Перайсьці да зьместу

Тракія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Частка Тракіі паміж Баўгарыяй, Грэцыяй і Турэччынай пасьля 1923 году
Гістарычная Тракія й суседнія тэрыторыі — Македонія, Ілірыя, Мэзія і Дакія — мапа з атлясу Аляксандра Дж. Фіндлэя Classical Atlas to Illustrate Ancient Geography, Нью-Ёрк, 1849
Этнаграфічная мапа Ўсходняе й Заходняе Тракіі пачатку XX стагодзьдзя (1912) паказвае наколькі пярэстым быў этнічны склад насельніцтва рэгіёну, дзе пражывалі баўгары, туркі й грэкі

Тра́кія (па-грэцку: Θράκη, па-баўгарску: Тракия, па-турэцку: Trakya, па-лацінску: Thracia) — гістарычная й геаграфічная вобласьць на ўсходзе Балканаў. Цяпер, у адпаведнасьці зь Лязанскаю мірнаю дамоваю 1923 году, падзеленая паміж трыма дзяржавамі: Баўгарыяй (Паўночная Тракія, таксама вядомая як Верхнетракінская нізіна), Грэцыяй (уласна сучасная грэцкая правінцыя Тракія, таксама гістарычна вядомая як Заходняя Тракія) і Турэччынай, якой адышла Ўсходняя Тракія разам з найбуйнейшым мэгаполісам рэгіёну — Канстантынопалем.

У геаграфічным цэнтры Тракіі знаходзіцца важны транспартны вузел — турэцкі горад Эдырнэ (гістарычны Адрыянапаль). У сучасным рэгіёне пражываюць каля 13 млн чалавек, у тым ліку каля 10 мільёнаў туркаў, каля 1 мільёна баўгараў і 0,2 млн грэкаў.

Галоўная водная артэрыя рэгіёну — рака Марыца ці Эўрас, па якой праходзіць дзяржаўная граніца паміж Грэцыяй й Турэччынай. На ўсходзе вобласьці знаходзяцца горы Странджа. Клімат прыбярэжнага рэгіёну — субтрапічны міжземнаморскі, ва ўнутраных раёнах умераны.

Старажытная Тракія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул: Старажытная Тракія

Найстаражытная Тракія — рэгіён традыцыйнага пражываньня жывёлагадоўчых плямёнаў тракійскага паходжаньня, якія пазьней зазналі моцную элінізацыю. Тэрыторыя гістарычнае Тракіі (самага паўночнага рэгіёну старажытнай Эляды, якая распасьціралася ажно да Скіфіі), ахоплівала басэйны Мармуровага, Эгейскага і Чорнага мораў. У старажытнасьці была заселеная галоўным чынам тракійцамі, паводле якіх і атрымала сваю назву; уздоўж марскога ўзьбярэжжа ў антычныя часы засноўваліся грэцкія селішчы, найбуйнейшае зь якіх разьмяшчалася на беразе праліва Басфор і атрымала назва Бізантый — стратэгічна важны гандлёвы пункт на шляху з Чорнага мора ў Міжземнае і з Эўропы ў Азію. Багацьці Бізантыя прыцягваюць сюды рымлянаў. Тэрыторыя Тракіі пераходзіць пад кантроль Старажытнага Рыма ўжо ў I стагодзьдзі да н. э. Затым, у 330 годзе н. э., у Бізантыі на беразе Басфору пераносіцца й сталіца Рымскае імпэрыі, пераназваная ў гонар імпэратара Канстантына — Канстантынопаль. Тракія становіцца стратэгічна важным рэгіёнам новаўтворанае Ўсходняе Рымскае імпэрыі (гл.: Бізантыя).

У канцы ХIХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў Тракія стала арэнаю разьлютаваных бітваў, калі рэвалюцыйныя сілы дагасаючай Асманскай імпэрыі спрабавалі абараніць Канстантынопаль ад нападаў грэцкіх і баўгарскіх войскаў. Так разгарнулася крывавая барацьба за Тракію. Паралельна зь ёй адбывалася і барацьба за Македонію. У абодвух выпадках моцна пацярпела мясцовае баўгарскае насельніцтва, якое складала адносную большасьць да 1913 г. Любамір Мілеціч апісаў падзеі тых гадоў у сваёй кнізе «Разгром тракійскіх баўгараў 1913 году».

Насельніцтва Ўсходняе Тракіі, як і Тракіі наагул, у Сярэднявеччы было пераважна грэка-славянскім, хоць з канца VII стагодзьдзя грэцкі ўплыў у рэгіёне паступова слабеў і славяне колькасна пераважалі практычна ўва ўсіх унутраных рэгіёнах вобласьці, складаючы і значную долю насельніцтва гарадоў, асабліва Одрына (Эдырнэ). Пасьля захопу Канстантынопалю ў 1204 годзе, славяне становяцца асноўнаю этнічнаю групаю рэгіёну. Пасьля турэцкіх нашэсьцяў XIV—XV стагодзьдзяў да іх дадаўся і магутны цюрскі элемэнт, які паступова нарошчваў сваю прысутнасьць у рэгіёне ў першую чаргу за кошт асыміляцыі пакінутых грэкаў і, збольшага, баўгараў. У наш час насельніцтва Ўсходняе Тракіі прадстаўлена амаль вылучна туркамі, маецца значная, але ўжо ісламізаваная цыганская абшчына. Пры гэтым значная колькасьць цюрска-мусульманскіх меншасьцяў захоўваецца ў суседніх рэгіёнах Грэцыі й Баўгарыі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]