Перайсьці да зьместу

Трандуіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Тра́ндуіл (на сындарыне Thranduil) — у легендарыюме Дж. Р. Р. Толкіна кароль лясных эльфаў Ліхалесься. Упершыню згадваецца ў тэксьце твору «Хобіт, або Туды і назад».

Сын Орафэра, бацька Ляголаса. Ён стаў каралём лясных эльфаў пасьля сьмерці яго бацькі ў бітве Апошняга Зьвязу. Дакладная дата нараджэньня невядомая. Як было сказана ў «Няскончаных казаньнях», і Орафэр, і Трандуіл — эльфы з Дарыяту, якія ў пачатку Другой Эпохі адправіліся на ўсход, і, перабраўшыся праз Туманныя горы, заснавалі там каралеўства лясных эльфаў. Паводле тэксту «Хобіта», ён меў валасы залатога колеру.

Трандуіл у «Хобіце»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля паляпшэньня адносінаў з гномамі ён скарыстаўся іх дапамогай пры будаўніцтве свайго падземнага палаца. Гэты палац таксама служыў крэпасьцю, скарбніцай і турмой. Праўда, Трандуіл меў слабасьць да срэбра і самацьветаў, аднак скарбаў у яго было менш, чым у эльфійскіх каралёў старажытнасьці, і праз гэта ён часта быў з гномамі ў нацягнутых адносінах (чаму, па ўсёй верагоднасьці, нямала спрыяла старажытная варожасьць праз рабаваньне гномамі Дарыяту), таму Трандуіл вельмі жорстка абышоўся з Торынам і яго кампаніяй.

У дні Трандуіла паміж эльфамі Ліхалесься і людзьмі Эсгарота былі ўсталяваны разьвітыя гандлёвыя адносіны: эльфы куплялі ў людзей харчы, асабліва якаснае віно з Дарвініёну, наўзамен збываючы страявы лес, сплаўляючы яго ўніз па рацэ.

Пасьля гібелі цмока Смога Трандуіл рушыў з войскам да Эрэбару, аднак, даведаўшыся пра бядотны стан жыхароў Эсгарота, дапамог ім правіянтам і адправіў майстроў для дапамогі ў пабудове новых дамоў. Сам жа ён выступіў з войскам разам з апалчэньнем Эсгарота да Самотнай гары і абсадзіў яе разам з Бардам, утрымліваючы блякаду гары аж да падыходу Даіна.

Пасьля раптоўнага зьяўленьня оркаў Туманных гораў Трандуіл узначаліў эльфійскае войска ў Бітве Пяці Войскаў і ваяваў на адным боку разам з гномамі і людзьмі. За гэта пасьля перамогі Бард са сваёй часткі скарбаў (адна чатырнаццатая частка ад скарбу Смога) узнагародзіў яго за ўдзел і дапамогу. У падарунак ад Більба Трандуіл атрымаў срэбныя з жэмчугам каралі (падарунак Даіна) як «плату» за ўсё зьедзенае і выпітае ў палацы Трандуіла, калі Більба вымушаны быў хадзіць нябачным да таго, як здолеў зладзіць уцёкі з гномамі. Трандуіл жа назваў яго Сябрам эльфаў.

Трандуіл ва «Ўладары Пярсьцёнкаў»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па просьбе Арагорна Трандуіл трымаў пад вартай Глыкса датуль, пакуль той ня зьбег падчас раптоўнага ўварваньня оркаў. Трандуіл адправіў свайго сына Ляголаса да Эльранда, каб паведаміць пра гэта. У дні Вайны Пярсьцёнка яго каралеўства падверглася нападу войска Дол Гульдура, аднак у Бітве пад дрэвамі (анг. Battle Under the Trees) эльфы Ліхалесься выдужалі і самі адкінулі войскі Саўрона. Пасьля падзеньня Саўрона землі пад уладай Трандуіла сталі звацца Лесам Зялёнага Лісьця (сынд. Eryn Lasgalen).

Трандуіл у фільмах

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У фільмах рэжысэра Пітэра Джэксана «Хобіт: Нечаканае падарожжа» і «Хобіт: Смогава пустэча» Трандуіла граў актор Лі Пэйс. Таксама Трандуіл зьявіцца і ў трэцім фільме трылёгіі «Хобіт». У першым фільме ён граў нямую ролю.