Перайсьці да зьместу

Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Тава́рыства белару́скіх вучыцялёў — аб’яднаньне беларускіх настаўнікаў Латвіі, заснаванае ў 1923 року. Старшыня — Кастусь Езавітаў.

Пасьля здабыцьця Латвіяй незалежнасьці беларуская меншасьць, якая кампактна пражывала ва Ўсходняй Латвіі ды Ілукштанчыне, пачала апекавацца беларускай адукацыяй: школамі, настаўніцкімі курсамі. У 1921 року створаныя беларускае культурна-прасьветнае таварыства „Бацькаўшчына“ (Дзьвінск) і беларускі аддзел пры Міністэрстве асьветы[1].

Урэшце з ростам беларускага насельніцтва прысьпеў час для стварэньня асобнага настаўніцкага таварыства, і 10-11 жніўня 1923 року на Кангрэсе беларускіх настаўнікаў было заснаванае Таварыства беларускіх вучыцялёў. 2 верасьня 1925 року Рыскі акруговы суд афіцыйна зацьвердзіў Статут арганізацыі. Ужо ў першы год існаваньня таварыства ўвайшло ў «Агульналатвійскі вучыцельскі хаўрус» дэмакратычнага кірунку[1].

Пасьля ўсталяваньня дыктатуры Улманіса праводзіць нацыянальную палітыку меншасьцей стала значна складаней. ТБВ працягвала дзейнасьць да канца 1930-х, а ў жніўні 1939 року перайменаваная ў Беларускае таварыства ў Латвіі[2].

Галоўную ўвагу ў сваёй працы Таварыства беларускіх вучыцялёў накіроўвала на разьвіцьцё беларускай школы ў Латвіі: сябры арганізацыі адчынялі беларускія школы, заахвочвалі беларусаў да навучаньня, аказвалі фінансавую падтрымку[1]. У 1933 року адбыўся першы выпуск навучэнцаў Рыскай настаўніцкай гімназіі імя Францішка Скарыны[3].

Пад рэдакцыяй Кастуся Езавітава выдавала ў Рызе пэдагагічна-грамадзкі штомесячнік «Беларуская школа ў Латвіі»[1].

  1. ^ а б в г Езавітаў 1989. С. 3.
  2. ^ Грыбоўскі, Юры (22 сьнежня 2019) Алесь Махноўскі (1902—1967). Культура. НацыяПраверана 18 сьнежня 2024 г.
  3. ^ Сяргей Панізьнік. Прысутнасць Скарыны ў свеце, а найперш — на Беларускай Планеце // Пётра Мурзёнак. Культура. Нацыя : анляйнавы часопіс. — 2022. — № 29. — С. 63. — ISSN 2562-9506.