Elite
Elite | |
Дата выпуску | 20 верасьня 1984 |
---|---|
Жанр | касьмічны сымулятар |
Сэрыя | Elite[d] |
Стваральнікі | |
Распрацоўнікі | Дэйвід Брэбэн, Іен Бэл |
Выдаўцы | Acornsoft (Acorn/BBC) Firebird (парты) Imagineer |
Мова інтэрфэйсу | ангельская мова |
Дызайнэры | Дэйвід Брэбэн, Іен Бэл |
Тэхнічныя дэталі | |
Плятформы | BBC Micro, Acorn Electron, Apple II, Amstrad CPC, Commodore 64, ZX Spectrum, MSX, Tatung Einstein, IBM PC compatible, Acorn Archimedes, Amiga, Atari ST, Nintendo Entertainment System |
Рэжым | адзінаасобная гульня |
Носьбіты | аўдыёкасэта, дыскета, катрыдж |
Кіраваньне | клявіятура, джойстык |
Elite (з анг. — «Эліта») — кампутарны сымулятар касьмічнае стратэгіі, распрацаваны Дэйвідам Брэбэнам і Іенам Бэлам і выдадзены ў 1984 року Acornsoft першапачаткова для плятформаў BBC Micro і Acorn Electron. Назва гульні адлюстроўвае адну з задачаў гульца: павышэньне свайго вайсковага майстэрства да «элітнага» ўзроўню. Пазьней гульня была перавыдадзеная кампаніямі Firebird, Imagineer і Hybrid Technology для іншых плятформаў.
Elite была адной зь першых гульняў для дамашніх кампутараў, якая выкарыстоўвала каркасную 3D-графіку з выдаленьнем схаваных лініяў(en). Іншым новаўвядзеньнем было ўключэньне ў пакет продажу навэлі «Цёмнае кола» Робэрта Голдстака, якая азнаямляла гульцоў з маральнымі і грамадзкімі нормамі, да якіх яны павінны імкнуцца.
Вольны гульнявы працэс «Эліты», перадавы рухавік і рэвалюцыйная 3D-графіка забясьпечылі гульні партаваньне практычна на ўсе тагачасныя дамашнія плятформы і зрабілі яе клясыкаю жанру[1]. «Эліта» стала правобразам вялікае колькасьці пазьнейшых касьмічных сымулятараў, такіх як «Space Rogue», «Eve Online», «Freelancer», «Jumpgate», «Infinity: The Quest for Earth», «Wing Commander: Privateer», «Pardus», сэрыяў «Escape Velocity» і «X».
Распрацоўка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле словаў распрацоўнікаў Дэйвіда Брэбэна й Іена Бэла, пры стварэньні «Эліты» выкарыстаныя ідэі з настольнае ролевае гульні «Traveller»[2], фільмаў «2001: Касьмічная адысэя», «Зорныя войны», «Самаспынам па галяктыцы» і арыгінальнага «Battlestar Galactica».
Распрацоўнікі пазнаёміліся падчас навучаньня ў кэмбрыдзкім коледжы Ісуса. У гэты час Іен Бэл быў заняты стварэньнем для Acornsoft гульні «Freefall», а Дэйвід Брэбэн распрацоўваў гульню «Fighter». Высьветліўшы, што абодва праекты падобныя, студэнты вырашылі стварыць супольную гульню. Свой праект яны прапанавалі выдаўцу Thorn EMI, зь якім меў кантакты Дэйвід, аднак кампанія ім адмовіла. Тады аўтары зьвярнуліся ў Acornsoft. Нягледзячы на тое, што Elite вельмі адрозьнівалася ад таго, чым займалася Acornsoft, яе дырэктар-распараднік Дэйвід Джонсан-Дэйвіс згадзіўся на прапанову.
Напісаньне гульні заняло два гады. Дэйвід з Іенам напісалі яе ў машынным кодзе, што дазволіла зэканоміць памяць, неабходную ў выпадку кампіляцыі, паколькі іхні кампутар меў толькі каля 14 Кб вольнае памяці[3]. Найбольшая ўвага надавался максымальнай кампактнасьці коду. У апошнюю чаргу быў дададзены трохвымерны радарны дысплэй, які зьмясьціўся ў рэшту байтаў памяці іхняга кампутара[3].
Пасьля выхаду Elite атрымала вельмі прыязныя водгукі, а вэрсія гульні для BBC Micro была прададзеная ў колькасьці 150 000 копіяў[4]. Вялікі камэрцыйны посьпех на плятформе BBC Micro выклікаў вайну прапановаў па выданьні «Эліты» ў іншых фарматах. У рэшце рэшт гульня была партаваная практычна на ўсе тагачасныя дамашнія плятформы і нават на кансолю NES. Паводле ацэнак Іена Бэла, агулам для ўсіх плятформаў было прададзена прыкладна 600 000 копіяў гульні[5].
Гульнявы працэс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Elite часта бралася за ўзор, зь якім параўноўваліся пазьнейшыя прадстаўнікі жанру. Аднак «Эліта» ня была першым касьмічным сымулятарам: яшчэ ў 1974 року зьявілася жанравызначальная гульня «Star Trader». Жанр касьмічнага сымулятару спалучае бітвы ў адкрытым космасе з сыстэмаю грузаперавозак «набывай танна, прадавай дорага», каб выкарыстоўваць прыбытак на набыцьцё ўдасканаленьняў для касьмічнага караблю.
Гулец у пачатку кіруе пэрсанажам «камандор Джэймсан»[a], пачынае на станцыі Лэйв са 100 крэдытамі і легкаўзброеным гандлёвым караблём «Cobra Mark III». Большасьць караблёў у гульні названыя імёнамі зьмеяў або іншых рэптыліяў. Крэдыты можна зарабляць некалькімі спосабамі: пірацтвам, гандлем, вайсковымі місіямі, наёмнымі забойствамі або горнай здабычай на астэроідах(en). На заробленыя сродкі гулец мае магчымасьць усталёўваць на свае караблі лепшае ўзбраеньне, аўтаматычную сыстэму стыкаваньня, павялічваць грузападымальнасьць і іншае.
Мэты як такавое гульня ня мае. Фармальна ў гульні налічваецца ад дзьвюх да сямі місіяў (у залежнасьці ад вэрсіі): выратаваньне людзей з сыстэмы, дзе зорка ператвараецца ў супэрновую; здабыцьцё маскавальнае прылады; зьнішчэньне арбітальнае станцыі таргоідаў[6][7]. Увесь астатні час гулец можа прысьвяціць дасьледаваньню адкрытага космасу і дасягненьню найвышэйшага рангу Elite.
Замест складаных плянэтных сыстэмаў зоркі ў гульні маюць па адной плянэце, аддзеленыя міжзорнымі адлегласьцямі. На арбіце кожнае плянэты знаходзіцца касьмічная станцыя. Пералёты між плянэтамі абмежаваныя запасам ракетнага паліва (7 сьветлавых рокаў), пасьля чаго трэба запраўляцца на арбітальнай станцыі. Стыкаваньне з касьмічнай станцыяй без бартавога кампутара — няпростая задача, паколькі патрабуе сынхранізацыі хуткасьці абарачэньня карабля з хуткасьцю станцыі. Гулец можа абсталяваць свой карабель чарпаком для паліва, які дае магчымасьць зьбіраць паліва з паверхні зорак, а таксама каністры і капсулі, выкінутыя з разбураных караблёў.
Падчас гіпэрскачку касьмічны карабель гульца можа быць перахоплены варожай расаю таргоідаў, тады ён завісае ў «пераходнай прасторы», пакуль ня скончыць бітву з караблямі суперніка. Вандраваць паміж васьмю галяктыкамі гульнявога сусьвету можна з дапамогаю ўсталяваньня надзвычай дарагога апгрэйду для галяктычнага гіпэрскачку. Адрозьненьняў паміж галяктыкамі практычна няма, аднак у некаторых вэрсіях дзеля доступу да місіяў неабходна наведаць прынамсі дзьве галяктыкі.
У гульні прысутнічаюць некалькі дадатковых місіяў для галяктычнага флёту. У адной неабходна высачыць і зьнішчыць скрадзены экспэрымэнтальны карабель; у іншых неабходна даставіць інфармацыю на родную плянэту таргоідаў, у той час як іхнія караблі будуць усімі сіламі супрацьстаяць гэтаму.
Новаўвядзеньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гульнявы сусьвет «Эліты» складаецца з васьмі галяктык, у кожнай зь якіх прапанавана для дасьледаваньня 256 плянэтаў. З-за абмежаваных магчымасьцяў 8-бітных кампутараў яны генэруюцца працэдурна(en) шляхам запуску пэўнага альгарытму патрэбную колькасьць разоў. Працэдура фармуе пасьлядоўнасьць лічбаў, якія вызначаюць поўныя характарыстыкі кожнае плянэты: пазыцыю ў галяктыцы, кошты тавараў і нават назву і мясцовыя асаблівасьці, дзеля чаго з адмысловае табліцы выбіраюцца тэкставыя радкі і кампануюцца ва ўнікальныя для кожнае плянэты апісаньні. Такім чынам для захоўваньня характарыстык кожнае з плянэтаў не спатрэбілася вылучэньня дадатковага месца. Такім самым чынам генэруюцца і характарыстыкі галяктык.
Тым ня меней, выкарыстаньне працэдурнага фармаваньня стварыла шэраг праблемаў. Зьявіліся некалькі памылкова згенэраваных сыстэмаў, на якія можна трапіць толькі праз гіпэрпрастору, бо яны знаходзяцца на адлегласьці большай за 7 сьветлавых рокаў ад найбліжэйшых суседзяў, пасьля чаго зь іх немагчыма выбрацца. Таксама распрацоўнікі гульні пераканаліся, што ніводная са згенэраваных назваў плянэтаў ня будзе зьмяшчаць абсцэнную лексыку пасьля таго, як давялося выдаліць цэлую галяктыку, дзе знайшлася плянэта пад назваю «Arse»[8].
Арыгінальная вэрсія для BBC Micro выкарыстоўвала нестандартную разьметку дыску для абароны ад капіяваньня, заснаванай на спэцыфічным апэрацыйным кодзе OSWORD &7F DFS
у дыскавым кантролеры Intel 8271 для наўпроставага звароту да дыску і стварэньня нестандартнае разьметкі сэктароў/дарожак. Аднак такі спосаб таксама выклікаў праблемы для карыстальнікаў ліцэнзійнае вэрсіі гульні, якія карысталіся дыскавымі кантролерамі Western-Digital 1770 ад староньніх вырабнікоў, такіх як Watford Electronics. Пазьней Acorn выпусьціла альтэрнатыўныя вэрсіі дыскаў для BBC, сумяшчальныя з WD1770. Пазьней Superior Software выкарыстоўвала гэтую абарону ад капіяваньня ў гульні «Exile»[9].
Перапрацоўкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першапачаткова былі выдадзеныя 3 вэрсіі гульні: касэтная для Acorn Electron і абедзьве (касэтная і дыскетная) для BBC B. Вэрсія для BBC выкарыстоўвала сэкцыянаваны экран(en) для вываду чатырох колераў: верхнія 2/3 экрану адлюстроўваліся ў 4-м рэжыме (320 × 256 / 2 колеры), ніжняя частка — у 5-м (160 × 256 / 4 колеры). Вэрсія для Acorn Electron запускалася цалкам у 4-м рэжыме і таму была чорна-белай. З-за абмежаваньняў Acorn Electron з вэрсіі для гэтага кампутара былі выключаныя таргоіды і зоркі. Ні на Electron-е, ні на BBC не было праходжаньня місіяў.
Вэрсія для Electron мела яшчэ адзін баг, які не дазваляў карыстацца галяктычнай гіпэрпрасторай. Acorn выправіла гэтую памылку ў апгрэйдзе да вэрсіі 1.1, рассыланым поштаю на касэтах. Дыскетная вэрсія для BBC B, так званая «Клясычная „Эліта“» (анг. Classic Elite), падгружала новыя наборы караблёў пасьля кожнага гіпэрскачку або запуску новай касьмічнай станцыі, што дазваляла мець большы выбар караблёў. Новая дыскетная вэрсія, выдадзеная ў 1986 кампаніяй Superior Software, была дапрацаваная з улікам новых магчымасьцяў наступнікаў мадэлі BBC Micro Model B — BBC Micro Model B+, Master 128, апцыянальнага дадатковага працэсара 6502 ці дадатковае апэратыўнае памяці. Новая вэрсія мела магчымасьць працаваць у 1-м (640 × 256, 2 колеры) і 2-м (320 × 256, 4 колеры) графічных рэжымах.
Elite был сканвэртаваная на вялікую колькасьць дамашніх плятформаў, сярод якіх Amiga, Atari ST, Apple II, Amstrad CPC, Commodore 64, ZX Spectrum, MSX, Tatung Einstein і сумяшчальныя з IBM PC. У 1991 року была выпушчаная адзіная кансольная вэрсія для Nintendo Entertainment System. Гульнявы працэс для розных плятформаў мог нязначна адрозьнівацца.
Вэрсія для ZX Spectrum стала бэстсэлерам[10] і заняла 7-е месца ў сьпісе 100 найлепшых гульняў усіх часоў па выніках апытаньня чытачоў і 16-е — па выніках галасаваньня часопісу «Your Sinclair»[11].
Порт «спэктрумавай» вэрсіі на Amstrad CPC меў меней караблёў, чым вэрсіі для іншых плятформаў, і адрозьніваўся некаторымі місіямі і назвамі.
У перапрацоўку для Commodore 64 былі дададзеныя трамблы (істоты, створаныя на аснове жывёлаў трыблаў з арыгінальнага «Зорнага Шляху»). Пры актывацыі стыковачнага кампутара на вэрсіі для Commodore 64 і некаторых іншых прагравалася варыяцыя вальсу «Над сінім Дунаем» (як у фільме Стэнлі Кубрыка «2001: Касьмічная адысэя»).
Вэрсія для Acorn Archimedes пад назваю «ArcElite» (часам называецца найлепшай перапрацоўкай арыгінальнае гульні[12]) мела разумных супернікаў, якія ўдзельнічалі ў бітвах між сабой, і паліцыю, якая займалася аховай правапарадку. Акрамя гэтага, больш сучаснае апаратнае забесьпячэньне дазволіла замест каркаснае графікі выкарыстаць паліганальную сетку. Гульнявы сьвет больш не выглядаў сканцэнтраваным вакол гульца: грузавыя караблі з эскортам займаліся сваёй уласнай справай, пірацкія групоўкі рабавалі грузаперавозцаў на некантраляваных паліцыяй сыстэмах, а здабываючыя караблі маглі разьбіваць астэроіды дзеля атрыманьня карысных выкапняў. Цікава, што першапачаткова гульня для Archimedes распрацоўвалася пад назваю «Trojan», аднак відавочныя аналёгіі прывялі да таго, што плянаваная асобная гульня стала афіцыйнай канвэрсіяй Elite[13]. У 2006 року ArcElite стала адной з гульняў, выкладзеных для бясплатнага карыстаньня на вэб-бачыне The Icon Bar[14].
Вялікая колькасьць спробаў стварыць клёны «Эліты» не была даведзеная да завяршэньня ці іншым чынам ня мела посьпеху. Адным з выключэньняў стала гульня з адкрытым кодам «Oolite», партаваная на плятформы FreeBSD, SGI IRIX і Windows.
З дапамогай рэвэрсыўнае распрацоўкі Крыстыян Піндэр на аснове арыгінальнае вэрсіі для BBC Micro стварыў уласную Elite: The New Kind, аднак быў вымушаны зьняць яе з продажу на патрабаваньне Дэйвіда Брэбэна[15].
У 2004 року ў Нямеччыне быў выдадзены камэрцыйны прадукт пад назовам Elite Starfighter — клён Elite з сучаснай графікай. Гульня крытыкавалася за выкарыстаньне арыгінальнага гульнявога працэсу, састарэлага для цяперашняга часу, аднак гэта дае магчымасьць апынуцца ў атмасфэры арыгінальнае «Эліты»[16].
Камплект продажу
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Acornsoft запусьціла шырокамаштабную рэклямную кампанію і выдала для гульні дбайна распрацаванае запакаваньне, удвая большае па памерах, чым звычайныя пакункі для сваіх прадуктаў. Разам з гульнёй у пакаваньні пастаўляліся навэля Робэрта Голдстака «Цёмнае кола», інструкцыя да гульні, уліковая картка і постэр для ідэнтыфікацыі касьмічных караблёў.
Навэля «Цёмнае кола» распавядае гісторыю маладога пілёта Алекса Райдэра, бацька якога Джэйсан загінуў падчас атакі касьмічных піратаў. Расьсьледуючы бацькаву сьмерць, Алекс вывучае асновы сусьвету «Эліты» — сыстэму бітваў, гіпэррухавік і гіпэрпрастору, таргоідаў — і адкрывае праўду пра бацьку і ягоны ўзровень майстэрства. Ён таксама даведваецца, хто такія «Цёмнае кола» і што неабходна для далучэньня да іхніх шэрагаў[17].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Elite заняла 12-е месца ў сьпісе 25 гульняў усіх часоў паводле вэрсіі вэб-бачыны IGN (2000)[18], 3-е месца ў сьпісе найбольш уплывовых кампутарных гульняў усіх часоў паводле Times Online (2007)[19], 6-е месца ў сьпісе найлепшых гульняў паводле вэрсіі часопісу «Stuff» (2008)[20], 1- месца ў сьпісе найлепшых рэтра-гульняў паводле вэрсіі «Retro Gamer» (2004)[21], 1-е месца ў сьпісе найлепшых гульняў 1980-х паводле вэрсіі «Next Generation Magazine» (2008)[22]. Вэрсія для ZX Spectrum заняла 7-е месца ў сьпісе 100 найлепшых гульняў усіх часоў па выніках апытаньня чытачоў і 16-е — па выніках галасаваньня часопісу «Your Sinclair» (1993)[11], а таксама 9-е месца ў сьпісе найлепшых гульняў усіх часоў па выніках галасаваньня часопісу «Your Sinclair» (2004)[23].
Працягі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Існуюць два афіцыйныя працягі, створаныя кампаніяй Дэйвіда Брэбэна Frontier Developments: Frontier: Elite II (1993) і Frontier: First Encounters (1995). Гульні мелі значна большыя магчымасьці ў параўнаньні з Elite: 3D-графіка, удасканаленыя місіі, складаная эканоміка. Гулец атрымаў магчымасьць прызямляцца на плянэты і дасьледаваць іх на прадмет карысных выкапняў. Значна павялічыўся выбар караблёў. Гэтыя гульні зьявіліся для плятформаў Commodore Amiga, Atari ST і IBM PC. У распрацоўцы сыквэлаў практычна ня браў удзелу другі распрацоўнік арыгінальнае гульні, Іен Бэл.
Аднак абодва працягі мелі значную колькасьць багаў, часткова з-за таго, што выдаваліся недапрацаванымі. Для «Frontier: First Encounters» пастаянна даводзілася выдаваць новыя латкі, што нават сталася прычынай трохгадовага судовага працэсу паміж выдаўцом GameTek і Брэбэнам.
Сыквэлы мелі заснаваную на мэханіцы Ньютана мадэль палётаў, якая, хоць і была больш рэалістычнай у параўнаньні з аркаднай мадэльлю «Эліты», атрымала вялікую колькасьць нараканьняў ад гульцоў за надзвычайную складанасьць, асабліва падчас бітвы. З часоў «Эліты» большасьць гульняў жанру касьмічны сымулятар маюць аркадную мадэль палёту, дзе караблі паводзяцца так, нібыта лётаюць у атмасфэры.
Такім чынам, «Frontier: Elite II» (1993) і «Frontier: First Encounters», нягледзячы на свае плюсы, не атрымалі вялікае ўхвалы гульцоў. У лістападзе 2012 року кампанія Frontier абвясьціла пра пачатак працы над новым сыквэлам пад назовам «Elite: Dangerous»[24] і пра збор сродкаў на яе праз Kickstarter[25].
У 1991 року быў выдадзены псэўдасыквэл «Эліты» для DOS пад назовам Elite Plus. У гэтай вэрсіі ўжо выкарыстоўваліся графічныя рэжымы EGA, VGA і MCGA, у адрозьненьне ад CGA арыгінальнае гульні. Elite Plus была напісаная Крысам Соерам цалкам на асэмблеры[26], мела дзевяць галяктык і новае званьне для гульца — «арханёл». Званьне прысвойвалася пасьля выкананьня адмысловай місіі па зьнішчэньні касьмічнае станцыі ў захопленай таргоідамі сыстэме.
Напрыканцы 1980-х Ангус Дуган на аснове дызасэмбляванага і зьмененага коду 6502 стварыў адмену арыгінальнае Elite (для BBC Micro) пад назовам Elite III. Афіцыйна выдадзеная яна была ў 1997 року пад назваю Elite A, каб пазьбегнуць блытаніны, і мела шмат дадатковых магчымасьцяў: большы выбар відаў караблёў, большую колькасьць місіяў, дадатковае абсталяваньне і некаторыя паляпшэньні гульнявога працэсу.
Уплыў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гульню Elite называюць прарывам, які вызначыў будучыню жанру касьмічных сымулятараў[22][27][28][29][30], а таксама ўвогуле аказаў уплыў на гульнявы бізнэс[27][28][31][32]. Нямецкае шоў тэхналёгіяў і гульняў «Telespiele» назвала яе адной з 16 найбольш уплывовых гульняў у гісторыі[33]. Таксама «Эліту» прызнаюць першай сапраўды нелінейнай гульнёй[34][35] і адкрыцьцём шляху для будучых онлайнавых гульняў з пастаянным сьветам(en), такіх як «Second Life», «World of Warcraft»[19] і «EVE Online»[36].
Нягледзячы на вялікую папулярнасьць рымэйкаў «Эліты»[37], для многіх яна ўсё адно застаецца найлепшым прыкладам касьмічнае стратэгіі недасяжнага для сыквэлаў узроўню[27][28][38][39].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ LaMosca, Adam (July 18, 2006) Lost in the Void (анг.). The Escapist. Праверана 2007-11-17 г.
- ^ Elite Trivia (анг.) Праверана 2006-05-21 г. Архіўная копія ад 2006-05-30 г.
- ^ а б UK Channel 5 television program «Brits Who Made The Modern World», 7.30-8.00 pm 22 August 2008
- ^ Spufford, Francis (2003-10-18) Masters of their universe (анг.). Guardian. Праверана 29 лютага 2012 г.
- ^ The Making Of: Elite (анг.). Edge (May 22, 2009). Праверана 2009-12-27 г.
- ^ Артем Кирюшин (Сигурд). Игры прошлого: Elite // Лучшие компьютерные игры. — М.: Техномир, 2005. — № 5 (42).
- ^ Robert Pfeifer. «alt.fan.elite FAQ»(недаступная спасылка): разьдзел 3 (анг.)
- ^ Gamespot Q&A Interview(недаступная спасылка)
- ^ Exile Disk Copy protection
- ^ World of Spectrum — Archive — Magazine viewer
- ^ а б Readers' Top 100 Games of All Time // Your Sinclair. — Imagine Publishing, September 1993.
- ^ Gaming Greats — Elite (1984) (анг.) stuff.tv. Stuff (Apr 19, 2010). Праверана January 30, 2012 г.
- ^ Acorn User, September 1995
- ^ Lee Jeffrey. (January 11, 2006) Free games (анг.) The Icon Bar Праверана March 26, 2012 г.
- ^ NewKind (анг.). Christian Pinder. Праверана 2007-08-05 г.
- ^ Elite Starfighter (анг.). Pepper Games. Праверана 2006-05-21 г.
- ^ Ian Bell’s Elite site including the full text of The Dark Wheel
- ^ The Top 25 PC Games of All Time (анг.). IGN (July 24, 2000). Праверана 2008-06-20 г.
- ^ а б Moran, Michael (September 20, 2007) The ten most influential video games ever (анг.). Times Online. Праверана 2008-06-20 г.
- ^ 100 Greatest Games // Stuff. — October 2008. — С. 116—126.
- ^ Top 100 Retro Games // Retro Gamer. — 2004.
- ^ а б Barton, Matt; Bill Loguidice (April 7, 2009) The History of Elite: Space, the Endless Frontier (анг.). Gamasutra. Праверана 2009-12-27 г.
- ^ Top 50 Games of All Time // Your Sinclair. — Imagine Publishing, November 2004.
- ^ Welcome Back, Commander... Elite: Dangerous Announced! (анг.). Frontier. Праверана 14 сьнежня 2012 г.
- ^ Elite: Dangerous by Frontier Developments (анг.). Kickstarter. Праверана 2012-11-29 г.
- ^ Robert Pfeifer. alt.fan.elite FAQ (анг.) Праверана 2006-08-04 г.
- ^ а б в Williams, Bryn (September, 2000) GameSpy.com - Hall of Fame: Elite (анг.). GameSpy. Праверана 2008-06-20 г. Архіўная копія ад 2008-02-11 г.
- ^ а б в Wolf (January 25, 2006) X3: Reunion review at games xtreme (анг.). games xtreme. Праверана 2008-06-19 г.
- ^ Hartmeyer, Steve (February 13, 2008) Dev Diary: The Inspirations Behind Jumpgate Evolution (анг.). The MMO Gamer. Праверана 2008-06-20 г.
- ^ Jonric. (2000-08-01) EVE Interview (анг.). RPGVault. Праверана 2008-06-19 г.
- ^ Fahey, Rob (April 11, 2003) Freelancer Review (анг.). Eurogamer. Праверана 2008-06-19 г.
- ^ Carless, Simon (August 26, 2007) Telespiele 1972–2007 Picks Most Influential Games (анг.). GameSetWatch. Праверана 2008-06-20 г.
- ^ Plunkett, Luke (August 27, 2007) German Journos Pick Their Most Important Games Of All Time (анг.). Kotaku. Праверана 2008-06-20 г.
- ^ Whitehead, Dan (February 4, 2008) Born Free: the History of the Openworld Game (анг.). Eurogamer. Праверана 2008-06-20 г.
- ^ The complete history of open-world games (анг.). Computer and Video Games (May 24, 2008). Праверана 2008-06-20 г.
- ^ The Making of EVE Online (анг.). PC Gamer. Праверана 2011-01-24 г.
- ^ Fahey, Rob (February 6, 2004) X2: The Threat Review (анг.). Eurogamer. Праверана 2008-06-20 г.
- ^ Shoemaker, Richie (August 14, 2002) Games that changed the world: Elite (анг.). Computer and Video Games. Праверана 2008-06-20 г.
- ^ Fahey, Rob (September 30, 2003) X2 - The Threat preview (анг.). Eurogamer. Праверана 2008-06-19 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйная старонка
- Frontier’s Elite
- Elite (анг.) на World of Spectrum
- Elite (анг.) на MobyGames
- Gamasutra
- «Пасьмяротная» прэзэнтацыя «Эліты»
- EliteWiki (анг.)
|
- Кампутарныя гульні 1984 году
- Гульні для Acorn Archimedes
- Гульні для Amiga
- Гульні для Amstrad CPC
- Гульні для Apple II
- Гульні для Atari ST
- Гульні для BBC Micro і Acorn Electron
- Гульні для Commodore 64
- Гульні для DOS
- Гульні для MSX
- Гульні для Nintendo Entertainment System
- Гульні для SAM Coupé
- Гульні для Tatung Einstein
- Гульні для ZX Spectrum
- Кампутарныя гульні, распрацаваныя ў Вялікабрытаніі
- Касьмічныя сымулятары
- Навукова-фантастычныя кампутарныя гульні