Зона маўчаньня
Зона маўчаньня | |
па-беларуску: Зона маўчання | |
Жанр: | аповесьць[d] |
---|---|
Аўтар: | Сяргей Грахоўскі |
Мова арыгіналу: | беларуская |
„Зо́на маўча́ньня“ — дакумэнтальна-публіцыстычная аповесьць беларускага пісьменьніка Сяргея Грахоўскага пра сталінскія рэпрэсыі[1].
Напісаная на дакумэнтальнай аснове, аповесьць перадае драматызм перажытага ў гады сталінскіх рэпрэсый. Ад першай асобы ў творы паказваецца цяжкае жыцьцё арыштантаў. Галоўны герой кожны дзень змагаецца за сваё жыцьцё, то ў турме роднага места, то ў лягерным пункце ГУЛАГу. Аўтар паказвае лёсы несправядліва абвінавачаных беларускіх пісьменьнікаў, артыстаў, вернікаў, калгасьнікаў, сябраў Саюзу беларускай моладзі і іншых ахвяр масавай рэпрэсыўнай «мясарубкі» савецкіх спэцслужбаў.
Сяргей Грахоўскі сам прайшоў праз засьценкі Народнага камісарыяту ўнутраных справаў БССР і Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі БССР. Ён знайшоў у сабе сілы ізноў перапакутаваць дзень за днём лягернае дзесяцігодзьдзе, паўторны арышт і высылку ў Сыбір. Аўтар заклікае зрабіць усё, каб не вярнулася дыктатура адной асобы.
Галоўнай мэтай аўтара было не паказаць свае пакуты і свой шлях на Галготу, але найперш расказаць пра пакутніцкі лёс сваіх сяброў, таленавітых беларускіх пісьменьнікаў, якія разам зь ім ішлі па сталінскіх этапах, працавалі ў нечалавечых катаржных умовах і гінулі жахлівай сьмерцю.
Аповесьць «Зона маўчаньня» уваходзіць разам з аповесьцямі «З воўчым білетам» і «Такія сінія сьнягі» у аўтабіяграфічную трылёгію Сяргея Грахоўскага, напісаную ў пэрыяд 1987—1989 гадоў, якая зьяўляецца беларускім аналягам нарысу «Архіпэляг ГУЛАГ» расейскага пісьменьніка Аляксандра Салжаніцына.
Ва ўступе да трылёгіі Грахоўскі дае запавет нашчадкам не дапусьціць паўтарэньня трагедыі беларускага народу 1930—1940-х гадоў[2]:
Я памятаю садыстаў-сьледчых, злачынцаў-«судзьдзяў», наглядчыкаў, лягерных начальнікаў і канваіраў. Памятаю ўсё да драбніц і клянуся кожным словам, кожным радком гаварыць толькі праўду, каб ведалі людзі і ніколі не далі сябе ашукаць прыгожай хлусьнёй і д’ябальскім каварствам. Сьведчу, каб нашы нашчадкі спазналі сапраўдную волю, роўнасьць і шчасьце на роднай акрыялай і расквітнелай зямлі. | ||
— Сяргей Грахоўскі, "Слова да споведзі" |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- С. Грахоўскі. Зона маўчання. Спавядальная аповесць. Менск, Мастацкая літаратура, 1990.