Перайсьці да зьместу

Юры Базыль Баркоўскі-Дунін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Юры Базыль Баркоўскі-Дунін (1640 — 16 сакавіка 1702) — вайсковец.

Адзіны сын Каспара, палкоўніка войск Рэчы Паспалітай, які за заслугі ў Смаленскай вайне атрымаў ад Уладзіслава IV маёмасьць у Чарнігаўскім ваяводзтве, дзе заснаваў вёску Баркоўку, родавае гняздо украінскай галіны таго роду. У часе паўстаньня Хмяльніцкага Каспар Баркоўскі, разам з жонкаю і дачкою, быў замардаваны казакамі. Ацалеў толькі сын Юры Базыль, які выхоўваўся ў Гетманшчыне. Ён прыняў праваслаўнае веравызнаньне і ўступіў ў казацкае войска, у якім даслужыўся да вышэйшых чыноў: у 1668—1672 гг. быў сотнікам выбельскім і ўдзельнічаў у 1669 г. у пасольстве ад гетмана Мнагагрэшнага да Масквы, у 1672—1686 гг. быў палкоўнікам чарнігаўскім, у 1686—1702 гг. генэральным абозным.

Паданьне падае, што па зьняцьці Самайловіча ў 1687 г. князь Галіцын прапаноўваў Баркоўскаму гетманскую булаву, жадаючы за гэтую паслугу 10 тысяч рублёў. Але, з-за сквапнасьці Баркоўскага гешэфта не адбылося і гетманам зрабіўся Мазепа, які падкупіў Галіцына грашыма пазычанымі ў Баркоўскага. Затое не шкадаваў грошаў Баркоўскі на рэлігійныя справы. Адрэстаўраваў чарнігаўскую царкву Спаса (1675), спрычыніўся да аднаўленьня Елецкага манастыра. Шмат якая цэрквы чарнігаўшчыны мелі ягоныя грашовыя ахвяраваньні, што адзначалася ў цэрквах шыльдаю з выявай гербу Лебедзь, бо належаў да самых багатых паноў ва ўсёй Гетманшчыне. Быў жанаты на Марыі, дачцэ чальца казацкай старшыны Базыля Шубы.

Пахаваны быў у Елецкім манастыры. На ягоным надмагільлі быў зроблены вялікі надпіс, які распавядаў аб ягоных заслугах. Пакінуў 2 сыноў Міхала і Андрэя ды 4 дачок. Але ў сучасьнікаў ня меў да сябе павагі, бо быў сквапны, зласьлівы. тэрарызаваў паддадзеных ды гвалціў кабет. Нават існавала паданьне, што ён быў крывасмокам і служыў д’яблу, таму і адорваў цэрквы сваімі дарамі, каб захаваць спакой сваёй душы.

  • Korduba M. Borkowski Jerzy Bazyli Dunin. // Polski słownik biograficzny. T. II. Kraków. 1936. S. 332.
  • Борковський-Дунін Юрій-Василь. // Енциклопедія Українознавства. Т. 1. Львів. 1993. С. 161.