Эва Маралес

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Эва Маралес
Evo Morales 2017.jpg
Прэзыдэнт Балівіі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 26 кастрычніка 1959(1959-10-26)[1][2] (60 гадоў)
Арура, Балівія
Партыя: «Рух да сацыялізму»

Хуан Эва Маралес Айма (па-гішпанску: Juan Evo Morales Ayma; нар. 26 кастрычніка 1959, г. Арынока, Арура) — балівійскі палітычны дзеяч, прэзыдэнт Балівіі (2006—2019). Першы прадстаўнік карэннага насельніцтва Амэрыкі (аймара), які кіраваў Балівіяй, за больш як 500 год з часу гішпанскай калянізацыі. Падчас яго прэзыдэнцтва дзяржава пачала кантраляваць нафтавыя і газавыя радовішчы. Дзякуючы гэтаму краіна ў тры разы павялічыла прыбытак ад эксплюатацыі сыравіны. За гэтыя грошы Маралес збудаваў шчодрую палітыку сацыяльнай дапамогі.

Прытрымліваецца левых палітычных поглядаў, зьяўляецца лідэрам партыі «Рух да сацыялізму» (ісп. Movimiento al Socialismo) і ўзначальвае рух балівійскіх какалера (вырошчвальнікаў кокі), якія супрацьстаяць намеру ўрада ЗША зьнішчыць гэтую сельскагаспадарчую культуру ў правінцыі Чапарэ ў паўднёва-ўсходняй Балівіі.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да прыходу ў палітыку Маралес займаўся фэрмэрствам — вырошчваў коку і кіраваў нават рухам вытворцаў кокі ў Балівіі. У палітыцы з 1997 году.

Перамога на выбарах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас сваёй першай прэзыдэнцкай кампаніі ён абяцаў сялянам, што скасуе забарону на разьвядзеньне кокі, якую ўвяла папярэдняя ўлада.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2002 году заняў другое месца, што стала нечаканасьцю для традыцыйных балівійскіх партыяў, а ў спалучэньні зь яго індзейскім паходжаньнем гэта зрабіла Маралеса знакамітым ва ўсёй Лацінскай Амэрыцы.

Перамог на выбарах 22 сьнежня 2005 пасьля шэрагу агульнанацыянальных крызысаў у газавай прамысловасьці і выкрыцьця карупцыі сярод прафэсыйных балівійскіх палітыкаў. У выбарах удзельнічала 98,7% выбаршчыкаў, Маралес атрымаў 53,9% галасоў і больш як на 15% апярэдзіў свайго суперніка, былога прэзыдэнта, кансэрватара Хорхэ Кіроху.

Празь месяц пасьля перамогі, 21 студзеня 2006 году, Маралес наведаў індзейскую духоўную цырымонію на месцы археалягічнага помніку дакалюмбавай эпохі і ў сучасным рэлігійным цэнтры Тыўанаку, дзе ён быў каранаваны як вярхоўны лідэр аймара, туземнай групы, да якой ён належыць. Маралес абвясьціў, што ўпершыню пасьля Тупака Амару карэнны амэрыканец атрымаў уладу ў Балівіі.

22 студзеня 2006 году адбылася інаўгурацыя Маралеса ў Ля-Пас, дзе прысутнічалі прэзыдэнт Аргентыны Нэстар Кіршнэр, прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс і чылійскі прэзыдэнт Рыкарда Лягас. Прыватная сустрэча прэзыдэнтаў Балівіі і Чылі (краінаў, якія некалі ваявалі за выхад да Ціхага акіяна) павінна была паказаць, што прэзыдэнцтва Маралеса распачынае новую эру і заканчвае 500-гадовы каляніяльны пэрыяд.

Палітыка Маралеса[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маралес лічыць найгоршым ворагам чалавецтва амэрыканскі капіталізм, супрацьстаіць імпэрыялізму і нэалібэралізму. Амэрыканскую зону свабоднага гандлю (FTAA) называе «пагадненьнем для легалізацыі калянізацыі Амэрык». На міжнароднай арэне выказвае сымпатыі да левых палітыкаў: Фідэля Кастра, Уга Чавэса, Рыгабэрты Менчу.

Ва ўнутранай палітыцы імкнуўся правесьці ў краіне вялікія пераўтварэньні і намерваўся склікаць канстытуцыйную асамблею. Падтрымліваў нацыяналізацыю газанафтавай індустрыі (пачалася ў 2006 годзе). У сакавіку 2006 году абвясьціў аб павышэньні мінімальнага заробку на 50% з 440 балівіяна (45 эўра) да 660 балівіяна (67 эўра).

Распачаў дыскусію з урадам ЗША па праблеме кокі, сьцьвярджаючы, што няўхільна прытрымліваецца антынаркатычнай пазыцыі («ня будзе какаіну, але будзе кока»). Абараняе правы карэнных народаў Балівіі, якія хочуць вырошчваць гэтую традыцыйную культуру, маўляў, адсутнасьць кокі прывяла б да зьнікненьня кечуа і аймара. Даводзіў, што наркатычны эфэкт ад лісьця кокі меншы, чым у кафэіну, які ўтрымліваецца ў каве, і для многіх бедных балівійцаў жаваньне лістоў кокі зьяўляецца натуральным сродкам вытрымаць доўгі працоўны дзень (да пятнаццаці і нават васемнаццаці гадзін у дзень) і не прыводзіць да наркатычных праблем у грамадзтве.

Маралес прымае віншаваньні з нагоды абраньня ад прэзыдэнта Бразыліі Лулы.

Нежанаты, пратакольныя функцыі першай лэдзі выконвала яго сястра. Маралес моцна адрозьніваўся ад традыцыйных лацінаамэрыканскіх палітыкаў сваім спакойным стаўленьнем да ўмоўнасьцей. У студзені 2006 году ён скараціў сваю зарплату да 1875 USD/месяц (-57%). Да выбараў ён дзяліў кватэру зь іншымі функцыянэрамі сваёй партыі. Не прытрымліваецца дрэс-коду. Вялікі прыхільнік футболу.

Падтрымку Маралесу сярод выбаршчыкаў забясьпечыў эканамічны рост краіны пасьля 2006 году, калі ён заняў пасаду прэзыдэнта.

Выбары ў 2014 годзе былі па сутнасьці трэцімі для Маралеса, але юрыдычна — другімі. Такое рашэньне прыняў суд. Падчас першага тэрміну апазыцыя ініцыявала рэфэрэндум за адстаўку, але Маралес перамог. Трэці раз запар прэзыдэнцкія выбары Эва Маралес выйграў у 2014 годзе.

Рэфэрэндум і чацьвёртыя выбары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2016 годзе большасьць балівійцаў, якія прынялі ўдзел у рэфэрэндуме аб дазволе прэзыдэнту Эва Маралесу балятавацца на гэтую пасаду чацьверты раз, выказаліся супраць унясеньня адпаведнай папраўкі ў канстытуцыю. Але ў лістападзе 2017 году Вярхоўны суд Балівіі прызнаў рэфэрэндум несапраўдным.

20 кастрычніка 2019 году ў Балівіі прайшлі прэзыдэнцкія выбары, на якіх Эва Маралес, паводле афіцыйных зьвестак, перамог у чацьверты раз. Паводле афіцыйных вынікаў, Эва Маралес здабыў 47,08% галасоў, а ягоны галоўны канкурэнт, цэнтрыст і папярэдні прэзыдэнт Карляс Мэса — 35,61. Але гэта былі вынікі з падліку толькі 84% галасоў. Розьніца паміж канкурэнтамі склала 11%, а каб пазьбегчы рызыкоўнага другога туру, паводле балівійскага закону, патрэбная перавага ў 10%. Потым ЦВК краіны спыніла падлік і паведаміла пра вынікі толькі праз тры дні, адмовішыўся ад папярэдніх зьвестак зь некаторых акругаў[3].

Але асноўны канкурэнт — экс-прэзыдэнт Карляс Мэса — заявіў, што не прызнае перамогу Маралеса ў першым туры. Апазыцыя абвясьціла, што вынікі сфальсыфікаваныя. У краіне пачаліся масавыя пратэсты. У сутыкненьнях загінулі прынамсі тры чалавекі і больш за 300 былі параненыя. Паводле апазыцыі, у многіх рэгіёнах да антыўрадавых пратэстаў далучалася і паліцыя. Апазыцыянэры захапілі рэдакцыі некалькіх дзяржаўных СМІ. Галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі краіны заявіў, што войска ня будзе ўдзельнічаць у задушэньні пратэстаў супраць пераабраньня Эва Маралеса на новы тэрмін.

Калі пачаліся пратэсты, Маралес спачатку абвясьціў пра сваю перамогу, а затым асудзіў пратэсты, назваўшы іх спробай дзяржаўнага перавароту. Пасьля заявіў, што калі пратэсты ня спыняцца, ён накіруе сваіх прыхільнікаў зь вясковых правінцыяў у гарады, дзе адбываюцца пратэсты.

10 лістапада Маралес падаў у адстаўку з пасады прэзыдэнта Балівіі на фоне пратэстаў[4]. У той жа дзень ён абвясьціў аб правядзеньні новых выбараў кіраўніка дзяржавы[5]

Дачыненьні зь Беларусьсю[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

4 верасьня 2013 году балівійскі прэзыдэнт Эва Маралес наведаў Беларусь з афіцыйным візытам на запрашэньне, якое атрымаў у сакавіку 2013 году ад А. Лукашэнкі на пахаваньні вэнэсуэльскага прэзыдэнта Уга Чавэса[6].

Цікавыя факты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Дзякуючы гандлю прыродным газам апошнія гады краіна хутка разьвіваецца. Рост ВУП перавышае 6%
  • За 10 гадоў сярэдні гадавы даход жыхара краіны павялічыўся з 900 да 3 тысячаў даляраў
  • Папулярнасьць прэзыдэнта меншая ва ўсходняй, багацейшай, частцы краіны
  • Балівія — трэцяя краіна сьвету паводле аб’ёму вытворчасьці кокі і какаіну, які атрымліваецца пасьля хімічнай перапрацоўкі. ААН прызнаў какаін другім паводле ступені небясьпекі наркотыкам сьвету
  • Больш за 55% насельніцтва Балівіі — карэнныя індзейцы, і з ініцыятывы Маралеса за 13 гадоў тут афіцыйны дзяржаўны статус атрымалі 37 розных моваў
  • Прынамсі 60% балівійцаў — кансэрватыўныя каталікі. Рымска-каталіцкая царква крытыкавала яго за аўтарытарныя мэтады кіраваньня і выкарыстаньне ўлады для падаўжэньня прэзыдэнтуры

Крынціцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Эва Маралессховішча мультымэдыйных матэрыялаў