INOGATE
INOGATE (Інагэйт) зьяўляецца міжнароднай праграмай энэргетычнага супрацоўніцтва паміж Эўрапейскім Зьвязам (ЭЗ), Турцыяй і краінамі СНД, за выключэньнем краінаў Балтыі і Расейскай Фэдэрацыі. Афіцыйна праграма накіраваная на падтрымку «міжнароднага супрацоўніцтва паміж Эўрапейскім Зьвязам, прыбярэжнымі дзяржавамі Чорнага ды Каспійскага мораў і іх суседнімі краінамі».[1] Яна ажыцьцяўляецца праз праграму Генэральнага Дырэктарата па Разьвіцьці і Супрацоўніцтве ЭЗ EuropeAid з дапамогай сэкрэтарыята ў Кіеве, Украіна, з рэгіянальным офісам у Тбілісі, Грузія.
Праграма INOGATE створаная ў 1995 годзе ў якасьці мэханізму падтрымкі ЭЗ у галіне Міждзяржаўнай транспарціроўкі нафты і газу ў Эўропу (адкуль яна атрымала сваю назву, як скарачэньне на ангельскай мове). Першапачаткова праграма была накіраваная на працу нафта- і газаправодаў з і праз Усходнюю Эўропу і Каўказ ў ЭЗ. Пасьля канфэрэнцыі ў Баку, Азэрбайджан, у 2004 годзе і канфэрэнцыі ў Астане, Казахстан, яна пераўтварылася ў больш шырокае энэргетычнае партнэрства, засяродзіўшыся на чатырох асноўных тэмах:
- умацаваньне энэргетычнай бясьпекі
- збліжэньне энэргетычных рынкаў краінаў-членаў на аснове прынцыпаў унутранага энэргетычнага рынку ЭЗ
- падтрымка ўстойлівага энэргетычнага разьвіцьця
- прыцягненьне інвэстыцый у энэргетычныя праекты агульнага і рэгіянальнага інтарэсу
З 2007 году праграма INOGATE фінансуецца Эўрапейскім інструмэнтам суседзтва і партнёрства (ENPI).
Краіны-партнэры INOGATE
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Краінамі-партнэрамі INOGATE зьяўляюцца:
- Армэнія
- Азэрбайджан
- Беларусь
- Грузія
- Казахстан
- Кыргыстан
- Малдова
- Расейская Фэдэрацыя (толькі статус назіральніка)
- Турцыя
- Туркмэністан
- Украіна
- Узбэкістан
- Таджыкістан
Турэччына зьяўляецца краінай-партнэрам INOGATE і, такім чынам, рэгулярна запрашаецца на паседжаньні INOGATE, але гэта не краіна-бэнэфіцыяр. Праграма INOGATE есьць сумеснай ініцыятывай трох дырэктаратаў Эўрапейскай Камісіі: Генэральнага Дырэктарата па Энэргетыцы, Генэральнага Дырэктарата па Зьнешніх Сувязях і Генэральнага Дырэктарата па Разьвіцьці і Супрацоўніцтве EuropeAid.
Бакінская ініцыятыва і дэклярацыя Астаны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бакінская ініцыятыва паўстала ў выніку палітычнага дыялёгу па пытаньнях супрацоўніцтва ў энэргетычнай сьфэры паміж Эўрапейскім Зьвязам і краінамі-партнэрамі INOGATE. Ініцыятыва была абвешчаная 13 лістапада 2004 году на Міністэрскай канфэрэнцыі па энэргетыцы ў Баку. Другая Міністэрская канфэрэнцыя, якая адбылася ў Астане 30 лістапада 2006 году, пацьвердзіла пашырэньне кампэтэнцыі праграмы INOGATE з мэтай ахапіць шырокае кола пытаньняў энэргетыкі ў краінах-партнерах і іх супрацоўніцтва ў гэтых пытаньнях з ЭЗ.
Адной з мэтаў Бакінскай ініцыятывы зьяўляецца павышэньне інтэграцыі энэргетычных рынкаў краінаў-удзельніц з энэргетычным рынкам ЭЗ, каб стварыць празрыстыя энэргетычныя рынкі, здольныя прыцягнуць інвэстыцыі і павысіць бясьпеку энэргазабесьпячэньня. (Іншыя асьпекты ініцыятывы былі зьвязаныя з пытаньнямі транспарту). Краіны-партнэры ўзгаднілі мэты па гарманізацыі прававых і тэхнічных стандартаў, з тым, каб стварыць функцыянуючы інтэграваны энэргетычны рынак у адпаведнасьці з эўрапейскай і міжнароднай нарматыўна-прававой базай; павысіць бясьпеку і надзейнасьць энэргазабесьпячэньня за кошт пашырэньня і мадэрнізацыі існуючай інфраструктуры, замены састарэлых магутнасьцяў інфраструктуры на экалягічна бясьпечныя сыстэмы, распрацаваць новую інфраструктуру з сучаснымі сыстэмамі маніторынгу, палепшыць энэргазабесьпячэньне і кіраваньне попытам на аснове інтэграцыі эфэктыўных і ўстойлівых энэргетычных сыстэм, а таксама заахвоціць фінансаваньне камэрцыйна і экалягічна ўстойлівых энэргетычных праектаў, якія прадстаўляюць агульны інтарэс. "Дарожная карта" для дасягненьня гэтых і сумежных мэтаў была прынята на Міністэрскай канфэрэнцыі ў Астане.
Структура і дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каардынуючым органам Бакінскай ініцыятывы зьяўляецца Тэхнічны сэкрэтарыят INOGATE, які знаходзіцца ў Кіеве.
Бакінская ініцыятыва ажыцьцяўляецца ў рамках чатырох рабочых груп, кожная зь якіх сфармавана зь сябраў з усіх краінаў-партнэраў:
- Гарманізацыя прававой, нарматыўнай і інстытуцыйнай базы для лібэралізацыі рынку
- Павышэньне бясьпекі энэргетычных транспартных сетак
- Устойлівае разьвіцьцё
- Прыцягненьне інвэстыцый і судзейнічаньне рэалізацыі праектаў
Шэраг канкрэтных праектаў, што фінансуюцца Эўрапейскім інструмэнтам суседзтва і партнэрства (ENPI), зьвязаны праграмай INOGATE і пералічаны на партале INOGATE. Па стане на люты 2009 году гэтыя праекты ўключалі ініцыятывы па паляпшэньні аховы і бясьпекі структур транзыту нафты і газу, распрацоўцы сумесных нацыянальных энэргетычных палітык у Цэнтральнай Азіі, падтрымцы інтэграцыі рынкаў і ініцыятываў у галіне ўстойлівай энэргетыкі ў краінах-партнэрах.
Праграма INOGATE мае расклад бягучых канфэрэнцый і публікацыяў. Партал праграмы зьмяшчае інфармацыю, якая рэгулярна абнаўляецца, і навіны аб разьвіцьці энэргетыкі ў краінах-партнёрах і адпаведных ініцыятываў і палітык ЭЗ.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Інтэрнэт-сайт INOGATE
- Бакінская ініцыятыва Генэральны Дырэктарат па Транспарту і Энэргетыцы Эўрапейскай Камісіі
- Дэклярацыя міністраў аб узмоцненым супрацоўніцтве ў энэргетычнай сфэры паміж ЭЗ, прыбярэжнымі дзяржавамі Чорнага і Касьпійскага мораў і іх суседніх краінаў, 30 лістапада 2006 году, Астана