Перайсьці да зьместу

Фаруг Фарухзад

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Фаруг Фарухзад ((пэрс. فروغ فرخزاد) 5 студзеня 1935, Тэгеран, Іран — 13 лютага 1967, Тэгеран, Іран) ― іранская паэтка і кінарэжысэрка. Адна з галоўных прадстаўніцаў новай іранскай паэзіі, г.зв. «новага верша» — شعر نو[1].

Фаруг Фарухзад
пэрс. فروغ فرخزاد‎ ; Forough Farrokhzād
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Фаруг Фарухзад
Нарадзілася 5 студзеня 1935
Тэгеран, Іран
Памерла 13 лютага 1967
Пахаваная Тэгеран
Сужэнец Parviz Shapour[d][2]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Паэтка, кінарэжысэрка
Гады творчасьці 1955-1967
Мова Пэрсыдзкая
Дэбют 1955
Значныя творы Tavalodi Digar (Другое нараджэньне, 1964)
https://forughfarrokhzad.org/index1.htm

Фаруг Фарухзад нарадзілася ў сям’і палкоўніка арміі Багера Фарухзада, ураджэнца Тафрэшу, і ягонай жонкі Туран Вазіры-Табар, ураджэнкі Кашану[3].

Навучалася ў школе да дзявятага кляса, а потым паступіла ў школу рукадзельля, дзе вучылася вышыўцы і маляваньню. У 16 гадоў яна выйшла замуж за вядомага сатырыка Парвіза Шапура, які быў стрыечным братам ейнай маці. Яна з мужам пераехала ў Ахваз. Праз год Фаруг нарадзіла адзінага сына Камьюн. Праз два гады шлюб скончыўся разводам. Парвіз Шапур атрымаў права на выхаваньне сына[3].

Фаруг і Парвізь ліставаліся як да шлюбу, так і пасьля. Пазьней іх сын апублікаваў бацькоўскае ліставаньне ў кнізе «Першыя ўдары майго закаханага сэрца» (пэрс. اولین تپشهای عاشقانهٔ قلبم)[3].

Пасьля разводу яна вярнулася ў Тэгеран, дзе пачала пісаць вершы і ў 1955 годзе выдала свой першы зборнік «Палонны/ая» (اسیر). Ейная творчасьць была ацэненая нэгатыўна, таму што мусульманскае грамадзтва асуджала разводы і, акрамя таго, у сваіх вершах яна заклікала да пашырэньня правоў і магчымасьцяў жанчынаў[4].

У 1958 годзе яна ўпершыню паехала ў Эўропу, каб адключыцца ад жыцьцёвых няўдачаў, і правяла там 9 месяцаў. Яна наведвала тэатры, музэі, опэру. Яна вывучыла некалькі эўрапейскіх моваў, пазнаёмілася з эўрапейскімі народнымі рамёствамі і мадэрнісцкай літаратурай. Гэта пашырыла ейны сьветапогляд і стала асновай творчай эвалюцыі[5].

Пасьля вяртаньня ў Іран яна пазнаёмілася з кінарэжысэрам і пісьменьнікам Эбрагімам Галястанам, які пераканаў яе жыць самастойна і сьмела выказваць уласныя думкі, а таксама скіраваў яе да кінэматографу[6].

Паэтка апублікавала яшчэ два зборнікі вершаў «Сьцяна» (пэрс.: دیوار) і «Паўстаньне» (пэрс.: عصیان), а потым адправілася ў Тэбрыз, каб зьняць фільм «Дом чорны» (пэрс.: خانه سیاه است) пра прытулак для хворых на праказу Бабабагі. Гэты дакумэнтальны фільм пазьней атрымаў некалькі міжнародных узнагародаў. Падчас здымак яна пазнаёмілася з Хасэйнам Мансуры, сынам двух хворых на праказу, і ўсынавіла яго[5].

У 1964 годзе сыграла драматычную ролю ў спэктаклі «Шэсьць чалавек у пошуках пісьменьніка» (пэрс. شش شخصیت در جستجوی نویسنده). У тым жа годзе яна выпусьціла ў выдавецтве Morvarid зборнік «Другое нараджэньне» (пэрс. تولدی دیگر) накладам больш за 3000 асобнікаў. У гэтым зборніку вылучыўся ейны індывідуальны пісьменьніцкі голас, у той час як у папярэдніх зборніках яна засяроджвалася на паэзіі Німы Юшыджы. Гэта быў таксама ейны першы зборнік, які дасягнуў шырокага кола чытацтва і станоўчай крытыкі[7].

13 лютага 1967 году ў 16 гадзінаў 30 хвілінаў Фаруг Фарухзад трапіла ў аўтамабільную аварыю на шашы Дарус-Галхак. Каб пазьбегнуць сутыкненьня з школьным аўтобусам, яна зьвярнула на абочыну, але ўрэзалася ў бэтонную сьцяну. Яна памерла па дарозе ў бальніцу. Ейная паэма «Паверым у прыход прахалоднага часу» (пэрс. ایمان بیاوریم به آغاز فصل سرد) была апублікаваная пасьмяротна.

Паэзія Фаруг была забароненая больш чым на дзесяць гадоў пасьля Ісьлямскай рэвалюцыі[4].

Моцны жаночы голас Ф. Фарухзад стаў фокусам вялікай нэгатыўнай увагі і адкрытага непрыняцьця ейнай творчасьці, як пры жыцьці, так і пасьля ейнай сьмерці[8].

У інтэрвію на радыё на пытаньне пра жаночую пэрспэктыву ў ейнай паэзіі Фарухзад адказала: «Калі ў маіх вершах, як вы кажаце, ёсьць аспэкт жаноцкасьці, гэта, вядома, цалкам натуральна. Бо, на шчасьце, я жанчына. Але калі казаць пра мастацкія вартасьці, то я лічу, што пол ня можа адыгрываць ролі, насамрэч нават агучваць такую прапанову неэтычна. Натуральна, што жанчына з-за сваіх фізічных, эмацыйных і духоўных схільнасьцяў можа надаваць некаторым праблемам больш увагі, на якія мужчыны звычайна не вырашаюцца. Я лічу, што калі тыя, хто выбірае мастацтва, каб выказаць сваё ўнутранае «я», адчуваюць, што павінны рабіць гэта з улікам свайго полу, яны ніколі не будуць прагрэсаваць у сваім мастацтве(...). Важнай ёсьць праца, створаная чалавекам, а не пазнака — мужчына ці жанчына. Калі верш дасягае пэўнага ўзроўню сталеньня, ён аддзяляецца ад свайго стваральніка і далучаецца да сьвету, дзе ён дзейнічае на падставе сваіх уласных вартасьцяў»[9].

Робячы акцэнт на агульначалавечых праблемах, яна усё ж заклікала прызнаць жаночыя здольнасьці, што выходзіла па-за рамкі традыцыйных бінарных апазіцыяў[7].

Дасьледнікі ў Іране і ў сьвеце апісваюць творчасьць паэткі, як творчасьць пратэсту ― «пратэсту праз адкрыцьцё ўнутранага сьвету жанчынаў (у той час гэта лічылася табу), іх інтымных таямніцаў і жаданьняў, іх смутку, адзіноты, памкненьняў. Ейныя вершы дагэтуль актуальныя ў змаганьні за вызваленьне і незалежнасьць жанчынаў»[10].

• 1955: Asīr („Палонны/ая“),

• 1956: Divār („Сьцяна“),

• 1958: Esiān („Паўстаньне“),

• 1964: Tavalodi Digar („Новае (другое) нараджэньне“),

• 1965: Imān bīāvarīm be āghāz-e fasl-e sard. („Паверым у прыход прахалоднага часу“) (паэма апублікавана\ пасьмяпротна ў 1974).

1962: Чорны дом (пэрс.: خانه سیاه است, Kẖạneh sy̰ạh ạst)[11].

  1. ^ Hamid Dabashi (20 November 2012). The World of Persian Literary Humanism. Harvard University Press. p. 290.
  2. ^ IMDb (анг.) — 1990.
  3. ^ а б в Forough Farrokhzad, Iran Chamber Society, Persian Language & Literature, https://www.iranchamber.com/literature/ffarrokhzad/forough_farrokhzad.php
  4. ^ а б Dastgheib, Abdolali The Little Mermaid, Critical Review of poems by Forough Farrokhzad. 2006. Amitis Publishers, Tehran, Iran. ISBN 964-8787-09-3.
  5. ^ а б An Autobiographical Voice: Forough Farrokhzad, in Women's Autobiographies in Contemporary Iran, edited by Afsaneh Najmabadi (Cambridge [Massachusetts]: Harvard University Press, 1990).
  6. ^ Farzaneh Milani (March 11, 2016). Forough Farrokhzhad's Biography & Unpublished Letters (Video). Library of Congress, https://www.youtube.com/watch?v=lN1_mjWxO0A
  7. ^ а б Manijeh Mannani, The Reader's Experience and Forough Farrokhzad's Poetry, Crossing Boundaries - an interdiciplinary journal, Vol. 1, pp. 49–65 (2001).
  8. ^ Dastgheib, Abdolali The Little Mermaid, Critical Review of poems by Forough Farrokhzad. 2006. Amitis Publishers, Tehran, Iran, ISBN 964-8787-09-3
  9. ^ Wolpé, Sholeh (2007), "FORUGH FARROKHZAD (1935–1967)", Sin, University of Arkansas Press, pp. xvi–xxxii, https://www.jstor.org/stable/j.ctt1ffjm51?turn_away=true
  10. ^ Sholeh Wolpé, Sin: Selected poems of Forugh Farrokhzad, (Fayetteville [Arkansas]: University of Arkansas Press, 2007). ISBN 1-55728-861-5
  11. ^ "Forugh Farrokhzad". IMDb, https://www.imdb.com/name/nm1265720/bio