Еўна Полацкая
Еўна (? — 1345) — дачка князя Івана Полацкага і жонка Гедзіміна, вялікага князя літоўскага. Еўна вядома з Раўданскага рукапісу і з Хронікі Быхаўца.
Паводле Раўданскага рукапісу, Гедзімін ажаніўся зь Еўнай прыкладна ў 1298 годзе, пасьля сьмерці сваёй жонкі Вольгі Ўсеваладаўны, смаленскай княжны. Новаю жонкаю Гедзіміна стала Еўна (або Ева) Іванаўна, дачка полацкага князя Івана Ўсеваладавіча, брата зьмерлай Вольгі. Сынамі Гедзіміна ад Еўны былі Любарт (нарадзіўся ў 1299 г.), Яўнут (1301 г.) і Карыят (1306 г.)[1]. Такім чынам, Раўданскі рукапіс пацьвярджае аўтэнтычнасьць зьвесткі Хронікі Быхаўца пра «княгіню Еўну», маці Яўнута, і праясьняе, што гэта не «летувіска» зь «летувіскім» імем «Яўна» (як бездаводна заяўляюць летувіскія аўтары) — а полацкая княжна Еўна Іванаўна.
Хроніка Быхаўца апавядае, што, калі "княгіня Евна умерла" (1345 г.), браты Альгерд і Кейстут сталі незадаволеныя Яўнутам, якога Гедзімін абраў у якасьці свайго спадкаемцы, і неўзабаве скінулі яго зь вялікакняскага стальца. Калі разглядаць гэты эпізод як сьведчаньне апекі Еўны над Яўнутам, то ён кажа аб уладзе і ўплыве вялікай княгіні ў Вялікім Княстве Літоўскім.[2]