Перайсьці да зьместу

Уладзімер Баркоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Баркоўскі.

Уладзімер Барысавіч Баркоўскі (апэратыўны псэўданім «Дэн»; 16 кастрычніка 1913, м. Белгарад, Курская губэрня, Расейская імпэрыя21 ліпеня 2003, Масква, Расейская Фэдэрацыя) — савецкі выведнік, Герой Расеі.

У 1930 годзе, пасьля заканчэньня школы, пераехаў у п. Краснагорск (Падмаскоўе). Працаваў сьлюсарам на машынабудаўнічым заводзе «Стандарт-бэтон» № 1 і адначасова вучыўся на рабфаку. У 1934 г. паступіў у Маскоўскі станка-інструмэнтальны інстытут, займаўся ў Маскоўскім студэнцкім аэраклюбе. Пасьля заканчэньня інстытуту (1939) быў запрошаны на працу ў органы Дзяржаўнай бясьпекі і ў 1940 г., пасьля гадавой выведвальнай школы асобага прызначэньня, быў накіраваны ў Лёндан (Вялікабрытанія) па лініі навукова-тэхнічнай выведкі.

Афіцыйна лічыўся на пасадзе аташэ амбасады СССР у Вялікабрытаніі. Завэрбаваў у Лёндане шэраг каштоўных агентаў, у тым ліку і сярод ангельскіх навукоўцаў, якія распрацоўвалі атамную зброю. Менавіта ад «Дэна» прыйшла ў Маскву першая інфармацыя аб атамных распрацоўках у кастрычніку 1941 г. Інфармацыя якую ён перадаваў згуляла важную ролю ў стварэньні атамнай зброі ў СССР. Акрамя таго ён датычны да крадзяжу сакрэтаў найноўшых ангельскіх радыёлякатараў.

Пасьля вяртаньня зь Лёндану працаваў на кіраўнічых пасадах ва Ўпраўленьні навукова-тэхнічнай выведкі, неаднаразова знаходзіўся ў працяглых камандзіроўках у ЗША і краінах Заходняй Эўропы па справах выведкі. З 1954 году кіраўнік амэрыканскага аддзелу навукова-тэхнічнай выведкі. Узначальваў рэзыдэнтуры, у тым ліку ў 1956—1962 гг. у ЗША.

У 70-я гады зьяўляўся прафэсарам катэдры спэцдысцыплін Акадэміі вонкавай выведкі, кандыдат гістарычных навук. З 1984 г. палкоўнік Баркоўскі ў адстаўцы, але працягваў аж да свайго скону працаваць у КДБ СССР і Службе вонкавай выведкі РФ.

За заслугі ў выведвальнай працы быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сьцяга, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага сьцяга, ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Знак Пашаны шматлікімі мэдалямі, а таксама нагруднымі знакамі «Ганаровы супрацоўнік дзяржбясьпекі» і «За службу ў выведцы». 15 чэрвеня 1996 г. Указам прэзыдэнта РФ было прысвоена званьне Героя Расейскай Фэдэрацыі, з уручэньнем мэдалі «Залатая Зорка» (№ 329).

Пахаваны на Траекураўскіх могілках ў Маскве. У 2005 годзе ў Парку Перамогі г. Белгараду і ў 2009 годзе на тэрыторыі ЗАТ «Бецема» ў Краснагорску былі адкрытыя бюсты. У 2010 годзе ў Краснагорску на доме, дзе ён жыў, была ўсталяваная мэмарыяльная дошка.