Перайсьці да зьместу

Шыман Забела (сын Антонія)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Шыман Забела сын Антонія

Герб «Тапор і Ліс»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 14 лютага 1750
Чырвоны Двор
Памёр 30 жніўня 1824
Род Забелы
Бацькі Антоні Забела
Зоф’я Шчыт
Жонка Барбара Завіша гербу «Задора»
Дзеці Антоні
Міхал
Юзаф

Шыман Забела (па-польску: Szymon Zabiełło, 14 лютага 1750, Чырвоны Двор — 30 жніўня 1824) — граф, дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, кашталян менскі ў 1787—1792. Сурагатар ковенскай зямлі, віцэ-брыгадзір народнай кавалерыі, генэрал-лейтэнант літоўскіх войскаў, кавалер ордэнаў Белага Арла і Сьв. Станіслава.

З роду Забелаў гербу «Тапор і Ліс», чацьверты сын Антонія Забелы, лоўчага вялікага літоўскага, і Зоф’і, дачкі амсьціслаўскага кашталяна Юзафа Шчыта гербу «Ястрабец» і Пэтранэлі Валадковіч. Валодаў маёнткамі Арэхаўна, Паазёры і інш.

Брат Міхала і таргавічаніна Юзафа. Скончыў Вайсковую акадэмію ў Люнэвіле і служыў у францускай арміі. У 1780 стаў кавалерам Ордэну сьв. Станіслава. Атрымаў менскае кашталянства ад свайго дзядзькі, таксама Шымана. У 1787 разам з братам Міхалам перайшоў у войска Рэчы Паспалітай і адразу (24 чэрвеня 1788) стаў брыгадзірам 1-й брыгады народнай кавалерыі войскаў Вялікага Княства Літоўскага і генэрал-маёрам, камандуючым 2-й літоўскай дывізіяй. 30 жніўня 1790 павышаны да генэрал-лейтэнанта. Прысягнуў Канстытуцыі 3 траўня. У 1792 змагаўся з расейскай інтэрвэнцыяй. Мужна біўся, але прайграў бітву пад Берасьцем. Пасьля капітуляцыі караля спрабаваў партызаніць у тыле ворага, але неўзабаве падаў у адстаўку, улічваючы ягоную перавагу. Быў паслом на гарадзенскім сойме 1793 году. Належаў да патрыятычнай апазыцыі. Пазьней падтрымліваў кантакты з паўстанцкімі групоўкамі ў Вільні, але ў той час жа быў чальцом адноўленай таргавічанамі Пастаяннай Рады. Па выбуху паўстаньня ў Вільне далучыўся да яго і часова выконваў функцыю генэрал-ад’ютанта генэрала Якуба Ясінскага. Пасьля паразы паўстаньня на Літве сышоў з публічнага жыцьця.

Шыман Забела ажаніўся з Барбарай Завішай гербу «Задора», удавой Яна Незабытоўскага, якая ў 1791 годзе прафундавала касьцёл у Сьвіслачы. Меў трох сыноў: Антонія, Міхала й Юзафа.

  • Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej, Poznań, T.1-31, 1879—1908
  • Kosk H.P. Generalicja polska t. 2 wyd.: Oficyna Wydawnicza «Ajaks», Pruszków, 2001
  • Dunin-Wilczyński Z. Order Św. Stanisława, Warszawa, 2006. s. 187