Торын Дубатарч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Торын Дубатарч
Пэрсанаж Міжзем’я
Арыгінальнае імяThorin Oakenshield
Варыянты імяКароль пад Гарой
РасаГном
МясьцінаЭрэбор, Дуналянд, Эрэд Люйн
Гады жыцьця2746—2941 Т.Э.
СтацьМужчынская
ЗброяМеч Оркрыст, сякера

То́рын Дубата́рч (па-ангельску: Thorin Oakenshield) — у легендарыюме Дж. Р. Р. Толкіна гном, адзін з галоўных пэрсанажаў аповесьці «Хобіт, або Туды і назад». Торын зьяўляецца спадчыньнікам Каралеўства пад Гарой, адкуль ягоны бацька і дзед былі выгнаны цмокам Смогам. З мэтай вярнуць скарбы сваіх продкаў ён арганізоўвае паход, у якім таксама ўзялі ўдзел дванаццаць гномаў і хобіт Більба Торбінс.

У вобразе Торына адлюстраваныя ўласьцівасьці скандынаўскага героя і шэксьпіраўскага пэрсанажа. Ён станоўча апісваецца ў большыя часткі аповесьці, пакуль не паддаецца жаданьню авалодаць золатам дракона, пасьля чаго Торын прадстаўлены ў значна больш нэгатыўным сьвятле, схільным да прагнасьці (паўтаральная тэма ў творы Толкіна). Ягоны лёс нагадвае долю Бараміра ў рамане «Ўладар Пярсьцёнкаў».

Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як і большасьць імёнаў гномаў у «Хобіце», Торын (стар.-сканд. Þorinn — «той, хто адважваецца, адважны», ад слова þora — «адважвацца») узята са сьпісу гномаў Dvergatal у эдычных песьнях «Прароцтва вёльвы» і «Бачаньне Гюльві». Ягоная мянушка паходзіць з той жа крыніцы — іншы гном з Dvergatal названы Эйкінск’яльдзі (стар.-сканд. Eikinskjaldi — «дубовая тарча»), што Толкін пераклаў на ангельскую мову як Oakenshield[1].

Характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як напісана ў «Хобіце», Торын быў апрануты ў нябесна-блакітны каптур зь сярэбраным кутасам і насіў залаты ланцужок. Ён іграе на арфе[2]. Торын вядзе бой сякерай[2][2], гондалінскім мячом Оркрыстам, знойдзеным у пячоры троляў і лукам, які ён выкарыстоўвае на паляваньні і падчас перамоў ля варот Эрэбора[2].

Яго маральнае аблічча амбівалентнае. З аднаго боку, Торын — сьмелы і рашучы лідэр, справядлівы і верны свайму слову[3]. Тым ня менш, яму таксама ўласьцівыя сквапнасць, якая зьяўляецца распаўсюджанай рысай сярод гномаў, і гонар — два недахопы, якія паскорылі яго падзеньне[4].

Літаратурная біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Торын нарадзіўся ў 2746 року Трэцяй эпохі. Прамы нашчадак Дурына, ён зьяўляецца сынам Траіна II і ўнукам Трора, караля пад Гарой. Ён носіць тое ж імя, што і ягоны продак Торын I. Брат Торына Фрэрын нарадзіўся ў 2751 року Т.Э., сястра Дыс — у 2760 годзе Т.Э.

У 2770 року Т.Э. цмок Смог, прыцягнуты чуткамі пра багацьце каралеўства гномаў, атакуе і захоплівае Адзінокую Гару. Торыну разам з бацькам і дзедам удалося выратавацца. Пасьля доўгіх туляньняў ён некаторы час жыў у Дунляндзе. У 2793 року Т.Э. забойства Трора оркам Азогам выклікае Вайну гномаў і оркаў у Імглістых горах. Падчас апошняй бітвы гэтай вайны, бітвы пры Азанулбізары (2799 Т.Э.), тарча Торына раскалолася, і ён сьсек дубовую галіну, выкарыстоўваючы яе для абароны і нанясеньня ўдараў, за што атрымаў мянушку «Дубатарч». У гэтым баі загінуў Фрэрын, малодшы брат Торына.

Пасьля вайны Траін II і ягоны народ пасяліліся ў Сініх горах на захадзе Эрыядору. Пасьля зьнікненьня бацькі ў 2841 року Т. Э. Торын быў абвешчаны каралём у выгнаньні. Падчас яго кіраваньня гномы сталі жыць у адносным дабрабыце, але Торын не забываў пра абавязак помсты Смогу і будаваў пляны вяртаньня свайго каралеўства.

25 сакавіка 2941 року Т. Э. Торын сустрэў у Бры чараўніка Гэндальфа Шэрага і распавёў яму пра свае пляны. Гэндальфа ў той час турбавала адраджэньне сілы Цёмнага Ўладара Саўрона, які мог выкарыстаць Смога ў вайне на поўначы Міжзем’я. Ён пераканаў Торына адмовіцца ад вайны з цмокам і зладзіць таемны паход з дванаццацьцю спадарожнікамі, у тым ліку зь ягонымі пляменьнікамі Філі і Кілі, і параіў хобіта Більба Торбінса ў якасьці ўзломшчыка[5][6].

Кампанія на чале з Торынам пакінула Хабітанію 27 красавіка[6]. Падчас пераходу празь Чарналесьсе Торына і ягоных спадарожнікаў узялі ў палон эльфы. Ён адмовіўся растлумачыць каралю Трандуілу мэту паходу і быў пасаджаны ў падземную камэру. Більба вызваліў гномаў, і яны прыбылі ў Азёрны горад.

Пасьля таго, як гномы дайшлі да Самотнай гары, Смог зьнішчыў Азёрны горад, але быў забіты лучнікам Бардам. Торын завалодаў скарбамі Эрэбору і абвясьціў аднаўленьне каралеўства. Ён адмовіўся выплаціць кампэнсацыю за разбуранае цмокам места, і арміі людзей і эльфаў узялі Гару ў аблогу. У надзеі вымусіць Торына весьці перамовы Більба перадаў Барду, правадыру войска Азёрнага гораду, і эльфійскаму каралю Трандуілу Аркенстон — легендарны камень, празваны Сэрцам Гары, які Торын больш за ўсё жадаў вярнуць са страчаных скарбаў. Торын выгнаў хобіта і паабяцаў Барду яго долю скарбаў наўзамен Аркенстону, але пасьля прыбыцьця арміі гномаў Жалезных Узгоркаў на чале з Даінам вырашыў захапіць камень сілай. Канфлікт быў спынены нападам гоблінаў і варгаў, і гномы аб’ядналіся супраць іх з войскамі эльфаў і людзей.

Падчас бітвы Торын і ягоныя паплечнікі выйшлі з варот Эрэбору і атакавалі гвардыю правадыра гоблінаў Болга, але з-за недахопу воінаў гномы вымушаны былі перайсьці да абароны. Торын быў сьмяротна паранены, а яго пляменьнікі загінулі, абараняючы яго. Нечаканае зьяўленьне Беарна прынесла саюзьнікам перамогу ў Бітве Пяці войскаў: ён забіў Болга, зьвярнуўшы ў бегства яго армію, і вынес гнома з бою. Перад сьмерцю Торынаў прымірыўся зь Більба:

Калі б наш брат пабольш цаніў смачную ежу, застольле і песьні і паменш золата, то ў сьвеце было б куды весялей. Але які гэты сьвет ні ёсьць — сумны ці вясёлы — а я яго пакідаю. Бывай!

Толкін Дж. Р. Р. Глава 18. Зваротны шлях // Хобіт, або Туды і назад

Пасьля сьмерці цела Торына было пахавана ў глыбінях Эрэбору разам зь мечам Оркрыстам і Аркенстонам. Ягоны траюрадны брат Даін II Жалезнастоп стаў новым каралём пад Гарой.

Стварэньне і разьвіцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напышлівы лідэр гномаў зьяўляецца ў першым рукапісе «Хобіта», але тады ён носіць імя Гэндальф (стар.-сканд. Gandalf), у той час як чараўніка завуць Блядартын (сындарын: Bladorthin)[7]. Пэрсанажы атрымліваюць свае канчатковыя імёны толькі на даволі позьняй стадыі: Толкін адзначае неабходнасьць зьмяніць імёны ў запісе, зробленым пасьля напісаньня сёмага разьдзелу, Medwed («Небывалы прыстанак» у апублікаванай аповесьці), але гэта адбываецца толькі ў дзясятай главе, «Азёрны горад» («Ветлівы прыём»), напісанай пасьля перапынку ў некалькі месяцаў[7].

Першапачаткова гномы не павінны былі паддацца «цмокавай хваробе», а прагнасьць да багацьцяў праяўлялі эльфы і людзі, што стварала толькі зьнешнюю небясьпеку для Більба[8]. Ідэя, што Торын павінен памерці ў фінальнай бітве, меркавана зьявілася ў Толкіна позна, падчас «трэцяй фазы» напісаньня «Хобіта»: як падкрэсьлівае Джон Рэйтліф, «нішто не прадвяшчае сцэну сьмерці Торына ў арыгінальным рукапісе да таго, як Гэндальф уводзіць Більба ў палатку памірючага караля»[3]. Першапачаткова Бітвы Пяці Войскаў не існавала, і Торын стаў каралём пад Гарой пасьля мірнага вырашэньня сваркі зь людзьмі і эльфамі[8].

Толкін працягвае разьвіваць вобраз пэрсанажа пасьля публікацыі «Хобіта». Дадаткі да «Ўладара Пярсьцёнкаў», напісаныя ў 1955 року, уключаюць гісторыю народа Дурына, дзе Торын згадваецца некалькі разоў. Торын таксама прысутнічае ў некалькіх варыянтах тэксту, які ўяўляе пункт гледжаньня Гэндальфа пра падзеі, якія прывялі да пачатку паходу да Адзінокай Гары. Гэты тэкст быў апублікаваны ў «Няскончаных паданьнях» пад назвай «Паход да Эрэбору»[9].

Літаратурная крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У вобразе Торына адлюстроўваецца ўплыў скандынаўскай міталёгіі на творчасьць Толкіна. Апроч паходжаньня яго імя, характар Торына нагадвае «нецярпімую… і незалежную манеру, якая так характэрна для старажытнаскандынаўскіх герояў», а перамовы, якія ён вядзе з Бардам, поўныя архаічнай лексікі і «запазычаны непасрэдны з ісьляндзкіх саг», у прыватнасьці з «Сагі пра Храфнкела»[10].

Ідэя праклятага скарбу, які выклікае прагнасьць і ў выніку губіць тых, хто спрабуе ім завалодаць, зьяўляецца ў «Сыльмарыліёне» і зьвязана з кара́лямі гномаў Наўгламірам[9]. Дуглас Андэрсан і Томас Шыпі праводзяць паралель зь вершам Толкіна «Iumonna Gold Galdre Bewunden», у якім пракляты скарб прыводзіць да дэградацыі ўсіх сваіх уладальнікаў (перапрацаваная вэрсія вершу была апублікаваная ў 1962 року пад назвай «Скарб» у зборніку «Прыгоды Тома Бамбадзіла»). Ідэя «цмокавай хваробы», якой акрамя Торына паддаецца таксама бургамістар Азёрнага гораду, паходзіць са старажытнаангельскай паэмы «Бэавульф»[11][10].

Джон Рэйтліф адзначае асаблівую сувязь паміж Торынам і яго траюрадным братам Даінам: апошні зьяўляецца ў аповесьці, «каб запоўніць ролю Торына, калі Торын сам больш не ў стане [яе выконваць], спачатку з-за драконавай хваробы, затым з прычыны сваёй сьмерці». Ён праводзіць паралель з братамі Барамірам і Фарамірам: старэйшы брат, які паддаўся спакусе, загладзіў яе і памёр, і малодшы, які праявіў мудрасьць і ўтрымаўся ад такой жа спакусы[8].

Для Тома Шыпі адной з асноўных тэм «Хобіта» зьяўляецца кантраст паміж старажытным сьветам, прадстаўленым гномамі, і сучаснасьцю ў асобе Більба. Гэта розьніца бачная галоўным чынам у сфэры мовы. Стыль маўленьня Торына зьяўляецца сымбалем старажытнага сьвету і засяроджаны на практычных рэчах, у адрозьненьне ад некаторых пазбаўленых сэнсу сучасных фраз («добрая раніца», «прашу прабачэньня»). Пра гэта сьведчыць падрабязны кантракт па выкананьні працы ўзломшчыка, які ён падае хобіту[10]. Тым ня менш, Толкін не выстаяў перад магчымасьцю дадаць рысу гумару, напаўняючы гэты кантракт сучаснай мовай: «прапанова прафэсійнай дапамогі», «аплата пры ўручэньні», «чатырнаццатая частка агульнага даходу»[12]. Пасьля ў аповесьці супрацьстаяць абодва гэтыя стылі, часам бярэ верх старажытны (прыход Торына ў Азёрны горад), часам сучасны (апошняя гутарка Більба і Торына перад бітвай). У канцы аповесьці гэтыя стылі прыміраюць апошнія словы Торына: яны адлюстроўваюць як старажытнасьць («Я сыходжу ў палаты чаканьня да маіх прабацькоў»), так і сучаснасьць («сын дружалюбнага Захаду»)[12].

Паводле меркаваньня Эн Пеці, Торын — шэксьпіраўскі пэрсанаж, разьвіцьцё якога ў аповесьці нагадвае Макбэта: той зьяўляецца паважаным лідэрам напачатку сваёй гісторыі, але няздольны выстаяць перад жаданьнем улады і становіцца падобным на Рычарда III тыранам. Падзеньне Торына становіцца прадказальным з-за яго паводзінаў, але ягоная трагічная сьмерць у баі зьяўляецца крыніцай катарсісу для чытача[13].

Сьмерць Торына зьяўляецца нечаканасьцю для чытача: гаворка ідзе пра другога па значнасьці пэрсанажа кнігі (толькі ў Більба больш дыялёгаў, чым у яго), і ў той час аўтар дзіцячых казак рэдка «забіваў» аднаго са сваіх галоўных герояў. Томас Шыпі лічыць, што сьмерць Торына спрыяе асаблівай эмацыйнай глыбіні аповесьці, якая тлумачыць устойлівую папулярнасьць твору[12]. Паводле меркаваньня Джона Рэйтліфа, сьмерць караля і ягоных пляменьнікаў робіць станоўчы зыход прыгоды больш рэалістычным і аспрэчвае ўсе магчымыя абвінавачваньні аповесьці ў эскапізме (у нэгатыўным сэнсе гэтага тэрміну)[8].

Вобраз Торына ў адаптацыях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вобраз Торына стварылі мастакі Алан Лі, Джон Гоў[14], Тэд Нэсьміт[15] і Анке Эйсман[16]. Ва ўвэртуры «Хобіт» кампазытара Кэры Блайтана Торын прадстаўлены арфай — інструмэнтам, на якім ён іграе ў кнізе[17].

У мультфільме «Хобіт» 1977 року Торына агучыў Ганс Конрыд. У савецкім тэлеспэктаклі «Казачнае падарожжа містэра Більба Торбінса, Хобіта» ролю Торына сыграў Анатоль Равіковіч.

Рычард Армітэдж — актор, які сыграў ролю Торына ў кінатрылёгіі «Хобіт»

Пэрсанаж згадваецца ў пашыранай вэрсіі фільму «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнку», калі Гэндальф распавядае пра мітрылевую кальчугу, падораную Торынам Більба. У кінатрылёгіі «Хобіт» рэжысэра Пітэра Джэксана ролю Торына выканаў ангельскі актор Рычард Армітэдж. Паводле словаў актора, крыніцай натхненьня для вобраза пэрсанажа ў экранізацыі паслужылі п’есы Ўільяма Шэксьпіра «Генрых V», «Рычард III» і «Макбэт». Для працы над голасам ён выкарыстоўваў маналёгі з гэтых твораў[18] і слухаў расейскую царкоўную музыку[19]. У фільме Торын значна маладзейшы, чым у аповесьці, дзе ён быў найстарэйшым сярод гномаў[20]. Рычард Армітэдж растлумачыў мэту гэтай зьмены:

Вы павінны верыць, што ў ім дастаткова агню, каб ізноў быць Каралём. Торыну неабходна быць фізычна здольным дасягнуць гэтага і паказаць, што для гномаў яшчэ ёсьць будучыня. У маім вобразе ягоны ўзрост праяўляецца больш у ягоным досьведзе і аўтарытарнай асобе, чым у фактычных гадах.

Sibley, B. Richard Armitage — Thorin // The Hobbit: An Unexpected Journey Official Movie Guide

У экранізацыі выкарыстаныя матэрыялы з Дадаткаў да «Ўладара Пярсьцёнкаў»: паказаная, у тым ліку, бітва пры Азанулбізары, але, у адрозьненьне ад кнігі, з Азогам б’ецца ня Даін, а Торын. Азог ня гіне і перасьледуе аддзел Торына падчас паходу на ўсход, стаўшы такім чынам галоўным антаганістам фільму[21]. Таксама павялічаная роля Аркенстону, які мае палітычнае значэньне ў якасьці сымбалю аб’яднаньня сямі кланаў гномаў[22][23].

У рэцэнзіях на «Хобіт: Нечаканае падарожжа» кінакрытыкі параўноўвалі Торына з Арагорнам і Барамірам з кінатрылёгіі «Ўладар Пярсьцёнкаў»[21][24][25]. Рычард Корліс з часопісу Time, у прыватнасьці, назваў яго «больш злоснай і амбівалентнай вэрсіяй Арагорна Віга Мортэнсэна»[26]. Іншыя рэцэнзэнты станоўча адклікаліся пра ягоную акторскую ігру[27][28][29].

У якасьці негульнявога пэрсанажа Торын зьяўляецца ў гульні The Hobbit. У шматкарыстальніцкай ролевай гульні «Ўладар Пярсьцёнкаў Анляйн» яго можна ўбачыць у Сініх горах у пачатку гульні за гнома ці эльфа[30]. Торын уваходзіць у лік герояў стратэгіі ў рэальным часе Guardians of Middle-earth[31].

Статуэткі Торына выпусьцілі кампаніі Weta Workshop[32], The Noble Collection[33] і Vivid Imaginations[34]. Фігурка пэрсанажа ўключана ў набор LEGO The Hobbit[35]. Пасьля выхаду першага фільму трылёгіі ў Новай Зэляндыі былі выпушчаныя маркі і калекцыйныя манэты з выявай Торына[36][37][38][39].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Tolkien, Rateliff 2007. С. 399—404.
  2. ^ а б в г {{{аўтар}}} 1992.
  3. ^ а б Tolkien, Rateliff 2007. С. 236.
  4. ^ {{{аўтар}}} 2001.
  5. ^ {{{аўтар}}} 1999.
  6. ^ а б Tolkien 1980.
  7. ^ а б {{{аўтар}}} 2007.
  8. ^ а б в г {{{аўтар}}} 2007.
  9. ^ а б {{{аўтар}}} 2006.
  10. ^ а б в {{{аўтар}}} 2003.
  11. ^ {{{аўтар}}} 2012.
  12. ^ а б в {{{аўтар}}} 2002.
  13. ^ {{{аўтар}}} 2007.
  14. ^ The King Under the Mountain (анг.) John Howe’s official website Праверана 2013-05-4 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  15. ^ Gandalf and Thorin at Bree (анг.) Ted Nasmith’s official website Праверана 4 траўня 2013 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  16. ^ J. R. R. Tolkien: The Hobbit (анг.) Anke Eißmann’s official website Праверана 4 траўня 2013 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  17. ^ Bratman, D. Liquid Tolkien: Music, Tolkien, Middle-earth and More Music // Middle-earth Minstrel: Essays on Music in Tolkien / Ed. B. L. Eden. — Jefferson; London: McFarland & Company, 2010. — С. 156. — ISBN 9780786448142
  18. ^ Richard Armitage talks to TheOneRing.net (анг.) TheOneRing.net Праверана 2013-04-30 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  19. ^ Tynan, A. (30 красавіка 2013) Richard Armitage and The Hobbit: «It’s mind blowing the things we did» (анг.) The Vine Праверана 4 траўня 2013 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  20. ^ Sibley, B. Richard Armitage — Thorin // The Hobbit: An Unexpected Journey Official Movie Guide. — Boston: Houghton Mifflin, 2012. — 120 с. — ISBN 9780547899305
  21. ^ а б Jolin, D. The Hobbit: An Unexpected Journey (анг.) Empire Праверана 9 траўня 2013 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  22. ^ Даже если хуже некуда, будет еще хуже… Интервью с Ричардом Армитэйджем (рас.) Film.ru Праверана 2014-10-29 г.
  23. ^ Алешичева, Т. (2013-12-23) Геополитика гномов (рас.) Коммерсантъ Праверана 2014-10-29 г.
  24. ^ Debruge, P. (2012-12-03) Review: «The Hobbit: An Unexpected Journey» (анг.) Variety Праверана 2013-05-9 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  25. ^ Зинцов, О. (2012-12-21) «Хоббит: Нежданное путешествие»: Нескоро гномы будут дома (рас.) Ведомости Праверана 2013-05-9 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  26. ^ Corliss, R. (2012-12-05) The Hobbit: Why Go There and Back Again? (анг.) Time Праверана 2013-05-9 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  27. ^ Morgenstern , J. (2012-12-13) 'Hobbit': A Middling Middle-earth (анг.) The Wall Street Journal Праверана 2013-05-10 г. Архіўная копія ад 2013-05-13 г.
  28. ^ Howell , P. (2012-12-13) The Hobbit review: An unexpected epic, with footnotes (анг.) Toronto Star Праверана 2013-05-10 г. Архіўная копія ад 2013-05-13 г.
  29. ^ Lumenick, L. (2012-12-11) 'The Hobbit' is worth the three-hour journey (анг.) New York Post Праверана 2013-05-10 г. Архіўная копія ад 2013-05-13 г.
  30. ^ Thorin Oakenshield (анг.) LOTRO Lorebook Праверана 2013-05-4 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  31. ^ Thorin Oakenshield: Warrior (анг.) Guardians of Middle-earth Праверана 2013-05-5 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  32. ^ The Hobbit: An Unexpected Journey: Thorin Oakenshield (анг.) Weta Workshop Праверана 2013-05-4 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  33. ^ Thorin Oakenshield Bronze Sculpt (анг.) The Noble Collection Праверана 2013-05-4 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  34. ^ Blind Bags (анг.) Vivid Imaginations Праверана 2013-05-4 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  35. ^ Thorin Oakenshield (анг.) LEGO Праверана 2013-05-4 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  36. ^ Silver Coin Set (анг.) New Zealand Post Праверана 2013-05-4 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  37. ^ Premium Gold Coin Set (анг.) New Zealand Post Праверана 2013-05-4 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  38. ^ Brilliant Uncirculated Coin Set (анг.) New Zealand Post Праверана 2013-05-4 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.
  39. ^ Set of Stamps (анг.) New Zealand Post Праверана 2013-05-4 г. Архіўная копія ад 2013-05-10 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папярэднік
Траін II
Кароль гномаў народу Дурына
2850—2941 Т.Э.
Наступнік
Даін II Жалезнастоп