
- Перадача запазычаных словаў на ўзор польскае мовы: temat, jubilejusz.
- Захаваньне мяккага «н» (ń) перад цьвёрдымі зычнымі на ўзор польскае мовы: sławiańskaj, litwińskaha, Mieńsk, sialańskaści.
- Захаваньне «о» ў запазычаных словах: szmatkonfesyjnaha, politycznych, polemiczny, projekcyi.
Прыклад тэксту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]”Biełaruś” a “Biełarusy” zaŭżdy trywaćmuci karykaturaju na isny inkarnacyi WKL a Reczypaspalitaj abydwoch narodaŭ: na Letuwu i Polszczu, ale ŭ horszaje stupieni na Letuwu. Nawat kali Biełaruś stanie sia czalcom NATO i EU ci prynamsia zdabudzie sia na stasoŭnu Niezależnaść pierad kacapijaj a pacznie dbaci na samaistnaść - trywaćmie hetkaj karykaturaju, paŭstaŭszy bo na wynik insynuacyjaŭ a ideowych wyczwareńniaŭ na kształt istnawańnia “sławianaŭ”, prawasłaŭnaha źwichu a zapadnorusizmu paspola ź imi.[1]
Тэмы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Газэта публікавала матэрыялы гістарычнага, сацыяльна-палітычнага й рэлігійнага (традыцыяналісцка-каталіцкага) зьместу. Агалошвае ідэі аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага, асьвятляе праблемы беларуска-польска-летувіскіх стасункаў, лёсы манархіяў сусьвету.
Лягатып
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сымбалем газэты зьяўляецца выява гербу з Калюмнамі Гедыміна, над якім разьмешчаная выява Маці Божай Вострабрамскай. Ад яе ў розныя бакі скачуць вершнікі Пагоні. Над Маці Божай — надпіс па-лацінску: «Mater Lithvaniane, ora pro nobis!»: (па-беларуску: «Маці Літвы, маліся за нас!»).