Перайсьці да зьместу

Сэрбія і Эўрапейскі зьвяз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сэрбія і Эўразьвяз
Сэрбія і Эўразьвяз

Сэрбія

Эўрапейскі Зьвяз

Працэс далучэньня Сэрбіі да Эўразьвязу пачаўся ў лістападзе 2005 году, калі Сэрбія ўваходзіла ў склад Дзяржаўнага Саюзу Сэрбіі і Чарнагорыі. У траўні 2006 году Чарнагорыя правяла рэфэрэндум аб незалежнасьці і аддзялілася ад саюзу, а Сэрбія працягнула перамовы з ЭЗ самастойна. 29 ліпеня 2008 году Сэрбія і ЭС падпісалі Пагадненьне аб стабілізацыі і асацыяцыі[1]. 22 верасьня 2009 году Сэрбія падала заяўку на ўступленьне ў ЕС[2]. 1 сакавіка 2012 году Сэрбія атрымала афіцыйны статус краіны-кандыдата на ўступленьне[3]. У сьнежні 2013 году Рада Эўрапейскага зьвязу ўхваліў пастанову пачаць перамовы аб ўваходжаньні Сэрбіі ў ЭЗ у студзені 2014 году[4], і першая міжурадавая канфэрэнцыя была праведзена 21 студзеня ў Брусэлі[5]. У сьнежні 2009 году грамадзяне Сэрбіі, якія маюць біямэтрычныя пашпарты, атрымалі права зьдзяйсьняць падарожжы ў краінах Шэнгенскай зоны без атрыманьня візы[6].

Пачатковы этап інтэграцыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У чэрвені 2000 году на пасяджэньні ў горадзе Фэйра Эўрапейская Рада пацьвердзіла, што ўсе краіны, якія ўдзельнічаюць у працэсе стабілізацыі і асацыяцыі, зьяўляюцца «патэнцыйнымі кандыдатамі» на ўваходжаньне ў ЭЗ. У гэтым жа годзе ЭЗ у рамках сыстэмы Аўтаномных гандлёвых мераў у аднабаковым парадку адмяніў мыту на прамысловыя і сельскагаспадарчыя тавары, якія імпартуюцца з Сэрбіі ў краіны хаўруса. На той момант гэта адмена мыт стала самай буйной саступкай у вобласьці гандлю, зробленай якой-небудзь краіне з боку ЭЗ. Са свайго боку Сэрбія пачала адмяняць імпартныя мыты праз 9 гадоў, калі пачала выконваць гандлёвую частку Пагадненьня аб асацыяцыі і стабілізацыі[7]. У кастрычніку 2000 году ў Сэрбіі адбылася Бульдозэрная рэвалюцыя, якая адкрыла краіне магчымасьць эўрапейскай інтэграцыі.

1 чэрвеня 2003 году на пасяджэньні Эўрапейскай рады ў Салёніках было пацьверджана распаўсюджваньне працэсу стабілізацыі і асацыяцыі на заходнюю частку Балканскага паўвостраву, а Сэрбія разам зь пяцьцю іншымі дзяржавамі заходніх Балкан атрымала статус «патэнцыйнага» кандыдата[6]. Сэрбія пайшла насустрач. 8 сакавіка 2004 году была створана Канцылярыя па далучэньні да Эўразьвязу Ўраду Сэрбіі[8].

Перамовы аб падпісаньні Пагадненьня аб асацыяцыі і стабілізацыі паміж Сэрбіяй і ЭЗ пачаліся 1 кастрычніка 2005 году[9]. 3 траўня 2006 году ЭЗ замарозіў перамовы, патлумачыўшы гэта недастатковым узроўнем супрацоўніцтва Сэрбіі з МТБЮ. Раней Эўракамісія запатрабавала ад Сэрбіі да 30 красавіка арыштаваць і перадаць Міжнароднаму трыбуналу Ратку Младзіча, што ўрад Сэрбіі ня змог ажыцьцявіць. Пасьля кансультацыі з галоўным пракурорам Гааскага трыбуналу Карлай дэль Понтэ Эўракамісія пастанавіла прыпыніць перамовы аб пагадненьні[10].

13 чэрвеня 2007 году перамовы аднавіліся пасьля арышту 31 траўня і выдачы МТБЮ былога генэрала Здраўкі Толіміра[11]. Праз 4 дні пасьля аднаўленьня перамоў аб Пагадненьні аб асацыяцыі і стабілізацыі быў арыштаваны былы начальнік службы бясьпекі Сэрбіі Уласьцімір Джорджавіч, абвінавачваны ў злачынствах супраць косаўскіх альбанцаў[12].

7 лістапада 2007 году намесьнік прэм’ер-міністра Сэрбіі Божыдар Джэліч і эўрапейскі камісар па пытаньнях пашырэньня Олі Рэн парафіравалі Пагадненьне аб асацыяцыі і стабілізацыі паміж Сэрбіяй і ЭЗ[13]. Олі Рэн заявіў, што паўнавартаснае падпісаньне Пагадненьня будзе магчыма толькі ў выпадку ўсебаковага супрацоўніцтва Сэрбіі з МТБЮ.

Рознагалосьсі наконт Косава

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рознагалосьсі па пытаньні Косава пачаліся яшчэ да абвяшчэньня незалежнасьці гэтай тэрыторыі. 14 сьнежня 2007 году Эўрапейская рада прыняла пастанову аб разьмяшчэньні паліцэйскай і грамадзянскай місіі ў Косаве. Жазэ Сократыш, які займаў пасаду прэм’ер-міністра Партугаліі (якая тады была краінай-старшынёй Рады ЭЗ), заявіў, што ЭЗ падаў гучны сыгнал аб сваім лідэрстве ў разьвязаньні пытаньня будучыні Косава, дадаўшы, што пастанова аб місіі не азначае прызнаньне незалежнасьці гэтага рэгіёну[14]. Навіна пра разьмяшчэньне місіі ЭЗ выклікала незадаволенасьць у Сэрбіі, дзе лічылі, што новая місія стваралася для рэалізацыі пляну Ахцісаары, які прадугледжваў «незалежнасьць пад міжнародным кантролем» для Косава з наступнай перадачай паўнамоцтваў ад міжнародных органаў кіраваньня, створаных паводле рэзалюцыі Рады бясьпекі 1244 ад 1999 году, да мясцовых улад косаўскіх альбанцаў. Сэрбія патрабавала, каб любая новая міжнародная місія праводзілася ў адпаведнасьці з рэзалюцыяй Рады Бясьпекі 1244 і была ўхвалена Радай Бясьпекі ААН[15][16].

Пазьней разгортваньне місіі ЭЗ было канчаткова ўхвалена Эўразьвязам на пасяджэньні Эўрапейскай рады 16 лютага 2008 году[17]. Афіцыйнымі задачамі ЕЎЛЕКС былі названыя забесьпячэньне вяршэнства закона, бясьпекі і правоў чалавека, нагляд за дзейнасьцю косаўскіх інстытутаў і дапамога ім пры захаваньні часткі выканаўчых паўнамоцтваў, якімі валодала міжнародная адміністрацыя па кіраваньні Косавам. Прававой асновай для місіі былі названы наступныя пункты Рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН 1244: 10 (упаўнаважвае генэральнага сакратара пры садзейнічаньні міжнародных арганізацыяў стварыць міжнародную грамадзянскую прысутнасьць у Косаве), 11 (асноўныя абавязкі міжнароднай грамадзянскай прысутнасьці: f) на фінальнай стадыі нагляд за перадачай паўнамоцтваў ад часовых інстытутаў Косава да органаў, заснаваных у рамках палітычнага ўрэгуляваньня; i) падтрыманьне грамадзянскага правапарадку шляхам разьмяшчэньня міжнароднага паліцэйскага пэрсаналу для службы ў Косаве), 17 (вітае дзеяньні ЭЗ па стварэньні ўсебаковага падыходу да стабілізацыі рэгіёна)[18][19]. У адказ на падрыхтоўку да разгортваньня ЕУЛЕКС прэзыдэнт Сэрбіі Борыс Тадзіч заявіў, што для адпраўкі місіі ЭЗ у Косава няма ніякіх прававых падстаў, для яе разьмяшчэньня неабходна пастанова Рады Бясьпекі ААН[20]. Міністар па справах Косава Слабодан Самарджыч абвінаваціў ЭЗ у парушэньні міжнароднага права і абслугоўваньні амэрыканскіх зьнешнепалітычных інтарэсаў[21].

Косава ў аднабаковым парадку абвясьціла сябе незалежнай рэспублікай 17 лютага 2008 году. З набыцьцём моцы 15 чэрвеня 2008 году канстытуцыі Рэспублікі Косава, у якой не прапісана роля МААНК, улады самаабвешчанай рэспублікі сталі абмяжоўваць дзейнасьць місіі ААН, перадаючы яе функцыі новым органам Косава. У гэтых умовах генэральны сакратар ААН аддаў распараджэньне рэарганізаваць МААНК, перадаўшы паўнамоцтвы ЕУЛЕКС. Для пераадоленьня рознагалосьсяў з Сэрбіяй у сувязі з разьмяшчэньнем ЕУЛЕКС адмысловы прадстаўнік ААН па Косаве Ламберта Заньер правёў з сэрбскім урадам сэрыю перамоў, вынікам якіх стаў плян з 6 пунктаў і даклад Генэральнага сакратара аб місіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па справах часовай адміністрацыі ў Косаве[22]. Пасьля дасягненьня гэтых дамоўленасьцей Сэрбія дала згоду на разгортваньне ЕУЛЕКС у Косаве, з-за таго, што былі ўлічаны яе патрабаваньні аб нэўтральнасьці ЕУЛЕКС па пытаньні статусу края і аб адмове ад «пляну Ахцісаары»[23]. Нягледзячы на тое, што ўлады Косава адпрэчылі плян з 6 пунктаў, яны заявілі пра падтрымку ЕУЛЕКС. 26 лістапада 2008 году Рада бясьпекі ААН прыняў заяву ў падтрымку дакладу Генэральнага сакратара і разгортваньні місіі ЭЗ у Косаве[24][25][26], а 9 сьнежня 2008 году місія ЕУЛЕКС афіцыйна пачала сваю працу[27][28].

Эўрапейскія палітыкі неаднаразова заяўлялі, што прызнаньне незалежнасьці Косава не зьяўляецца ўмовай для прыняцьця Сэрбіі ў ЕС[29][30][31][32][33].

Пагадненьне аб асацыяцыі і стабілізацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля парафіраваньня Пагадненьня аб асацыяцыі і стабілізацыі (САС) працэдура падпісаньня была прызначана на 29 красавіка 2008 году. У сьнежні 2007 году ўрад упаўнаважыў віцэ-прэм’ер-міністра Божыдара Джэліча(en) падпісаць САС у красавіку 2008 году. 4 красавіка 2008 году прэм’ер-міністр Сэрбіі і лідэр «Дэмакратычнай партыі Сэрбіі» Воіслаў Каштуніца заявіў, што з-за абвяшчэньня незалежнасьці Косава (17 лютага 2008 году) уступленьне Сэрбіі ў ЭЗ больш не знаходзіцца на позьве дня, а аднаўленьне перамоваў магчыма толькі пасьля дасягненьня згоды па пытаньні тэрытарыяльнай цэласнасьці Сэрбіі[34]. Прыхільнікі гэтага рашэньня прэм’ер-міністра (міністры ад «Дэмакратычнай партыі Сэрбіі» і «Новай Сэрбіі») настойвалі на тым, што падпісаньне САС з ЭЗ будзе супярэчыць канстытуцыі ў частцы тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны, з прычыны таго, што большасьць краінаў-сябраў ЭЗ прызнала незалежнасць Косава. Прэзыдэнт Сэрбіі Борыс Тадзіч, а таксама міністры ад прапрэзыдэнцкай «Дэмакратычнай партыі» і партыі «Г17+» не пагадзіліся з такім падыходам і заявілі, што Пагадненьне аб асацыяцыі і стабілізацыі не зьмяшчала ніякіх спасылак на прызнаньне незалежнасьці Косава і, наадварот, падтрымлівала рэзалюцыю Савета Бясьпекі ААН 1244. Борыс Тадзіч абвінаваціў праціўнікаў САС у тым, што яны зьмянілі сваё меркаваньне па пытаньні падпісаньня САС толькі дзеля надыходзячых выбараў, таму што некалькі месяцаў назад яны галасавалі ва ўрадзе за наданьне Божыдару Джэлічу паўнамоцтвамі на падпісаньне пагадненьня[35]. Божыдар Джэліч(en) скарыстаўся даручанымі яму паўнамоцтвамі і падпісаў Пагадненьне аб асацыяцыі і стабілізацыі 29 красавіка 2008 году. На цырымоніі падпісаньня, якая прайшла ў Люксэмбургу, прысутнічалі прэзыдэнт Сэрбіі Борыс Тадзіч і міністр замежных справаў Вук Ярэміч. З боку ЭЗ САС падпісалі Эўрапейскі камісар па пытаньнях пашырэньня Олі Рэн і міністр замежных спраў Славеніі Дзімітрый Рупел. Прэм’ер-міністар Воіслаў Каштуніца ў адказ на падпісаньне САС паабяцаў, што ў выпадку перамогі на парламенцкіх выбарах анулюе падпісаньне пагадненьня[36][37][38].

На парлямэнцкіх выбарах 11 мая 2008 году перамогу атрымала праэўрапейская кааліцыя пад кіраўніцтвам прэзыдэнта Тадзіча. Новым прэм’ер-міністрам стаў Мірка Цьветкавіч, які назваў ратыфікацыю САС у сэрбскім парлямэнце прыярытэтнай задачай[39]. 9 верасьня Народная скупшчына ратыфікавала Пагадненьне аб асацыяцыі і стабілізацыі[40][41].

Разам з Пагадненьнем аб асацыяцыі і стабілізацыі Сэрбія і ЭЗ падпісалі Часовае пагадненьне па пытаньнях гандлю, якое павінна было дазволіць Сэрбіі і ЕС прымяняць палажэньні Пагадненьня аб асацыяцыі, якое ў той час яшчэ праходзіла працэдуру ратыфікацыі. Аднак Нідэрлянды і Бэльгія заблакавалі прымяненьне Часовага пагадненьня да таго часу, пакуль Сэрбія ня будзе больш цесна супрацоўнічаць з Міжнародным трыбуналам па былой Югаславіі і не выдасьць яму былога прэзыдэнта Рэспублікі Сэрбскай Радавана Караджыча, генэрала Ратку Младзіча і былога прэзыдэнта Рэспублікі Сэрбская Краіна Горана Хаджыча[37][42]. У ліпені 2008 году Радаван Караджыч быў арыштаваны і экстрадаваны ў Гаагу[43]. 15 верасьня 2008 году ЕС ня змог разблакаваць прымяненьне гандлёвага пагадненьня з-за нязгоды ўрада Нідэрляндаў, які настойваў на арышце іншых падазраваных у ваенных злачынствах[44].

Пасьля няўдалай спробы ЕС разблакаваць Часовае пагадненьне па пытаньнях гандлю ўрад Сэрбіі вырашыў «ў аднабаковым парадку» пачаць выконваць гэты дагавор з 1 лютага 2009 году. Міністэрства фінансаў Сэрбіі адзначыла, што «аднабаковасць» зьяўляецца фармальнай, таму што ЕС адмяніў імпартныя мыты на тавары з Сэрбіі яшчэ ў 2000 годзе[45].

7 сьнежня 2009 году краінам ЕС удалося прыйсьці да згоды і пачаць прымяняць Часовае пагадненьне па пытаньнях гандлю са свайго боку. Нягледзячы на тое, што Хаджыч і Младзіч не былі арыштаваны, Нідэрлянды былі здаволены ступеньню ўзаемадзеяньня Сэрбіі са МТБЮ[46]. З 19 сьнежня 2009 году грамадзяне Сэрбіі, якія маюць біямэтрычныя пашпарты, атрымалі права падарожнічаць па краінах Шэнгенскай зоны безь віз[47].

Першай краінай, якая ратыфікавала 21 чэрвеня 2010 году Пагадненьне аб асацыяцыі і стабілізацыі з Сэрбіяй, стала Гішпанія[48]. Ратыфікацыя ўсімі краінамі ЭЗ зацягнулася на тры гады. Апошняй Пагадненьне ратыфікавала Летува, якая зрабіла гэта 18 чэрвеня 2013 году[49]. Пасьля гэтага пагадненьне набыло моц 1 верасьня 2013 году[50].

Перамовы пра ўступ у ЭЗ

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

22 сьнежня 2009 году прэзыдэнт Сэрбіі Борыс Тадзіч падаў заяўку на ўваходжаньне Сэрбіі ў ЭЗ[2][51]. 24 лістапада 2010 году эўрапейскі камісар па пытаньнях пашырэньня Штэфан Фюле перадаў сэрбскім уладам Апытальны ліст, які Эўракамісія будзе выкарыстоўваць для падрыхтоўкі дакладу аб гатоўнасьці краіны выконваць абавязацельствы, якія накладваюцца на сябраў ЭЗ. Апытальны ліст складаўся з 2 483 пытаньняў, падзеленых на 6 разьдзелаў і 33 главы. Адказы на пытаньні павінны стаць асновай для пастановы Эўракамісіі наконт пэрспэктывы сяброўства Сэрбіі. 31 студзеня 2011 году прэм’ер-міністар Мірка Цьветкавіч накіраваў у Эўрапейскую камісію адказы на паданыя пытаньні[52].

12 кастрычніка 2011 году Эўрапейская камісія апублікавала даклад пра ступень адпаведнасьці Сэрбіі Капэнгагенскім крытэрыям, у якім рэкамэндавала даць Сэрбіі статус краіны-кандыдата на ўступленьне ў ЭЗ пры ўмове, што гэта краіна працягне рэформы ў палітычнай сфэры і накіруе высілкі на паляпшэньне адносін з Косава[53][54][55].

24 лютага 2012 году Сэрбія і Косава падпісалі пагадненьне, паводле якога самаабвешчаная рэспубліка атрымала права ўдзельнічаць у рэгіянальных міжнародных форумах па пытаньнях Балканскага паўвострава, а таксама дамовіліся аб сумесным кіраваньні пунктамі пропуску на адміністрацыйнай граніцы[56][57][58]. Апошняй перашкодай да атрыманьня статусу краіны-кандыдата стала спрэчка паміж Сэрбіяй і Румыніяй па пытаньні статусу роднаснага румынам народа влахаў, якія размаўляюць на дыялекце румынскай мовы[59]. Аднак 1 сакавіка прадстаўнікі Румыніі і Сэрбіі падпісалі дамову аб абароне нацыянальных меншасьцей і Румынія зьняла свае прэтэнзіі[60]. У гэты ж дзень 1 сакавіка Эўрапейскі зьвяз падаў Сэрбіі статус краіны-кандыдата на ўступленьне ў ЭЗ[61][62].

Наступны важны этап далучэньня любой краіны да ЭЗ — гэты пачатак афіцыйных перамоў па ўступленьні. Для запуску перамоў Сэрбіі было неабходна працягнуць высілкі па нармалізацыі адносін з Косава. 19 красавіка 2013 году Сэрбія і Косава заключылі Брусэльскае пагадненьне, якое тычылася ўрэгуляваньня праблемы Паўночнага Косава, населенага пераважна сэрбамі, і эўрапейскай інтэграцыі абодвух бакоў пагадненьня[63]. 22 красавіка Эўрапейская камісія адзначыла нармалізацыю адносін Сэрбіі і Косава і рэкамэндавала пачаць афіцыйныя перамовы з Сэрбіяй аб ўваходжаньні ў ЭЗ[64]. 28 чэрвеня 2013 году Эўрапейская Рада пастанавіла пачаць перамовы з Сэрбіяй не пазьней за студзень 2014 году[65][66]. 18 сьнежня 2013 году Эўрапейская рада пацьвердзіла сваё чэрвеньскае рашэньне і прызначыла першую міжурадавую канфэрэнцыю на 21 студзеня 2014 году[67]. 21 студзеня ў Брусэлі была праведзена міжурадавая канфэрэнцыя, якая адзначыла пачатак афіцыйных перамоў па ўступе Сэрбіі ў ЭЗ. Сэрбію прадстаўлялі прэм’ер-міністар Івіца Дачыч і яго намесьнік Аляксандр Вучыч, а ЭЗ эўрапейскі камісар па пытаньнях пашырэньня Штэфан Фюле і міністар замежных спраў Грэцыі Эвангелас Венізелас[68].

У кастрычніку 2015 году Эўрапейская камісія рэкамэндавала Эўрапейскай радзе да канца 2015 гаду адкрыць першыя перагаворныя главы з Сэрбіяй, адзначыўшы намаганьні Сэрбіі па ўрэгуляваньні крызісу бежанцаў і па нармалізацыі адносін з Косава, якія выявіліся ў дасягненьні 25 жніўня 2015 году дамоўленасьцей па праблеме Паўночнага Косава і ў сфэры энэргетыкі і тэлекамунікацыяў[69][70][71]. 14 сьнежня 2015 году Сэрбія адкрыла для перамоў главу 32 па фінансавым кантролі і 35 па адносінах з Косава[72][73].

Главы Адзнака на пачатак перамоў Глава адкрыта Глава зачынена
1. Свабоднае перамяшчэньне тавараў Неабходны далейшыя рэформы -
2. Свабоднае перамяшчэньне рабочай сілы Неабходны далейшыя рэформы -
3. Свабода ўстановы і руху паслуг Неабходны далейшыя рэформы -
4. Свабоднае перамяшчэньне капіталаў Неабходны далейшыя рэформы -
5. Дзяржаўныя закупы Неабходны далейшыя рэформы 2016-12-13[74] -
6. Карпаратыўнае права Няма сур’ёзных праблем -
7. Права інтэлектуальнай уласнасьці Неабходны далейшыя рэформы -
8. Палітыка канкурэнцыі Неабходны далейшыя рэформы -
9. Фінансавыя паслугі Неабходны далейшыя рэформы -
10. Інфармацыйнае грамадзтва і СМІ Неабходны далейшыя рэформы -
11. Сельская гаспадарка і разьвіцьцё сельскіх тэрыторыяў Неабходны значныя рэформы -
12. Бясьпека харчовых прадуктаў, вэтэрынарыя і фітасанітарная палітыка Неабходны далейшыя рэформы -
13. Рыбалоўства Няма сур’ёзных праблем -
14. Транспартная палітыка Неабходны далейшыя рэформы -
15. Энэргетыка Неабходны далейшыя рэформы -
16. Падаткаабкладаньне Няма сур’ёзных праблем -
17. Эканамічная і манэтарная палітыка Няма сур’ёзных праблем -
18. Статыстыка Няма сур’ёзных праблем -
19. Сацыяльная палітыка і занятасьць Неабходны далейшыя рэформы -
20. Прамысловая палітыка і прадпрымальніцтва Няма сур’ёзных праблем 2017-02-27 -
21. Транс’эўрапейскія сеткі Неабходны далейшыя рэформы -
22. Рэгіянальная палітыка і каардынацыя структурных інструмэнтаў Неабходны далейшыя рэформы -
23. Суд і асноўныя правы Неабходны значныя рэформы 2016-07-18[75] -
24. Правасудзьдзе, свабода і бясьпека Неабходны значныя рэформы 2016-07-18[75] -
25. Навука і дасьледаваньні Няма сур’ёзных праблем 2016-12-13[74] 2016-12-13
26. Адукацыя і культура Няма сур’ёзных праблем 2017-02-27 2017-02-27
27. Навакольнае асяродзьдзе і зьмяненьне клімату Поўная несумяшчальнасьць з правам ЕС -
28. Абарона правоў спажыўцоў і ахова здароўя Неабходны далейшыя рэформы -
29. Мытны саюз Няма сур’ёзных праблем 2017-02-27 -
30. Зьнешнія сувязі Няма сур’ёзных праблем -
31. Замежная палітыка, палітыка абароны і бясьпекі Няма сур’ёзных праблем -
32. Фінансавы кантроль Неабходны значныя рэформы 2015-12-14[76] -
33. Бюджэтныя пытаньні Няма сур’ёзных праблем -
34. Інстытуты Няма -
35. Іншыя пытаньні: адносіны з Косава Неабходны далейшыя рэформы 2015-12-14[76] -
Прагрэс 9 з 34 2 з 34

Апытаньні грамадзкай думкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дата Агенцтва Пытаньне Так Не Не вызначыліся
чэрвень 2011[77] Канцылярыя па эўрапейскай інтэграцыі Падтрымліваеце далучэньне да ЭЗ? 53 % 24 % 23 %
студзень 2012[77] Канцылярыя па эўрапейскай інтэграцыі Падтрымліваеце далучэньне да ЭЗ? 51 % 28 % 21 %
сакавік 2012[78] B92 (Сэрбія) /Ipsos Strategic Marketing Падтрымліваеце далучэньне да ЭЗ? 49 % 34 % 17 %
верасень 2014[79] Medium Gallup Падтрымліваеце далучэньне да ЭЗ? 57 % 28 % 15 %
лістапад 2014[80] Эўрабаромэтар Падтрымліваеце далучэньне да ЭЗ? 58 % 26 % 16 %

Эканамічныя кантакты Сэрбіі і ЭЗ

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эўразьвяз зьяўляецца асноўным гандлёвым партнэрам Сэрбіі. Двухбаковы тавараабарот у 2013 годзе склаў 16,3 млрд эўра, у тым ліку 9,7 млрд склалі пастаўкі з ЭЗ у Сэрбію, а 6,6 млрд сэрбскі экспарт у Эўразьвяз[81]. Доля экспарту з Сэрбіі ў ЭЗ складала ў 2013 годзе 62,8 % ад усяго экспарту з Сэрбіі. Яшчэ 17,7 % сэрбскага экспарту адпраўляецца ў краіны Цэнтральна-эўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю, якія зьяўляюцца кандыдатамі ці «патэнцыйнымі кандыдатамі» ў ЭЗ[82]. У 2013 годзе 61,8% імпарту ў Сэрбію склалі пастаўкі з краінаў ЭЗ і 4,3% пастаўкі з ЦЕАСТ[83]. Гандлёвы балянс Сэрбіі з ЭЗ зьяўляецца адмоўным, хоць гандлёвы дэфіцыт скарачаўся з 2009 да 2014 году. У гандлі сельскагаспадарчымі прадуктамі назіраецца адваротная сытуацыя, і Сэрбія вывозіць у ЭЗ больш сельскагаспадарчай прадукцыі, чым увозіць зь зьвяз (у 2013 годзе больш за 52 % сэрбскага сельскагаспадарчага экспарту прыпадала на краіны ЭЗ[84])[85]. Увядзеньне ў 2014 годзе расейскага харчовага эмбарга на сельскагаспадарчую прадукцыю краін ЭЗ было насьцярожана сустрэта ўладамі Сэрбіі. Асьцерагаючыся ўвозу таннага эўрапейскага харчу на свой рынак, Сэрбія ўвяла дадатковыя мыты на ўвоз з Эўразьвязу малака, прадукцыі зь яго (у тым ліку сыра і вяршкоў), а таксама сьвініны (гэтыя мыты адменены ў сьнежні 2016 году)[86].

Прамыя замежныя інвэстыцыі з краінаў ЭЗ склалі 76 % ад агульнай колькасьці прамых замежных інвэстыцый у Сэрбію за пэрыяд 2005—2014 гадоў (у колькасным выражэньні за 9 гадоў у Сэрбію з ЭЗ уклалі 13,5 млрд эўра)[85]. Акрамя таго, ЭЗ — самы буйны донар для Сэрбіі, які аказвае ёй значную фінансавую дапамогу ў розных галінах ад рэформы дзяржаўнага кіраваньня да сельскай гаспадаркі і абароны навакольнага асяродзьдзя. Фактычна Сэрбія — галоўны атрымальнік дапамогі ад фондаў ЭЗ на тэрыторыі Заходніх Балканаў, атрымліваючы штогод прыблізна 200 млн эўра[87]. У 2001—2014 гадах Сэрбія атрымала ад ЭЗ дапамогу на суму больш за 2,5 млрд эўра[81]. Толькі ў рамках праграмы ЭЗ Інструмэнт для дапамогі ў далучэньні Бялград атрымаў у 2007—2013 гадах 1,1 млрд эўра[88].

  1. ^ Stabilisation and Association Agreement between the European Communities and their Member States, of the one part, and the Republic of Serbia, of the other part
  2. ^ а б Serbia Applies for EU Membership(недаступная спасылка)
  3. ^ Serbia to Launch Negotiations on Accession to EU on December 14
  4. ^ Council conclusions on Enlargement and Stabilisation and Association Process. Council of the European Union (2013-12-17). Праверана 2013-12-17 г.
  5. ^ Serbia starts negotiations to join EU. B92 (2014-01-21). Праверана 2014-01-21 г.
  6. ^ а б The Delegation of the European Commission to the republic of Serbia
  7. ^ Serbian producers exporting duty-free to the EU since 2000
  8. ^ Семенов А. В. Перспективы расширения ЕС на Западных Балканах: случай Сербии // Вестник Кемеровского государственного университета. — 2013. — № 2-3 (54). — С. 132
  9. ^ Serbia and the EU. Milestones
  10. ^ Адмова ЭЗ ад перамоў «ударыць па Сэрбіі»
  11. ^ Аднавіліся перамовы з Сэрбіяй пра прыём у ЭЗ
  12. ^ Затрыманы сэрбскі генэрал Джорджавіч, які хаваўся ад МТБЮ
  13. ^ Еўрасаюз «уважыў» Сербію
  14. ^ EU agrees on Kosovo mission
  15. ^ Бялград выступае супраць перабудовы місіі ААН у Косаве
  16. ^ EU Kosovo mission 'unacceptable' for Serbia
  17. ^ Эўразьвяз ухваліў размяшчэньне сваёй місіі ў Косава
  18. ^ COUNCIL JOINT ACTION 2008/124/CFSP of 4 February 2008 on the European Union Rule of Law Mission in Kosovo, EULEX KOSOVO
  19. ^ RESOLUTION 1244 (1999) Adopted by the Security Council at its 4011th meeting, on 10 June 1999
  20. ^ Tadić: EU mission welcome only with UN approval
  21. ^ Serbian parties react to EU mission move
  22. ^ Report of the Secretary-General on the United Nations Interim Administration Mission in Kosovo
  23. ^ Косава адпрэчыла плян ААН па размяшчэньні ў краі Місіі ЭЗ
  24. ^ Рада Бясьпекі адкрыла шлях для місіі Эўразьвязу ў Косава
  25. ^ Рада бясьпекі ААН ухваліла працу сваёй місіі ў Косаве
  26. ^ Statement by the President of the Security Council
  27. ^ В Косово заработала гражданско-полицейская миссия ЕС
  28. ^ EULEX deployment under way
  29. ^ Але не чакайце сьпешнага прызнаньня
  30. ^ Kosovo recognition «not condition for integrations»
  31. ^ EU’s approach to Kosovo «status-neutral» — spokesperson
  32. ^ EU: Serbia Does Not Have to Recognize Kosovo
  33. ^ Mogherini in Belgrade: Firmly on the EU path
  34. ^ Koštunica: EU membership not on agenda
  35. ^ Signing SAA is binding, says Tadić
  36. ^ ЕС і Сербія падпісалі сімвалічнае пагадненне аб стабілізацыі і супрацоўніцтве. Каштуніца называе яго антыканстытуцыйным
  37. ^ а б ЕС і Сербія падпісалі асацыятыўнае пагадненне
  38. ^ Serbia, EU sign SAA in Luxembourg
  39. ^ У Сербіі зацверджаны праеўрапейскі ўрад
  40. ^ Парламент Сербіі ратыфікаваў дагавор аб стабілізацыі і супрацоўніцтве з ЕС.
  41. ^ Сербскі парламент ухваліў дагавор аб супрацоўніцтве з Еўрасаюзам
  42. ^ ЕС не дае дабро дагавору з Сербіяй
  43. ^ Караджыч дастаўлены ў Галандыю
  44. ^ The Netherlands' froze the trade related part of a pre-accession deal with Serbia
  45. ^ Serbia applies interim deal Feb. 1
  46. ^ EU unfreezes trade agreement with Serbia
  47. ^ EU scraps visas for three Balkan states
  48. ^ Семенов А. В. Перспективы расширения ЕС на Западных Балканах: случай Сербии // Вестник Кемеровского государственного университета. — 2013. — № 2-3 (54). — С. 133
  49. ^ Lithuanian parliament ratifies SAA with Serbia
  50. ^ The Delegation of the European Commission to the republic of Serbia. Serbia and the EU. Milestones
  51. ^ Сэрбія падала заяўку на сяброўства ў ЭЗ
  52. ^ Serbia Delivers Answers to EC’s Questionnaire
  53. ^ EC Awards EU Candidate Status to Serbia, Accession Talks to Montenegro
  54. ^ Сэрбія здала кандыдацкі мінімум
  55. ^ Conclusions and Recommendations of the Commission’s Opinions on the membership applications by Serbia
  56. ^ Kosovo, Serbia Reach Deal on Regional Representation
  57. ^ Миссия выполнима Сербия и Косово нацелились в объединенную Европу
  58. ^ Косава атрымала суверэнітэт з зорачкай
  59. ^ Сербію не пускаюць у ЕС з-за Румыніі
  60. ^ Serbia Set For EU Entry
  61. ^ EU leaders grant Serbia candidate status
  62. ^ Сербія атрымала статус кандыдата на прыём у ЕС
  63. ^ Сэрбія і Косава прыйшлі да дагавора, але разыйшліся ў яго адзнацы
  64. ^ EU Commission recommends start of Serbia membership talks
  65. ^ Брусэль пагадзіўся пачаць перамовы аб ўступленьні Сэрбіі ў ЭЗ
  66. ^ EU set for Serbia membership talks
  67. ^ EU sets date for Serbia membership talks
  68. ^ Serbia starts negotiations to join EU
  69. ^ Сэрбія і Косава: розныя чаканьні ад заключанага пагадненьня
  70. ^ EU to open first chapters in accession talks with Serbia
  71. ^ EC, EEAS Recommend Opening Of Accession Chapters For Serbia
  72. ^ Opening of chapters a historic step for Serbia
  73. ^ Сэрбія адкрывае першыя главы ў перамовах аб ўступленні ў ЭЗ
  74. ^ а б Fourth meeting of the Accession Conference with Serbia
  75. ^ а б Chapters 23, 24 in negotiations of Serbia, EU opened
  76. ^ а б EU membership negotiations chapters to be opened Dec. 14
  77. ^ а б Support for EU membership continues to decline
  78. ^ Poll: Progressive Party is pro-EU, but its voters are not
  79. ^ Serbia: 57 Percent Of Citizens In Favor Of EU Membership — Poll
  80. ^ Serbia: Citizens Dissatisfied With Their Life — Survey
  81. ^ а б Нелаева Г. А., Семенов А. В. Балканский треугольник: Сербия между Европейским союзом и Россией в 2000-е гг. // Сибирские исторические исследования. — 2015. — № 3. — С. 46
  82. ^ MORE THAN 64 % OF SERBIA’S EXPORTS GO TO THE EU
  83. ^ OVER 61 % OF SERBIA’S IMPORTS COME FROM THE EU
  84. ^ SERBIA ENJOYS A SURPLUS IN AGRICULTURAL TRADE WITH THE EU
  85. ^ а б Trade Benefits for Serbia
  86. ^ Сэрбія адмяніла мыты на малако і сьвініну з ЕС
  87. ^ The EU is by far the biggest donor to Serbia with more than €2.6 billion (as of January 2014)
  88. ^ Нелаева Г. А., Семенов А. В. Балканский треугольник: Сербия между Европейским союзом и Россией в 2000-е гг. // Сибирские исторические исследования. — 2015. — № 3. — С. 46 — 47