Такія сінія сьнягі
Такія сінія сьнягі | |
па-беларуску: Такія сінія снягі | |
Аўтар: | Сяргей Грахоўскі |
---|---|
Мова арыгіналу: | беларуская |
Публікацыя: | 1988 |
«Такі́я сі́нія сьнягі́» — аўтабіяграфічная дакумэнтальная аповесьць беларускага пісьменьніка Сяргея Грахоўскага пра жыцьцё ахвяраў сталінскіх рэпрэсій падчас высылкі ў Сібір.
Аповесьць упершыню была надрукавана ў часопісе «Полымя» (№ 9 за 1988 год) пад назвай «Успаміны майго двайніка». Аўтар апісвае жыцьцё пісьменьніка і яго сям’і напярэдадні і пасьля высылкі ў Сібір. Далёка ад роднай Беларусі, там, дзе такія сінія сьнягі, моцныя маразы, і пачалі абжывацца бестэрміновыя вязьні ГУЛАГу, нават не спадзеючыся адчуць сябе калі-небудзь вольнымі людзьмі.
Неафіцыйна называюць нас «паўторнікі». Гэта людзі, якія гадоў па дзесяць адседзелі ў лягерах, вызваліліся, пабылі трохі дома, зь некаторых паздымалі судзімасьці, ды раптам Берыя спахапіўся, што выжыла і вярнулася на волю больш як трэба, лазяць скрозь, нечага дамагаюцца, патрабуюць аднаўленьня ў грамадзянскіх правах і нават у партыі. Загадаў сабраць усіх за краты, правесьці сьледства, калі знойдзецца хоць маленькая зачэпка, адправіць у лягер, а не — у ссылку ў паўночныя раёны Сібіры і Казахстану. | ||
— Сяргей Грахоўскі, "Такія сінія сьнягі" |
Аповесьць «Такія сінія сьнягі» уваходзіць разам з аповесьцямі «Зона маўчаньня» і «З воўчым білетам» у аўтабіяграфічную трылёгію Сяргея Грахоўскага, напісаную ў пэрыяд 1987—1989 гадоў, якая зьяўляецца беларускім аналягам нарысу «Архіпэляг ГУЛАГ» расейскага пісьменьніка Аляксандра Салжаніцына.
Ва ўступе да трылёгіі Грахоўскі дае запавет нашчадкам не дапусьціць паўтарэньня трагедыі беларускага народу 1930—1940-х гадоў[1]:
Я памятаю садыстаў-сьледчых, злачынцаў-«судьдзяў», наглядчыкаў, лягерных начальнікаў і канваіраў. Памятаю ўсё да драбніц і клянуся кожным словам, кожным радком гаварыць толькі праўду, каб ведалі людзі і ніколі не далі сябе ашукаць прыгожай хлусьнёй і д’ябальскім каварствам. Сведчу, каб нашы нашчадкі спазналі сапраўдную волю, роўнасьць і шчасьце на роднай акрыялай і расквітнелай зямлі. | ||
— Сяргей Грахоўскі, "Слова да споведзі" |