Дзяжа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Дзяжа

Дзяжа — драўляная ёмістасьць, куды ставілі цеста (рошчыну) для хлеба, ежы.

Беларускія традыцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сярод усіх ёмістасьцяў славянскія народы лічылі дзяжу самай сакральнай. Дзяжа надзялялася магіяй і зьяўлялася сымбалем багацьця, дабрабыту і здароўя. У беларускіх рытуалах дзяжа ўвасабляла жаночае чэрава. Рост дзіцяці ў чэраве жанчыны атаясамліваўся з падыманьнем цеста. З гэтай прычыны дзяжа зрабілася культурным эквівалентам жанчыны ўвогуле і цяжарнай жанчыны ў прыватнасьці. Таму дзяжа часта выкарыстоўвалася ў абрадах, накіраваных на спрыяньне нараджэньню.

Існаваў абрад саджаньня нявесты на дзяжу, калі нявеста сядала на гэтую ёмістасьць, пакрытую кажухом. Часам у дзяжу клалі хлеб з сольлю. Цнатлівасьць нявесты зьяўлялася абавязковай умовай для гэтага абраду, бо «нячыстая» нявеста магла абразіць дзяжу, з-за чаго будзе пакараная ўся сям’я. Таксама на дзяжу саджалі парадзіху падчас цяжкіх родаў. На цеста ў дзяжу клалі хворае дзіця.

Дзяжу выкарыстоўвалі ў абрадах, якія былі зьвязаныя з ахоўнай магіяй: каб спыніць пажар ці прадухіліць удар маланкай. Падчас улазінаў спачатку ў хату пускалі котку, пасьля — пеўня, а за імі, каб у новай хаце ніколі ня зводзіўся хлеб, гаспадар уносіў дзяжу з рошчынай. Беларусы верылі, што ў сымбале дзяжы запачаткавыныя ідэі дабрабыту. Таксама з дапамогай дзяжы шукалі тапельцаў, глядзелі ў дзяжу, каб не баяцца нябожчыкаў, каб не баяцца гарэзаў Дамавіка. Дзяжу, хлеб альбо зерне ставілі на тое месца, дзе ляжаў нябожчык.

Лічылася, што хлеб у дзяжы заўсёды будзе «расьці», калі вырабіць дзяжу на працягу аднаго дня з сасны, у якую патрапіла маланка.

У хаце да дзяжы былі самыя паважлівыя адносіны: яна была надзеленая чалавечымі рысамі. Садзіцца ці ўставаць на дзяжу дазвалялася толькі ў выключных выпадках, пры ўмове рытуальнай чысьціні: цнатлівай нявесьце, альбо напрыклад, малому дзіцяці ў час першага пострыгу, які выконвалі акурат ў год.

Калі ж дзяжа «сапсавалася», гаспадыня мусіла пацерці яе цыбуляй і часныкам, абкурыць купальскімі травамі, абпырскаць хрышчэнскай вадой, пасыпаць чацьвярговай сольлю ці спасаўскім макам.

Пазычаць дзяжу ва ўсходніх славянаў было не прынята: гэта лічылася кепскай прыкметай.

Каб хлеб у доме ніколі ня скончыўся, дзяжу ня мылі, каб ня вымыць рэшткі цеста з шчылінаў.

Вядомы таксама рытуал ачышчэньня дзяжы. Звычайна ён праводзіўся ў чацьвер на Страсным тыдні, але таксама вядомыя выпадкі, што ў пэўных мясцовасьцях ён праводзіўся ў сераду ці пятніцу на Страсным тыдні, напярэдадні Калядаў альбо ў дзень Увядзеньня Багародзіцы ў храм. Дзяжу старацца скрэблі, націралі солюлю, цыбулай, часныкам, пасьля чаго абкурвалі яе воскам і верасам. Гэта рабілася для таго, каб дзяжа заўсёды была «чыстай» і «ўдалай». Затым дзяжу ўпрыгожвалі, выносілі на падворак і ставілі на слупе брамы. Раніцай зь першымі промнямі сонца несьлі джяжу назад у хату. Сэнс абраду заключаўся ў «асьвячэньні» дзяжы і атрыманьні падтрымкі нябёсаў, далучэньні яе да вясновага сонца.

Калі ж здаралася так, што на дзяжы выпадкова лопаўся абруч, гэта прадказвала сьмерць гаспадыні.

Старую дзяжу, якая ўжо адпрацавала сваё, выкідаць забаранялася. Як пачэснага чалавека, дзяжу накрывалі ручніком і ставілі ў чырвоны кут. Пасьля гэтага яе выкарыстоўвалі для захоўваньня пірагоў, печыва і іншага ў дні вялікіх сьвятаў. Быў час, калі на Палесьсі ў кожнай хаце ў чырвоным куце стаяла дзяжа, якая была накрытая белым абрусам.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Дзяжасховішча мультымэдыйных матэрыялаў