Перайсьці да зьместу

Сродкі масавай інфармацыі Пружаншчыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сро́дкі ма́савай інфарма́цыі Пружа́ншчыны — друкаваныя і электронныя выданьні і ўстановы, якія дзейнічалі ці дагэтуль дзейнічаюць на тэрыторыі Пружанскага раёну ці ранейшых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак з цэнтрам у Пружане.

Цяпер у Пружанскім раёне выдаецца адзіная раённая газэта „Раённыя будні“, заснаваная ў кастрычніку 1939 року пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР. Выходзіць двойчы на тыдзень па-беларуску і маскальску[1]. Галоўны рэдактар — Галіна Сьвідуновіч[2]. Рэдакцыя разьмяшчаецца па адрасе: Пружана, вул. Чырвонаармейская, д. 78.

Першы нумар газэты пад назвай „Новы шлях“ выйшаў 20 кастрычніка 1939 року[3]. З 1940 зьяўлялася органам Пружанскага раённага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі і райвыканкаму. Апошні нумар перад нямецкім нападам выйшаў 20 чэрвеня 1941 року[4].

18 жніўня 1944 року аднавіўся выхад раённай газэты пад назовам „Красное знамя“ (па-беларуску: Чырвоны сьцяг) маскальскай мовай. Яна выходзіла да 28 чэрвеня 1953 року, а з 3 ліпеня 1953 року пачалося выданьне беларускамоўнай раёнкі „Чырвоны сьцяг“[3]. 26 красавіка 1962 року ейны выхад быў спынены ў сувязі з рашэньнем сакавіцкага пленуму ЦК КПСС пра стварэньне наўзамен раённых міжраённых газэтаў абкамаў кампартыі і аблвыканкамаў[4]. У Пружанскім раёне з 29 красавіка 1962 пачала выходзіць газэта Берасьцейскага абласнога камітэту КПБ і выканаўчага камітэту абласнога савету дэпутатаў працоўных „Зара камунізма“ пры Пружанскай тэрытарыяльнай вытворчай калгасна-саўгаснай управе. 28 лютага 1963 року газэта стала органам партыйнага камітэту Пружанскай вытворчай калгасна-саўгаснай управы і раённага Савету дэпутатаў працоўных, а з 24 лістапада 1964 року — зноў органам раённага камітэту КП(б)Б і раённага Савету дэпутатаў працоўных (з 7 лістапада 1977 року — Савету народных дэпутатаў)[5].

12 чэрвеня 1990 року газэта атрымала назву „Раённыя будні“[5]. З 28 жніўня 1991 — орган Пружанскага раённага савету народных дэпутатаў (з 15 сакавіка 1994 — Пружанскага раённага савету дэпутатаў); з 28 чэрвеня 1996 — орган Пружанскага раённага савету дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэту[6].

У 2006 року прызнаная найлепшай раённай газэтай вобласьці[7].

У 1993—1994 роках выдавалася незалежная грамадзка-палітычная газэта „Пружанскае веча“. Заснавальнікі — Пружанская рада Беларускага народнага фронту „Адраджэньне“ і Пружанская рада Таварыства беларускай мовы[8]. Выйшлі 4 нумары[9] (жнівень[10] і лістапад 1993[11], красавік 1994[12], красавік 1995).

У 2000—2001 роках выдавалася незалежная грамадзка-палітычная газэта „Голас Пружаны“. Публікавалася дзьвюма мовамі. Выдавец — Язэп Машкала[13]. Першы нумар выйшаў 2 чэрвеня 2000 року, апошні — у верасьні 2001[14]. Месьцілася па адрасе: Пружана, вул. Заводзкая, д. 16[15].

14 чэрвеня 2001 року пачала дзейнасьць „Пружанскае раённае радыё“[5]. Закрытае ў сьнежні 2019 року[16].

Дзейнічае маскальскамоўны тэлеканал „Пружаны ТВ“ праектна-вытворчага каапэратыву „Дойлід“. Галоўны рэдактар — Іван Мартынюк[17]. Рэдакцыя разьмяшчаецца па адрасе: Пружана, вул. Горына-Каляды, д. 28[18].

  1. ^ Пра газэту (рас.). Раённыя будні. Праверана 16 студзеня 2021 г.
  2. ^ Кантакты (рас.). Раённыя будні. Праверана 16 студзеня 2021 г.
  3. ^ а б Вера Церахава. Летапіс раённых падзей // „Раённыя будні“. — 22 кастрычніка 1999. — № 84—85 (7738/39). — С. 1—2.
  4. ^ а б Крокі гісторыі // „Зара камунізма“. — 19 кастрычніка 1989. — № 126 (6652). — С. 2.
  5. ^ а б в Учреждение „Редакция газеты «Раённыя будні»“ и программы радиовещания «Пружанскае раённае радыё», г. Пружаны Брестской области (рас.) Архівы Беларусі. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі БеларусіПраверана 16 студзеня 2021 г.
  6. ^ Раённыя будні Электронны каталёг Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 16 студзеня 2021 г.
  7. ^ Раённыя будні. СМІ Беларусі. Праверана 16 студзеня 2021 г.
  8. ^ Пружанскае веча Электронны каталёг Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 16 студзеня 2021 г.
  9. ^ Пружанскае веча Вытокі Праверана 16 студзеня 2021 г.
  10. ^ Пружанскае веча, 1 Камунікат. Беларускае гістарычнае таварыстваПраверана 16 студзеня 2021 г.
  11. ^ Пружанскае веча, 2 Камунікат. Беларускае гістарычнае таварыства. Праверана 16 студзеня 2021 г.
  12. ^ Пружанскае веча, 3 Камунікат. Беларускае гістарычнае таварыства. Праверана 16 студзеня 2021 г.
  13. ^ Маёрчык, Ягор (11 красавіка 2002) Пружана. Радыё „Свабода“Праверана 16 студзеня 2021 г.
  14. ^ Супрунюк, Алег (8 сакавіка 2002) Спыняе выхад незалежная газэта „Голас Пружанаў“. Радыё „Свабода“. Праверана 16 студзеня 2021 г.
  15. ^ Редакция газеты „Голас Пружаны“, УНП 200700517 (рас.). БізІнспэкт. Праверана 16 студзеня 2021 г.
  16. ^ Учреждение «Редакция газеты «Раённыя будні» (рас.). Пружанскі раённы выканаўчы камітэтПраверана 16 студзеня 2021 г.
  17. ^ Пружаны ТВ (рас.). Пружанскі раённы выканаўчы камітэт. Праверана 16 студзеня 2021 г.
  18. ^ Наши контакты (рас.). Тэлеканал «Пружаны ТВ». Праверана 16 студзеня 2021 г.