Элі Дзюкамэн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Элі Дзюкамэн

Элі Дзюкамэ́н (па-француску: Élie Ducommun, 19 лютага 1833, Жэнэва, Швайцарыя — 7 сьнежня 1906, Бэрн, Швайцарыя) — швайцарскі журналіст, змагар за мір, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру (1902) (разам з Шарлем Альбэрам Гоба).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Быў малодшым з траіх дзяцей у сям’і гадзіншчыка. Нягледзячы на адсутнасьць вышэйшай адукацыі, ужо ў 17 гадоў стаў хатнім настаўнікам у багатай сям’і. Праз тры года пачаў выкладаць ў школе, а яшчэ праз два гады стаў рэдактарам часопіса «Жэнэўскі агляд» (фр. Revue de Geneve). Яго дзейнасьць у часопісе дазволіла яму заняць ў 1857 годзе пасаду віцэ-канцлера, а празь пяць гадоў — канцлера кантона Жэнэвы.

У 1865 годзе, пасьля пераезду ў Бэрн, заснаваў часопіс «Прагрэс». Пачынаючы з 1868 году быў рэдактарам інфармацыйнага бюлетэня «Злучаныя штаты Эўропы» (фр.: Les États-Unis d’Europe), які выдаваўся Міжнароднай лігай сьвету і свабоды. У 1891 годзе сумесна з Шарлем Альбэрам Гоба стаў заснавальнікам Міжнароднага бюро міру, якое каардынавала дзеяньні эўрапейскіх пацыфісцкіх арганізацыяў. За гэтую дзейнасьць заснавальнікі бюро былі ўганараваныя ў 1902 годзе Нобэлеўскай прэміяй міру.