Перайсьці да зьместу

У чаканьні Гадо

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
У чаканьні Гадо
франц. En attendant Godot
Жанр: трагікамэдыя
Аўтар: Сэм’юэл Бэкет
Мова арыгіналу: француская
Год напісаньня: канец 1940-х
Публікацыя: 1952
Сэрыя: Другі фронт мастацтваў
Колькасьць старонак: 109
Пераклад на беларускую: 2005
Перакладчык: Віталь Воранаў[1]
Носьбіт: Папера
ISBN: 985-6701-80-3
Электронная вэрсія

У чака́ньні Гадо́ — трагікамэдыя ў 2 дзеях ў стылі абсурду, напісаная Сэм’юэлам Бэкетам у канцы 1940-х і ўпершыню надрукаваная ў 1952 годзе ў выдавецтве Grove Press пасьля некалькіх адмоваў прэстыжных выдавецтваў. У арыгінале «Гадо» напісаны па-француску, на мове засвоенай аўтарам ў дарослым жыцьці, пад назовам «En attendant Godot» (у літаральным перакладзе: «Чакаючы на Гадо»). Ангельскамоўны пераклад, зроблены аўтарам, быў выдадзены ў 1955 годзе.

П’еса ўпершыню была пастаўленая па-француску ў Théâtre de Babylone, у Парыжы ў 1953 годзе. Ангельскамоўная прэм’ера адбылася ў жніўні 1955 году ў Arts Theatre, у Лёндане, у пастаноўцы 24-гадовага Пітэра Хола.

Беларускі пераклад

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На беларускую мову галоўны дзеятвор Бэкета быў перакладзены Віталём Воранавым у 2003 годзе і прымеркаваны да 100-годзьдзя дня народзінаў ірляндзкага пісьменьніка, якое шырока сьвяткавалася ў 2006 годзе. У 2005 годзе ў выдавецтве Логвінаў у Менску накладам 200 асобнікаў была выдадзеная п’еса «Ў чаканьні Гадо». Рэдактарам выступіў паэт Андрэй Хадановіч. Камэнтары зробленыя перакладнікам паводле Антонія Лібэры — сябры Сэмюэля Бэкета. На вокладцы выкарыстаная праца Яўгена Адзіночанкі.

Дзейныя асобы і значэньне іхных імёнаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гадо (Godot) — слова складаецца з асновы «God-» (па-ангельску: Бог) і канчатка «-ot» (памяншальны канчатак францускай мовы). Таму для ангельскага чытача гэтае імя гучыць прыкладна як «Багот», «Гаспот» (зразумелая аснова, незразумелы канчатак), а для францускага чытача як «Гадок», «Гадочак» (незразумелая аснова, зразумелы канчатак). Цалкам чытэльным адпаведнікам у беларускай мове можа быць «Божачка» альбо «Божухна».

Эстрагон (Estragon) — від палыну зь вялікай колькасьцю этэрных алеяў, які ўжываецца ў якасьці вострых прыпраў для ўзбуджэньня апэтыту.

Уладзімер (Vladimir) — у абшары славянскіх моваў азначае «ўладар сьвету».

Лёсік (Lucky) — шчасьлівец, той каму спрыяе лёс. Lucky — адна з самых распаўсюджаных сабачых мянушак у англамоўных краінах.

Пахно (Pozzo) — італьянскае слова, якое азначае ўнітаз, памыйніцу. Па-беларуску «Пахно» — гэта спаражненьне, кал, смурод. Для ангельскага і францускага чытача імя незразумелае. У беларускім перакладзе падаецца адпаведнік, чытэльны таксама выключна для спэцыялістаў, так што задума аўтара захоўваецца.

Значэнныя таксама мянушкі імёнаў двух галоўных герояў: Дзідзі (Didi) і Гога (Gogo). «Dis-dis» па-француску «кажы-кажы», «go-go» па-ангельску «ідзі-ідзі».

Эсрагон: Што рабіцьмем?
Уладзімер: Ня ведаю.
Эстрагон: Хадзем.
Уладзімер: Нельга.
Эстрагон: Чаму?
Уладзімер: Мы чакаем Гадо.
Эстрагон: І праўда.


Пахно: (раптоўна разьюшваецца). Ці вы перастанеце ўрэшце мучыць мяне гэтым праклятым часам? Гэта немагчыма! Калі! Калі! Аднойчы, ці вам гэтага не дастаткова, аднаго разу, такога ж, як іншыя, ён анямеў, я асьлеп, аднаго разу мы зробімся глухія, аднаго разу мы нарадзіліся, аднаго разу мы памрэм, у адзін дзень, у нейкую хвіліну, гэтага вам не дастаткова? (Спакайней.) Яны нараджаюць, стоячы на краі магілы, сьвятло сьвеціць толькі адно імгненьне, а пасьля зноўку ноч, зноўку ноч…

  1. ^ Бэкет, С. У чаканьні Гадо / перакл. Віталь Воранаў, рэд. Андрэй Хадановіч. — Менск: Логвінаў, 2005. — 109 с. — (Другі фронт мастацтваў). — 200 ас. — ISBN 985-6701-80-3

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]